НАРЫСЫ ГІСТОРЫІ КАРМЯНШЧЫНЫ: народная адукацыя

Паводле дадзеных Віленскай вучэбнай акругі, у Расохах у 1863 г. адкрылі народнае вучылішча. Але ж тады Расохі не ўваходзілі ў Кармянскую воласць.
У 1865 г. адкрываецца мужчынскае народнае вучылішча, якое размяшчалася ў грамадскім памяшканні. Пры вучылішчы праіснавала адзін год жаночае аддзяленне. Грошы на яго дзяржава не выдаткоўвала, сродкі – да 60 руб. – сабірала на яго патрэбы насельніцтва.
Зацвярджэнне “Правілаў аб царкоўнапрыходскіх школах” у 1884 г. дало магчымасць пашырыць сетку школ у воласці.

Вывучэнне Закону-Божага ў народным вучылішчы
Вывучэнне Закону-Божага ў народным вучылішчы
гімназісткі 19 ст
гімназісткі 19 ст
Рогачев, училище реальное (старое фото или рисунок)
Рогачев, училище реальное (старое фото или рисунок)

У 1888/89 навучальным годзе ў Кармянскай воласці налічвалася 14 школ, чатыры з іх – царкоўнапрыходскія. У іх налічвалася ўсяго 300 чалавек. І гэта ў той час, калі большасць насельніцтва не мела адукацыі! Заняткі пачыналіся 1 кастрычніка пасля заканчэння палявых работ. Выкладанне вялося выключна на рускай мове. Над работай школы быў пастаянны нагляд царквы і паліцыі. Шмат вычэбнага часу адводзілася Закону Божаму. Бібліятэк не было. На тэрыторыі воласці ў гэты ж тэрмін дзейнічалі 9 цэркваў і 3 сінагогі.
Кармянскае мужчынскае народнае вучылішча адкрыта ў 1865 г. Яно знаходзілася ў грамадскім доме. На ўтрыманне вучылішча штогод адпускалася 175 руб. з дзяржаўнага казначэйства. Настаўнік вучылішча з 1 верасня 1865 г. – Л. Р. Глыбоўскі, які закончыў Магілёўскую духоўную семінарыю. Утрыманне: 150 руб. у год і кватэра. Законанастаўнік з 1 лістапада 1872 г. святар Даніла Іванавіч Шышковіч, які закончыў Магілёўскую семінарыю. Жалаванне – 25 руб. у год.
Кармянскае жаночае народнае вучылішча было адкрыта ў 1865 г. і размешчана ў тым жа доме, што і мужчынскае вучылішча. На ўтрыманне яго мясцовае сялянскае таварыства штогод адпускала 60 руб. Настаўнічала ў ім С. Р. Глыбоўская. Яна закончыла Буйніцкае вучылішча для дзяўчат духоўнага звання. На пасадзе – з 1 кастрычніка 1865 г. Утрыманне: 60 руб. у год і кватэра.
Рэкта – Бычанскае народнае вучылішча Рэкцянскай воласці, сяло Быч (цяпер Акцяброва) адкрыта ў 1851 г., знаходзілася ў грамадскім доме. На ўтрыманне вучылішча штогод адпускалася 251 руб., сабраныя з былых дзяржаўных сялян. Настаўнік вучылішча з 1 кастрычніка 1873 г. – Міхаіл Аўксентавіч Яндоўскі. Ён закончыў Магілёўскую семінарыю. Утрыманне: 150 руб. у год і кватэра. Законанастаўнік – святар Іерафей Іванавіч Саульскі, закончыў Магілёўскую семінарыю. Жалаванне – 25 руб. у год.
У апошняй чвэрці ХІХ ст. былі адкрыты царкоўнапрыходскія школы і школы пісьменнасці, аб чым сведчыць справаздача за 1888/89 навучальны год.
Царкоўнапрыходская школа ў ваколіцы Кароцькі знаходзілася ў сялянскім доме бясплатна. Настаўнікам і законанастаўнікам быў дыякан Яўграф Раманоўскі. Ён атрымліваў 40 руб. за вучэбны перыяд. Ва ўстанове навучалася 27 хлопчыкаў, дзяўчынкі не вучыліся.
Школа пісьменнасці ў ваколіцы Кароцькі размяшчалася таксама ў сялянскай хаце бясплатна. Настаўнічаў селянін Апанас Караткевіч, які атрымліваў ад бацькоў вучняў 25 руб. за вучэбны перыяд. Вучыліся 12 хлопчыкаў.
Царкоўнапрыходская школа ў вёсцы Сырская Буда была арганізавана ў наёмным доме. Настаўнічаў былы унтэр-афіцэр Павел Зайцаў, які атрымліваў за гэта ад таварыства 25 руб. У школе займалася 16 хлопчыкаў.
Школа пісьменнасці ў ваколіцы Сапажкі знаходзілася ў сялянскім доме бясплатна, настаўнічаў былы унтэр -афіцэр Сямён Емяльянаў. Бацькі вучняў плацілі яму па 50 кап. Вучыліся 15 хлопчыкаў і 1 дзяўчынка.
Школа пісьменнасці ў вёсцы Сырск была размешчана ў наёмным доме. Настаўнічаў селянін Канстанцін Фёдараў. Ён атрымліваў 15 руб. за навучанне 21 хлопчыка.
Ператвораная царкоўнапрыходская школа ў вёсцы Ліцвінавічы знаходзілася ў пабудаваным для яе доме. Настаўнічала Валянціна Лепяшынская, якая заканчвала Магілёўскае жаночае духоўнае вучылішча і за работу атрымлівала ў год 100 руб. ад таварыства. Выкладаў закон Божы святар Мікалай Лепяшынскі. Вучыліся 21 хлопчык і 1 дзяўчынка.
Царкоўнапрыходская школа ў вёсцы Ворнаўка адкрыта ў 1889 годзе. Размяшчалася ў сялянскай хаце. З 1910 г. навучанне ў школе стала бясплатным.
(Паводле: В. Філімонава. Раённая кніга “Памяць”, ст . 55 – 56.).

Падрыхтаваў Валерый Варганаў,
настаўнік гісторыі Ворнаўскай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"