Конкурс «Гавары са мной па-беларуску»

IMG_0068У пятніцу, 21 красавіка, на базе Кармянскага РЦТДіМ адбыўся раённы этап абласнога конкурсу рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску”, які праходзіў сярод навучэнцаў 8-10 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Традыцыйна ён праводзіцца з мэтай развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу вучняў, павышэння агульнага культурнага ўзроўню гаварэння, фарміравання ў навучэнцаў спецыяльных камунікатыўных уменняў і навыкаў, выяўлення здольных і лінгвістычна адораных дзяцей.

Як звычайна, конкурс праходзіў у два этапы.

Першы этап – мультымедыйнае эсэ, якое складалася з вуснага выступлення вучня на агульную тэму, а таксама адказ на пытанні членаў журы. Так, у суправаджэнні прэзентацыі вучні 8 класа распавядалі пра пачуцці, абуджаныя словамі Якуба Коласа “Вучыў мяне лес пазнаваць прыгоства, суладнасць і чары прыроды”, дзевяцікласнікі выказвалі свае думкі, выкліканыя вершам Янкі Купалы “Любімосць, мае суседзі, кіньма сваркі, звадкі, жыйма, як родныя дзеці адной нашай маткі!”, а дзесяцікласнікі раскрывалі сваё бачанне радкоў гэтага ж аўтара “Ішоў прарок пясчанай сцежкай з навукай новаю к людзям”. Здавалася б, тэмы агульныя для ўсіх, але кожны ўдзельнік здолеў знайсці ў іх сваё, адметнае, не падобнае да іншых, укласці асабливае разуменне і свае думкі. Дарэчы, правілы конкурсу не забараняюць выкарыстанне аркушаў з падказкамі, аднак менавіта вуснае маўленне пакідае ўражанне найбольш адказнай і сур’ёзнай падрыхтоўкі. Адразу адзначу, што не ўсе ўдзельнікі заглядвалі ў напісаны тэкст, але толькі Наталля Караедава (Ліцвінавіцкая сярэдняя школа, 9 клас) здолела выйсці на сцэну без яго – і выступіла не менш прыгожа і натхнёна. Варта сказаць, што ўвогуле, дзякуючы эмацыянальным, прадуманым, творчым прамовам, конкурс пакінуў вельмі добрае ўражанне.

IMG_0092

Другі этап – вуснае выказванне-экспромт на адну з прапанаваных у білетах тэму – быў больш цяжкім для школьнікаў. Ва ўмовах конкурсу не даводзілася разлічваць на дапамогу педагогаў. На жаль, не ўсе здолелі пазбегнуць русізмаў і звязна выказаць свае думкі. Аднак і з гэтым заданнем юныя рытары ў большасці сваёй справіліся на высокім узроўні, раскрыўшы талент мастацкага слова і непасрэдна рытарычнага майстэрства.

Па выніках двух этапаў пераможцамі сталі Наталля Каваленка (8 клас, Струкачоўскі ДССШ), Вераніка Шаферава (9 клас, гімназія), Ірына Прусава (Ворнаўская сярэдняя школа).

Дарэчы, 29 красавіка  ў г. Гомель адбудзецца абласны этап конкурсу рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску”. Пажадаем нашым удзельнікам выступіць гэтак жа прыгожа, эмацыянальна, натхнёна і дасягнуць высокіх вынікаў.

Алеся Шуцікава

Фота аўтара

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"