Нарысы гісторыі Кармяншчыны

ЦІ ЎДЗЕЛЬНІЧАЛІ НАШЫ ЗЕМЛЯКІ Ў ПАЎСТАННІ 1863 – 1864 гг?

Гэтае пытанне выклікае вялікую цікавасць у нашых чытачоў і далёкае да поўнага вырашэння. Але часткова на яго мы можам адказаць. Для гэтага звернемся ў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, дзе захоўваецца цікавы дакумент: “Списки помещиков для взыскания денег на постройку мостов и телеграфных сообщений, рапорта и донесения о причиненных повреждениях мятежниками в 1864 году. Списки помещиков – владельцев имений по Могилевской губернии.” (фонд 2001, вопіс 1, справа 955). Спынемся на адным з момантаў тых падзей… Але пра ўсё сваёй чаргой.

pocztowka-1863Як вядома, у 1863–1864 гг. успыхнула нацыянальна-вызваленчае паўстанне ў Польшчы, Літве і Беларусі. Асноўнай формай барацьбы паўстанцаў было дзеянне асобных партызанскіх атрадаў і дыверсійных груп. У нашай мясцовасці, напрыклад, сярод іх вядомасць атрымалі чэрыкаўскі і рагачоўскі атрады. Як адзначалася ў справаздачы 3-га аддзялення за 1863 г.: “Характер собственно военных действий мятежников в Северо-Западном крае был чисто партизанский. Местные топографические условия, лазутчики, набираемые волею или неволею между крестьянами и евреями, в особенности же помещики, арендаторы и управители, однодворцы поддерживали усилия мятежников. Лесные дебри укрывали их от преследования войск, а подводы жителей служили пособием и даже средством для быстрых передвижений… При неудачах шайки распадались и рассеивались по окрестностям, условившись относительно сборных пунктов. Устрашенные угрозами и беспощадными расправами, крестьяне большей частью хранили полную тайну и скрывали под страхом смерти следы мятежников. Войска утомлялись бесполезными преследованиями, но всякая встреча с шайками заканчивалась разбитием оных.» (Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі. Т. 2. Мн., 1940).
Мінскі жандарскі штаб-афіцэр Б. Рэйхарт даносіў В. А. Даўгарукаму, што ў нашым павеце “…по местечкам и деревням, более между католиками, показываются агенты для возмущения жителей; везде заметно брожение. Участие в беспорядках принимают: католическое духовенство, незначительное количество помещиков, большая часть местных чиновников, молодые люди, не кончившие курса университетов и гимназий, городские жители, мастеровые, шляхта и наконец… ученики…» (РДГА. Ф.109 1 эксп. СПР. 23 Ч. 16. Л 4 – 8). А сяляне па-свойму рэагавалі на падзеі: «Крестьяне объявили неповиновение экономиям: повинности не отбывают, оброка не платят, рубят лес как свою собственность и в довершение до всего врываются в помещичьи дворы, производят обыски, вяжут и хватают их служащих и истязаются над ними под предлогом того, что служащие, как и помещики, подозреваются ими в злонамеренных стремлениях.» (ДГА Литвы Ф. 378. Воп. 19. Спр. 98. Л. 9 – 10). Сяляне бачылі ў паўстаўшых панах сваіх прыгнятальнікаў. Гэта і стала адной з прычын паражэння паўстання.
img233Вернемся да заяўленага пачатку артыкула, дакумента. Скончыўся 1863 мяцежны год. Галоўныя зачыншчыкі паўстання у асноўным зной-дзены, схоплены і ўжо пакараныя. Начальства ўспомніла пра ўчыненую шкоду змоўшчыкамі і бунтаўшчыкамі. Пачалі збіраць дадатковыя звесткі, вывучалі даносы…
Вось, напрыклад, з тэлеграфнай станцыі Магілёва паступае рапарт ад 4 красавіка 1864 г.: “…повреждено телеграфное сообщение между Могилевом и Бобруйском от станции Селец до станции Чечевицы — 25 апреля 1863 г., срублено 3 столба и один столб при мосту у реки Друть и перерублены провода… “. Іншыя ведамствы дакладвалі, што, напрыклад, “…сожжено 2 моста на Московско-Варшавском шоссе…”.
З Вільні ад генерал-губернатара ў адрас губернатара Магілёўскай губерні 28 мая 1864 г. даецца даручэнне: “…восстановление переправ через реки Друть и Волчец на Московско — Варшавском шоссе обошлось в 9396 руб. 90 коп., и требуется немедленно распорядиться по взысканию этих денег с помещиков польского происхождения и шляхты тех уездов, где сожжены мосты, и отослать деньги по мере взыскания в Главное Управление Путей Сообщения”.Падобныя даручэнні тычыліся сялянскіх грамад (сельских обществ) і былі прысвечаны “разрабаванай маёмасці”. У сваю чаргу 30 чэрвеня 1864 г. губернатар Магілёўскай губерні даводзіць да ваенных павятовых кіраўнікоў раскладку для збору грошай і “предписывает о неотложном взыскании”.
Толькі са шляхты і памешчыкаў Рагачоўскага павета планавалася спагнаць 2111 рублёў. Аналіз гэтых спісаў і раскладкі дазваляе зрабіць выснову, што туды трапілі не толькі памешчыкі-шляхта і шляхта, але і асобы, якія не былі датычныя да паўстання. Так, туды памылкова патрапіў Іолшын Васіль (правадыр Рагачоўскага дваранства, пазней ён быў узнагароджаны медалём у гонар “Усмирения мятежа 1863-64 гг.”) з жонкай Варварай, а таксама іх дзеці – уладальнікі маёнтку з сялянамі. Але ў спісах для пакарання былі не толькі каталікі. Патрапіў у раскладку і праваслаўны святар ў Навасёлках… Была яшчэ адна цікавая акалічнасць: на ўсіх, хто быў удзельнікам паўстання альбо яму спачуваў ці аказваў дапамогу і садзеянне, у раскладцы вызначаўся павышаны памер да спагнання. Знаёмячыся са спісам, звярніце ўвагу і на лёс некаторых фігурантаў. Прыводзім не толькі па населеных пунктах Кармяншчыны, але і Рагачоўскага павету, бо фігуруюць тут прозвішчы, роды якіх так альбо інакш звязаны з нашай мясцовасцю. Вось вытрымка з гэтага спісу (падаецца на мове арыгіналу):
“…6. Наследники Булгак Игнатия – ф. Мыза, Добосна и деревни – 184 руб.
8. Борисович Владислав – ф. Хмеленец с деревней – 30 руб.
10. Богуш Иван – д. Каменка – 19 руб.
14. Быковский Михаил – м.Корма с дер. – 36 руб.
24. Выковский Владислав – ф. Виков, дер. Зборов и Ходосовичи – 71 руб.
25. Выковский Иосиф – с. Рассохи с дер. – 73 руб. – выслан в админ.порядке в Оренбургскую губернию
30. Гулембатовский Анатолий – ф. Федоровка – 28 руб.
34. Грушецкий Игнат – ф. Гатье с дер. – 48 руб
35. Грабовская Варвара – д. Антоновка – 48 руб.
43. Гижицкий Фаустын – д. Дербичи – 21 рубль.
52. Дерналович Фадей – д. Струкова и др. – 141 руб
54. Дерналович Цезарий, Владимир и Северин – с. Рогинь и дер. – 101 руб.
60. Езерский Григорий – слобода Катринполье – 15 руб.
61. Езерский Иосиф и Фаустын – ф. Окшинки – 20 руб.
63. Дернилова Марья и наследники – ф. Гутинец – 15 руб.
69. Жуковская Клеотильда – ф. Святой и д. Семеновка – 58 руб.
70. Жуковский Иосиф и Иван – ф. Малевичи, с. Малевичи с дер. – 67 руб.
71. Жуковский Александр – ф. Веселов с дер. – 18 руб.
76. Жуковская Вильгельмина – ф. Юзика и д. Науховичи – 26 руб.
103. Козарнова Юлия – ф. Высокое – 17 руб.
117. Монкевич Ванда – ф. Тересполье и д. Берестовица – 19 руб.
130. Оскерко Иван – м. Тихиничи и ф. Лейчицы и пр. – 156 руб.
135. Парчевский Антон – имение Адалин, ф. Шерехов с дер. – 21 руб.
138. Печковская Анна – ф. Станьков – 18 руб.
140. Печковская Варвара и Екатерина – Старое Село – 42 руб.
152. Солтан Станислав – с. Надейки, ф. Еленцы – 122 руб.
155. Сеноженцкий Войнич Оттон – с. Бартоломеевка и ф. Воробьев – 30 руб.
img172Па кожнаму з гэтых прозвішчаў можна зрабіць асобныя даследванні і выявіць больш дакладную і канкрэтную сувязь з паўстаннем 1863–1864 гг. І яшчэ адна акалічнасць – незразумела, кім складаўся гэты спіс (раскладка). Мяркуем, што дадзеныя на памешчыкаў (і не толькі) браліся ў губернскіх установах, бо тут паказаны зеўлеўладальнікі незалежна ад колькасці зямлі, тут ёсць і дробнапамесная шляхта і буйныя землеўладальнікі тыпу Солтана, Сенажэнцкіх, Аскеркаў, Фіцінгофа, Дзерналовічаў, Быкоўскіх і іншых.
Мяркуем, што спіс можа быць цікавым даследчыкам мясцовай гісторыі, а таксама нашчадкам фігурантаў, прадстаўленых у дакуменце.
(Працяг тэмы ў наступным выпуску)

За старонкамі тапанімічнага слоўніка

Хто былі нашы далёкія продкі?

(Пряцяг. Пачатак у №15 ад 15 красавіка)
Нагадваю, што у гэтым матэрыяле мы спрабуем высветліць, якая сувязь існуе паміж населенымі пунктамі нашага раёна Халапаўка, Рудня і горадам Жлобін.
У канцы XI ст. у “Павучанні Уладзіміра Манамаха” згадваецца горад Халеп у Кіеўскай зямлі (у наш час – сяло Халеп’е). Далей на поўнач, у беларускай частцы Падняпроўя, мы бачым не толькі таямнічы Хлепен (Хлепень), але і айконімы Ха́ліпы (вёска каля пасёлка Дрыбін Магілёўскай вобл.), Халоблін (в. Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобл.), Халапы́ (пасёлак, які існаваў у Краснапольскім раёне Магілёўскай вобл.), наша в. Халапаўка. Падобныя назвы фіксуюцца таксама ў басейнах Заходняй Дзвіны і Прыпяці: Ха́ліпы (вёска Гарадоцкага раёна Віцебскай вобл.), Халя́пінка (пасёлак Талачынскага раёна Віцебскай вобл.), Халап’я́ (вёска Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобл.), Хлу́пін (вёска Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобл.).
Усе згаданыя тут факты сведчаць аб пераемнасці насельніцтва ў шырокім арэале Паўночнага Прычарнамор’я і аб тым, што гэтую тэрыторыю, безумоўна, закраналі культурныя ўплывы, якія ішлі з поўдня яшчэ з часу першага вядомага ў гісторыі “перасялення народаў” ў сярэдзіне II тыс. да н. э.
Што ж датычыць Хлепена, то нас не павінна бянтэжыць, што ён згадваецца толькі ў канцы XV ст. Адно і тое ж геаграфічнае імя можа на працягу стагоддзяў звязвацца ў пэўнай мясцовасці з некалькімі пасяленнямі, якія змяняліся адно адным у ланцужку часу. Гісторыя імёнаў і гісторыя канкрэтных пасяленняў не заўсёды супадаюць.
Звернемся цяпер да аналізу геаграфічнай назвы “Жлобін”. У гэтым айконіме нярэдка імкнуцца ўбачыць значэнне прыналежнасці (Жлобін – “пасяленне Жлобы ці Злобы”), але такое тлумачэнне, на думку А. Рогалева, абумоўлена спрошчаным успрыманнем суфікса -ін (толькі з улікам яго больш вядомага значэння). Гістарычна суфіксы -ін, -ын, а таксама -аў, -оў, -еў утваралі не толькі прыналежныя прыметнікі, але і адносныя з тапаграфічным значэннем.
“Замак Злобін” згадваецца ў лісце наказнога гетмана Івана Залатарэнкі цару Аляксею Міхайлавічу ад 15 ліпеня 1654 года. Мена гукаў [з] // [ж] у складзе геаграфічных назваў на тэрыторыі Усходняй Славіі з’яўляецца даволі частай, таму пераўтварэнне назвы Злобін у Жлобін не павінна бянтэжыць.
Наяўнасць формы Злобін дае магчымасць супаставіць яе з народнымі геаграфічнымі тэрмінамі злобак, злобец, злобка, узлобак – “горка, узгорак”. Такім чынам назва Злобін (Жлобін), на наш погляд, гістарычна з’яўлялася адносным прыметнікам і павінна разумецца як “пасяленне на злобе”, гэта значыць на ўзвышшы, на высокім дняпроўскім беразе.
Цяпер вернемся да нашай мясцовасці. На нашу думку сувязь паміж Халапаўкай і Жлобінам (Злобінам) відавочная і звязана не толькі геаграфічна і падабенствам (а, магчыма, і агульнасцю паходжання), але і старажытным заняткам пасяленцаў – здабычай жалезнай (“зялезнай”) руды і выплаўкай жалеза. Тут побач знаходзіцца і вёска Рудня.
Адбылася таксама трансфармацыя назваў “Халеп” (якое са старажытнасці азначала “жалеза”) – “Хелеп” – “Хлёпін” – “Хлопін” (магчыма, “Холап” — “Холапін”) – “Халапаўка” (“Хулапаўка”) (“месца, дзе некалі жылі халапы, холапы ці хулапы” – так, напрыклад, старажылы тлумачылі паходжанне назвы гэтай вёскі). Выкажам меркаванне, што ў народзе “холапамі” называлі тых, хто здабываў жалезную руду ці плавіў жалеза. Праходзіў час, мянялася насельніцтва. Новыя плямёны і этнічныя групы змянялі існуючыя назвы, прыстасоўваючы пад сваё, захоўваючы зыходны корань, аснову. А продкі населенага пункту Жлобін мелі прозвішча “Жлоба”. У якасці гіпотэзы можна таксама прасачыць такую сувязь у паходжанні прозвішча “Жлоба”: корань “жлоб” (“злоб” альбо “золоб”) можа мець старажытнае змененае сугучча са словамі “зялеза” (жалеза”). Магчыма таксама і продкі носьбітаў прозвішча “Холапаў”, якое сустракаецца ў нашай мясцовасці, маюць сувязь з Халапаўкай ці холапамі (“зялезаробамі”).

Падрыхтаваў В. Варганаў, настаўнік гісторыі Ворнаўскай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"