НАРЫСЫ ГІСТОРЫІ КАРМЯНШЧЫНЫ: выбары Прадвадзіцеля ў1863 г.

У сакавіку 1863 г. дваране Рагачоўскага павета выбіралі сабе Прадвадзіцеля.

У спіс да балатавання былі ўключаны:
– калежскі рэгістратар Аскерка Іван Рафаілавіч
– губернскі сакратар Выкоўскі Іосіф Кірыянавіч
– калежскі сакратар Хмызоўскі Севярын Аляксандравіч.
Прадвадзіцелем павятовага дваранства быў абраны І. Р. Аскерка, які набраў 30 выбарчых балаў пры 2-х адсутных. Спіс падпісалі дваране, у тым ліку: Міхась Драбышэўскі, Іван Эрдман, абшарнік Эдуард Жукоўскі – за сябе і за Аляксандра Сенажэнскага, абшарнік Аляксандр Жукоўскі, Міхась Войніч-Сянажэнцкі, абшарнік Яўген Войнічаў-Сянажэнцкі (так у справе, – В.В.), абшарнікі Іван Богуш, Іван Аскерка, Міхась Солтан, Іосіф Выкоўскі, Фёдар Карчэўскі і інш., а ўсяго 26 подпісаў.
Таксама праходзілі выбары ў павятовыя суддзі, засядацелі грамадзянскага суда, засядацелі земскага суда, у дэпутаты губернскага дваранскага збору.
Але нядоўга быў Іван Рафаілавіч Аскерка Прадвадзіцелем, яго абвінава-цілі ў спачуванні ўдзельнікам паўстання. У выніку ад сваёй пасады быў вызвалены. Афіцыйная прычына – хвароба (прашэнне ад 12 красавіка 1863 г.). У снежні 1863 г. на гэту пасаду быў абраны Васіль Васільевіч Іолшын, штабс-ротмістр, праваслаўнага веравызнання.
У верасні 1863 г. ужо пасля выбараў і хваляванняў у адрас Магілёўскага губернатара А.П. Беклямішава ад Галоўнага начальніка Віцебскай і Магілёўскай губерняў генерала ад інфантэрыі Мураўёва М.Н. прыходзіць выпіс пра правіны станавога прыстава С.Я. Навагонскага і міравога пасярэдніка М.В.Сіксцеля:
“1.Былы Рагачоўскі станавы прыстаў С.Я. Навагонскі, прызначаны засядацелем суда, неаднаразова знаходзіўся пад судом і следствам па вельмі непрыстойных справах і яшчэ нядаўна быў у зносінах з расстраляным мяцежнікам Грыневічам.
2.Міравы пасярэднік М.В. Сіксцель не выдаваў сельскай варце атрымоўваемыя ім з казны на гэты прадмет грошы, марнуе іх і ўзбуджае нараканне і незадавальненне варты.”
У адказе па Навагонскаму гаворыцца: “звестак пра зносіны з Грыневічам няма, гэта ўсё інтрыгі сяброў Грыневіча”; і прыкладаецца яго фармулярны спіс за 1863 г. (НІАБ, фонд 2001 оп.1 д. 926).
На баку ўрада
А ў 1863 годзе ў разгар паўстання ўрад нават мабілізаваў праваслаўных беларускіх сялян і старавераў у рэгулярныя атрады для барацьбы з паўсталымі. Атрады сялянскай міліцыі ствараліся, напрыклад, пад Чачэрскам і ў Ціхініцкай воласці і адпраўляліся пад Магілёў. А “казённыя сяляне” з Азяран, “праваслаўныя, непісьменныя” – Герасім Кавалев, Адам Еўдакімаў, Адам Ціраков і Міхась Лук’янаў – за садзейнічанне ў паімцы паўстанцаў Астровілаўскага, Грыбоўскага і Пагаскага пасля перастрэлкі з атрадам Грыневіча пры Токшыцах, былі ўзнагароджаны медалямі “За стараннасць” .
Адмысловай стараннасцю ў барацьбе з “палякамі” адрозніліся гомельскія і веткаўскія стараверы. Стараверы Гомеля на свае ўласныя грошы падрыхтавалі конную паўсотню ратнікаў. З сялян павета было сфармавана 4 атрада колькасцю ў 800 чалавек, якіх высунулі да меж неспакойных Рагачоўскага і Рэчыцкага паветаў. Ва ўсіх вёсках па начах сяляне выстаўлялі ўзброеную варту. Гэта таксама паўплывала на няўдачы паўстання ў нашым рэгіёне.

28e1e79b0ec324da0164f8d8b7c90be1Як склаўся лёс нашых землякоў – удзельнікаў паўстання 1863 – 1864 гг?

Схопленыя ўдзельнікі паўстання былі высланы ў падаленыя губерні Расійскай імперыі, а іх маёнткі былі канфіскаваны. У спісе зняволеных паўстанцаў рагачоўскага павета ад 23 красавіка 1863 года, якія сталі вязнямі Магілёўскага астрогу, можна пабачыць наступныя прозвішчы: Аляксандр Жукоўскі, Эдвард Ганіпроўскі, Владыслаў Сіпайло, Сымон Багушэвіч, Владыслаў Сутан. У ім можна знайсці Аляксандра Жукоўскага, пра якога ўзгадвалася вышэй. Быў высланы на катаржныя працы Дзержаноўскі.
Сем’і паўстанцаў адпраўляліся ў ссылку разам з жанчынамі і дзецьмі. Паводле розных дадзеных – у Арэнбургскую ці Астраханскую губерні. І тая, і іншая мясцовасць здаровым кліматам не адрозніваліся, і можна з упэўненасцю выказаць здагадку, што далёка не ўсё са ссыльнапасяленцаў там выжылі…
Прычым “руплівы” царскі ўрад адправіў людзей па этапу за іх жа кошт – на грошы, атрыманыя ад продажу канфіскаванай маёмасці. Так былі высланы сем’і Антушэвічаў, Жолтакаў, Гурскіх, Ліпскіх, Грахоўскіх.
Як паведамляюць «Магілёўскія губернскія ведамасці» за 1865 год, у Царскім сяле была адкрыта царква Аляксандра Неўскага, асвячоная святаром з Кісцянёў Александрам Цітовічам.
Знаходзячыся ў астрозе, Томаш Грыневіч, якому было тады 48 год, 1 чэрвеня 1863 года, напісаў верш. У ім ёсць такія радкі: “Цела губячы тут ў змроку, духам мацуем слабую сілу…”. Паўстанец верыць, што горача любімая радзіма яшчэ расквітнее ў “братнім саюзе славянскай сям’і”. Яшчэ Грыневіч пакінуў пасля сябе некалькі малюнкаў. На адным – зброя паўстанцаў, у тым ліку і самадзельныя коп’і “касінераў”, зробленыя з сялянскіх кос. На другім – магільны крыж, прыкаваны да зямлі якарам…Томаш Грыневіч быў расстраляны 16 ліпеня 1863 г. у Рагачове. Згодна з паданнем, цэлы батальён салдат прамаршыраваў па яго магіле, каб зраўняць яе з зямлёй.
Аб удзеле ў паўстанні шляхты Рагачоўскага павету памятаюць і некаторыя яе нашчадкі. Як прыклад, Аляксандр Несцярук распавядае: “Продкі жылі ў Рагачоўскім павеце ў вёсцы Сенажаткі і каля яе. Працавалі на зямлі, якую больш арандавалі, бо ўлады не дазвалялі каталікам мець зямлю ва ўласнасці. Дзед маёй бабулі па матчынай лініі Грахоўскі Аляксандр у 1863 годзе быў абвінавачаны ў тым, што рабіў на сценах пабудоў у вёсцы Сенажаткі надпісы супраць царскіх уладаў. Быў асуджаны, пазбаўлены маёмасці і высланы ў Польшчу.”
Таксама знакаміты прыклад – у сям’і Уладзіміра Караткевіча захоўвалася легенда, што яго продак па матчынай лініі Грынкевічаў быў удзельнікам паўстання 1863 г. Пісьменнік верыў, што гэтым продкам быў той самы Томаш Грыневіч, інфармацыю пра якога дапамог знайсці даследчык Адам Мальдзіс – у рукапісным аддзеле бібліятэкі ў Варшаве ён знайшоў “Нататнік паўстанца 1863 года ў Магілёўскай турме”. У нататніку ўзгадвалася прозвішча Грыневіча і яго верш “Песня прыгаворанага да смерці…”
На жаль, іншых звестак аб удзеле рагачоўскай шляхты ў паўстанні мы не маем. А чаму паўстанне 1863 г. слаба распаўсюдзілася на Усход Беларусі? Магчыма з-за таго, што мясцовыя ўлады на гэтай тэрыторыі (як, напрыклад, у Рагачоўскім павеце) умела скарысталіся інфармацыяй, якую таемна выведвалі. Імі былі зроблены ўдалыя прывінтыўныя захады яшчэ напачатку, каб нейтралізаваць будучых паўстанцаў, іх кіраўніцтва і не даць самаарганізавацца. Пазіцыя сялян была антышляхецкай, чым скарыстаўся таксама царскі ўрад. Сяляне бачылі ў паўстанцаў польскіх прыгнятальнікаў, якія жадалі вярнуць ім прыгон, а таму выдавалі іх царскім жаўнерам. А хутчэй і з-за таго, што вялікая колькасць шляхты Рагачоўскага павета па пэўных меркаваннях удзельнічала ў падаўленні паўстання. Чаму так адбылося, што шляхта стаяла па розныя бакі, гэта ўжо больш складанае пытанне, якое заслугоўвае асобнай увагі.
Ёсць таксама асобныя ўскосныя звесткі аб ўраджэнцах Рагачоўскага павету і Кармяншчыны, якія былі вязнямі Магілёўскага астрогу альбо былі высланы ў Сібір. Напрыклад, аб “ссылаемом на житье (У Арэнбургскую губерню, – В. В.) арестанте, политическом преступнике Иосифе Лионове Шацилло 23 лет из дворян Могилевской губ., Рогачевского уезда” (Фонд Ф-3, опись 36, ОЦ. Томское губернское правление. Экспедиция о ссыльных 1 стол. Дело 299).
Але гэтыя і іншыя звесткі патрабуюць далейшага ўдакладнення і пошукаў у архівах, і не толькі Беларусі, але і Расіі.

Падрыхтаваў В. Варганаў, настаўнік гісторыі
Ворнаўскай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"