Парад кірмашовых свят у Кармянскім раёне

У Барсуках сустракалі кашай…

IMG_4499Кашы з розных круп: грачанай, ячневай, маннай, аўсянай, прасянай, жытняй прапанавалі адведаць жанчынкі з Барсукоў.
Тут каля Барсукоўскага сельскага Дома народных абрадаў і традыцый прайшло свята кашы. Нас сустракалі вясёлыя скамарохі, якія наладзілі гандаль гароднінай, сланечнікавымі семкамі, рознымі прысмакамі, выпячкай. Тут жа развярнулася імправізаванае падвор’е з глінянымі гаршкамі, з багата накрытым сталом, печчу. Пачалося прадстаўленне. Яно абапіралася на казку пра бабу і салдата, які ішоў з далёкага паходу і зайшоў па дарозе да бабкі – папрасіў, каб тая накарміла, напаіла. Старая ж прыкінулася глухой і ўсяляк спрабавала выправадзіць ваяку. Той жа з сапраўднай байцоўскай кемлівасцю прапанаваў зварыць кашу з тапара. Думаю, што ўсім вядомы працяг гэтай казкі. Добра паснедаўшы кашай з тапара, салдат адправіўся далей. А арганізатары свята пачалі праводзіць розныя віктарыны, загадваць загадкі, агучваць прыказкі і прымаўкі. Тэма ўсёй гульні будавалася на кашы, а дакладней – розных яе гатунках. Самыя кемлівыя і здагадлівыя былі ўзнагароджаны важкім пакетам з крупой. Весела было ўсім. Затым гасцінныя гаспадары запрасілі паспрабаваць смакату, якой быў повен стол, і галоўнай тут была, зразумела ж, каша.
Затым адбыўся канцэрт, складзены з жартоўных песень, які майстэрскі і з тонкім гумарам выканалі ўдзельнікі фальклорнага ансамбля “Вытокі”.

… у Каменцы — блінамі

IMG_4599 Блінцамі і аладкамі сустракалі гасцінныя ўдзельнікі вакальнага ансамля “Элегія” Каменскага сельскага Дома культуры ўсіх, хто прыйшоў на свята.
На прыгожым, аздобленым рознакаляровымі кветкамі двары сабраліся і старыя, і малыя. Тут жа ішоў гандаль вырабамі, якія зрабілі майстры рамяства. Напрыклад, майстар Юрый Бондараў прапанаваў вырабы з дрэва. Яны выкананы прафесійна, а цана была даволі прымальная. Такую прыгажосць можна паказваць на святах даволі высокага ўзроўню. IMG_4612Пачалося свята. Вясёлыя скамарохі і супрацоўнікі бібліятэкі і Дома культуры праводзілі розныя гульні, спаборніцтвы. Пераможцы атрымоўвалі ў якасці ўзнагароды смачныя бліны. А іх тут было шмат: з грыбамі, яблыкамі, тварагом, смятанай, мёдам, мясам, капустай, бульбай. Нават зяць, які прыйшоў у госці да цешчы на бліны, застаўся вельмі задаволены. Яна змагла зяцька накарміць, як кажуць – ад пуза.
Затым гасцям быў прапанаваны канцэрт. І фінішавала свята вялікім і багатым застоллем.

Віктар Ільюшчанка,

фота аўтара і М. Багдановіча

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"