Рэкі Кармяншчыны

Паважаныя чытачы! Сёння мы пачынаем знаёміць вас з рэкамі нашай Кармяншчыны. Менавіта назвы рэк маюць самае старажытнае паходжанне ў параўнанні з іншымі. Менавіта па рэках ішло рассяленне людзей па мясцовасці, рэкі былі і дарогай у свет, і кармілі… І мелі вялікае містычнае значэнне (пра што пойдзе гаворка крыху пазней). Нагадаем жа кораценька пра іх.
Аўсовіна, Няцеч – рака ў Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці і Кармянскім раёне Гомельскай вобласці, правы прыток ракі Сож (басейн Дняпра). Даўжыня 18 км. Плошча вадазбору 48,5 км². Сярэдні нахіл воднай паверхні 1,4 %. Пачынаецца каля вёскі Церахоўка Слаўгарадскага раёна, упадае ў Сож каля вёскі Студзянец Кармянскага раёна. Ад вусця да вёскі Лабыроўка на працягу 5,4 км быў праложаны канал.

image
Назва ракі звычайна звязваецца з раслінай “авёс”. Паводле іншай версіі, яна мае адценне, як у аўса.
Бычанка, канал Бычанка – рака ў Кармянскім раёне Гомельскай вобласці, правы прыток ракі Касалянка. Даўжыня 10 км. Пачынаецца за 3 км на захад ад вёскі Акцяброва (Быч), вусце за 1 км на паўночны захад ад вёскі Косальскі Прудок. На працягу ўсяго рэчышча быў пракладзены канал. Паводле некаторай інфармацыі, у асобных мовах слова “быч” азначае “вільгаць”, “вада”.
Гадка – рака, якая працякае ў мясцовасці вёскі Задуб’е, называецца так таму, што кожную вясну разліваецца і пакідае пасля сябе шмат гразі. Паводле іншай версіі, там вадзілася шмат “гадаў” (паўзуноў, змей і г. д.).
Горна, канал Горна – рака ў Кармянскім раёне Гомельскай вобласці, правы прыток ракі Сож.
Даўжыня ракі 20 км. Плошча вадазбору 109 км². Сярэдні нахіл воднай паверхні 1,8 м/км. Пачынаецца за 2 км на поўдзень ад вёскі Багданавічы, вусце за 3,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Ворнаўка. Ад вытоку да сажалкі ў вёсцы Расохі (11,3 км) рэчышча каналізаванае.
Існуюць розныя версіі паходжання назвы ракі: 1) звязана з назвай вёскі Ворнаўка, тут ідзе чаргаванне кораню “гор” – “вор”, што ў шэрагу моў азначае “вада”, “рака”; 2) рака працякае ў больш высокай (узвышанай) мясцовасці; 3) захаваліся рэшткі міфу аб Змеі (цмоку) Гарынычы, што ў барацьбе з Пяруном ператварыўся ў раку.
Гутлянка (Гутля), Балатнянка – рака ў Кармянскім і Рагачоўскім раёнах Гомельскай вобласці, левы прыток Дняпра.
На нашу думку, назва ракі мае даўняе індаеўрапейскае паходжанне: корань “гут” азначае “добры” (“добрая”), што сугучна такім рэчкам, як Добрыч, Дабруша і інш.
Даўжыня ракі 31 км. Плошча вадазбору 378 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 2 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,8 %.
Пачынаецца за 2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Бярозаўка Кармянскага раёна, вусце за 2 км на поўнач ад пасёлка Ільіч Рагачоўскага раёна. Цячэ па паўднёвай ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна пераважна трапецападобная, яе шырыня 1,5-2 км. Абалона двухбаковая, супясчаная і тарфяністая, шырынёй 0,05-0,1 км, у высокай і нізкай плыні забалочаная. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае, акрамя 0,5 км у вусці. Асноўны прыток-рака Доўгая (злева).
Ёсць такая рака і ў Докшыцкім раёне.
Добрыч, у верхнім цячэнні Дабрыца – рака ў Кармянскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі, правы прыток ракі Сож (басейн Дняпра).
Даўжыня ракі 36 км. Плошча вадазбору 236 км². Сярэдні расход вады ў вусці 1,4 м³/с. Пачынаецца прыкладна за 2,5 км у напрамку на поўнач ад вёскі Задуб’е. Упадае ў Сож за 2 км у напрамку на ўсход ад вёскі Высокая. Асноўны прыток – Ржаўка.
Каля ракі населеныя пункты Задуб’е, Пятравічы, Пасека-Слабодка, Стараград, Хізаў, Тарахаўка, Рудня, Добрыч.
Рака абвівае вёску Пятравічы, жыхары якой казалі, што ў рацэ, быццам, жылі русалкі, якія кожны вечар выходзілі на бераг і прыгожа спявалі. Сельскія дзяўчаты таксама пачыналі спяваць, налажваючы спаборніцтва. А прыгожыя хлопцы не купаліся ноччу ў рэчцы, таму што баяліся русалак, якія маглі заказытаць да смерці ці зацягнуць у раку.
На думку мясцовых жыхароў (в. Высокая) рака спакон вякоў вызначалася сваёй чысцінёй і добрай энергетыкай, а таму раней там вадзілася шмат баброў, рыбы і ракаў.
Рака і горад з такой назвай, напрыклад, ёсць тасама ў Балгарыі.

Падрыхтаваў В. Варганаў, настаўнік гісторыі
Ворнаўскай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"