Жыхарам Хізава сумаваць не прыходзіцца

Яркім і незвычайным стала свята Купалля для жыхароў Хізава. На тэрыторыі сельскага Дома культуры прайшоў фальклорны вечар “Купальская казка”, які сабраў шмат народу. Людзі з задавальненнем удзельнічалі разам з працаўнікамі мясцовых клуба і бібліятэкі ў розных абрадных гульнях і конкурсах: плялі вянкі і спаборнічалі ў майстэрстве рабіць венікі з кветак і галінак розных дрэў.
Не абыйшлося і без традыцыйнага вогнішча, праз якое трэба скакаць, як таго патрабуе купальскі звычай, гаданняў і народных песень. Прыемным момантам гуляння стаў каравай – сімвал сонца. Ім арганізатары мерапрыемства частавалі ўсіх прысутных. Нельга не адзначыць тое, што свята наведала шмат моладзі, якая не толькі прыняла ўдзел у конкурсах, але і разам са старэйшымі спявала купальскія песні. Гэта кажа аб тым, што нашы традыцыі паспяхова захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне.
OLYMPUS DIGITAL CAMERAНа гэтым свята не скончылася – натоўп рушыў да берага ракі, дзе іх чакала яшчэ адно вогнішча. Тут чароўнае дзейства было працягнута.
Хізаўскім жыхарам можна пазайздросціць, таму што Купаллем цікавыя мерапрыемствы для іх не скончыліся. Ужо ў аўторак, 11 ліпеня, бібліятэка сустракала сваіх маленькіх чытачоў, для якіх тут была арганізавана выстава-сюрпрыз “Летние приклю-Чтения”. Яна прайшла ў рамках акцыі “Лета адкрытых дзвярэй і кніг”. На вуліцы наведвальнікаў бібліятэкі чакалі сталы з часопісамі і кнігамі. Паміж іх старонкамі схавалі запіскі з указаннем сюрпрызаў. Літаратурныя выданні можна было пагартаць тут жа, на месцы, уладкаваўшыся на ўтульных лаўках пад ценем парасонаў. Такая незвычайная форма работы была абрана бібліятэкарам Святланай Бундзелевай для таго, каб зацікавіць дзяцей чытаннем. І, трэба сказаць, у яе гэта атрымоўваецца: школьнікі з ахвотай бяруць кнігі, ў тым ліку і на роднай беларускай мове.
Пра дарослых таксама не забыліся. Для іх працавалі так званыя літаратурныя лавачкі. Дырэктар клуба Таццяна Кірэева праводзіла цікавыя гульні і казачную віктарыну.
Мерапрыемствы спадабаліся і арганізатарам, і ўдзельнікам.
Таццяна Кулакова

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"