Знаёмы і незнаёмы Скарына

Друкарня Францыска Скарыны ў В__льн__. Мастак Язэп Драздов__ч, 1940 г.Мы працягваем знаёміць чытачоў з цікавымі і малавядомымі старонкамі жыцця і дзейнасці нашага вялікага кнігадрукара. З гэтага матэрыялу вы даведаецеся да якога народа прылічваў сябе Скарына, дзе ён вырашыў заняцца кнігадрукаваннем і шмат чаго іншага…
Якой жа нацыянальнасці, калі можна так выказацца сучаснай моваю, быў Францішак Скарына? Пра сваю нацыянальнасць ён пісаў так: «…не можем ли… послужити посполитому люду рускаго языка…»; «…я, Францишек, Скоринин сын с Полоцька, в лекарских науках доктор, повелел есми Псалтырю тиснути рускыми словами, а словенскым языком…»; «…абы братия моя Русь…». Як бачым, першадрукар называў сябе русінам, рускім. Так сябе называлі і іншыя паслядоўнікі Скарыны.
У дакументальных матэрыялах Кракаўскага ўніверсітэту ў афіцыйным запісе пра наданне Скарыне ступені бакалаўра пазначана «Францішак з Полацка, ліцьвін». Большасць беларускіх гісторыкаў лічаць, што ў гэтым выпадку быў выкарыстаны не этнонім, але палітонім, а Францыск так пазначаў прыналежнасць сваю да дзяржавы.
У дакументах Падуанскага ўніверсітэту нацыянальнасць Францішка Скарыны вызначаецца лацінскімі словамі «ruthenus» і «rutheno». У перакладзе гэта азначае: русінскі, русін. А вядома, што ў шматнацыянальнай тагачаснай нашай дзяржаве – Вялікім Княстве Літоўскім – рускімі ці русінамі называлі толькі беларусаў і ўкраінцаў, а ўсходніх суседзяў – сучасных рускіх – называлі маскавітамі.
Як мы ўжо казалі, Скарына ствараў свае прадмовы і друкаваў Біблію на старабеларускай мове. Старабеларускую мову, якая была дзяржаўнай ў Вялікім Княстве Літоўскім, заходнія навукоўцы цяпер называюць спецыяльным тэрмінам «прастамова». Пачынае прыжывацца гэты тэрмін і ў Літве, дзе раней старабеларускую мову называлі «канцылярскай мовай ВКЛ».
Як вядома, у ВКЛ склалася старабеларуская народнасць, большасць прадстаўнікоў якой былі праваслаўнымі і тады называлі сябе “рускімі”. Такім чынам, наш слаўны продак, называў сябе русінам, а русіны цяпер, праз 500 гадоў, называюць сябе беларусамі. Таму Скарына – беларус. І мы па праву можам ганарыцца такой паставаю.
Цікава, а дзе Скарына вырашыў заняцца кнігадрукаваннем? Вядома, што ў 1504 годзе Францішак стаў студэнтам Кракаўскага ўніверсітэту. Кнігавыданне ў Польшчы пачалося ў 1474 годзе на лацінскай мове, калі ў Кракаве выйшлі дзве кнігі і «Кракаўскі альманах» (фактычна першая газета). Як лічыцца, польскім першадрукаром быў саксонец Каспар Штраўбэ. Там жа, у Кракаве, як мы ўжо казалі, друкаваў свае славянскія кнігі Швайпальт Фіёль. А трэцім кракаўскім друкаром, які заклаў там друкарню ў 1505 годзе, стаў немец – Ян Гелер. Скарына, хутчэй за ўсё, ведаў і чытаў кнігі гэтых выдаўцоў. За гады побыту Скарыны ў Кракаве (1504-1506) Гелер паспеў выдаць 10 кніг.
Апрача гэтага, у бібліятэцы Кракаўскага універсітэту ў той час ужо знаходзіліся італьянскія выданні вялікіх антычных філосафаў. Арыстоцеля кракаўскія студэнты вывучалі па зборы твораў у пяці тамах, выдадзеных у Венецыі. У Кракаве, Скарына пазнаёміўся і з працэсам вырабу паперы. Першы папяровы млын быў заснаваны ў гэтым горадзе ў 1496 годзе немцам Фрыдэрыкам Шылінгам.
Так што адказ на пытанне – дзе ў Скарыны магла ўзнікнуць думка пра кнігадрукаванне: гэта стары польскі горад Кракаў.
Скарына быў надзвычай адукаваным чалавекам. Колькі ж ён скончыў універсітэтаў?
У тыя часы ўніверсітэты ў Еўропе былі каталіцкімі – гэта значыць знаходзіліся пад кантролем каталіцкай царквы і непасрэдна мясцовага іерарха. Факультэтаў, як правіла, было чатыры. Асноўныя: тэалагічны, юрыдычны і медыцынскі. Але каб паступіць на іх, трэба было скончыць факультэт свабодных мастацтваў або навук са ступенню бакалаўра. На гэтым факультэце спачатку вывучалі «трывіум» – граматыку, рыторыку і логіку, а пасля «квадрыум» – арыфметыку, геаметрыю, астраномію і музыку.
Вядома, што ў канцы 1506 года Францішак Скарына разам з некалькімі сваімі землякамі, у тым ліку Венцэславам са Слуцку, атрымаў у Кракаве ступень бакалаўра. А дзе ён вучыўся на медыцынскім факультэце не вядома, як і тое, дзе ён знаходзіўся наступныя шэсць гадоў.
Увосень 1512 года Скарына прыехаў у Падую здаваць экзамен на званне доктара медыцыны і атрымаць ступень магістра. Да таго ж, у дакументах Падуанскага ўніверсітэту Скарына названы доктарам свабодных навук і прафесарам.
Чым жа займаўся Францішак у 1506-1512 гады, калі ён паспеў стаць лекарам, пачаў лячыць людзей, а таксама зрабіўся доктарам свабодных навук і нават прафесарам. Апошняе можа азначаць, што ён недзе паспеў пабыць выкладчыкам універсітэту. Паводле розных версій, гэта маглі быць універсітэты Германіі, у Вене, Празе, Капенгагене.
Так што колькі дакладна ўніверсітэтаў скончыў Скарына мы не ведаем. Наперадзе даследчыкаў чакаюць новыя адкрыцці. Пакуль дакладна можна сказаць толькі адно – гэтых універсітэтаў было не менш за два.
(Працяг тэмы ў наступных нумарах)
В. Варганаў

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"