Непрывычны Скарына

Друкарня Францыска Скарыны ў В__льн__. Мастак Язэп Драздов__ч, 1940 г.Мы працягваем знаёміць шаноўных чытачоў з цікавымі і малавядомымі старонкамі жыцця і дзейнасці нашага вялікага кнігадрукара. І паспрабуем вас, шаноўныя сябры, здзівіць. Прынамсі, вы ўбачыце Скарыну зусім непрывычным…
У 2015-2017 гадах дацэнт Карлавага ўніверсітэту ў Празе (Чэхія) доктар Пэтр Войт шляхам параўнання з тагачаснымі (канец 15-16 стст.) партрэтамі ідэнтыфікаваў на гравюрах у Бібліі Скарыны каля дзесяці вядомых людзей таго часу. Гэта былі: чэшскі кароль XV ст. Іржы з Падэбрад, кароль і вялікі князь літоўскі Жыгімонт І Стары, чэшскія каралі з дынастыі Ягайлавічаў Людвік і Ўладзіслаў ІІ, папа рымскі Юлій ІІ, чэшская каралева Ганна дэ Фуа – жонка Ўладзіслава ІІ і іншыя. Далей болей: мы можам гаварыць не пра два партрэты Скарыны ў Бібліі, але прынамсі пра шэсць яго выяў, змешчаных у пражскіх выданнях. Да падпісанага і ўсім вядомага партрэта ў Кнізе Ісуса Сірахава і Чацвёртай Кнізе Царстваў, і непадпісанага ў вобразе Яна Багаслова ў Кнізе Прамудрасці Божай дадаюцца таксама чатыры новыя. Разам з іншымі знойдзены партрэт маленькага Францішка і яго бацькі Лукі
Выява Лук__ __ Францыска СкарынаўБольш за ўсё, яшчэ са школы нам вядомы аўтапартрэт асветніка, які тоіць у сабе шмат таямніц. Адна з іх – выява сонца і месяца на ім. У сувязі з гэтым адны даследчыкі пісалі, што двойчы доктар Скарына мог атрымаць персанальнае шляхецтва ў адной з еўрапейскіх краін, і выбраў сабе гэты сімвал як герб. Іншыя сцвярджалі, што ў другой палове 80-х гадоў XV ст. адбыліся тры сонечныя зацьменні, і Скарына абраў гэты сімвал сваім знакам-сігнетам як напамін пра сонечнае зацьменне ў год свайго нараджэння. Таксама выказвалася версія, што гэта алегорыя светлага і цёмнага бакоў чалавечай прыроды або перамогі святла над цемрай. Дакладна мы можам сказаць толькі адно – гэта сапраўды персанальны герб Скарыны, які ён шмат разоў змясціў на гравюрах сваіх выданняў у розных варыяцыях.
У наш час мастакі і скульптары выяўляюць Скарыну, так бы мовіць, у прыхарошаным выглядзе – з адкрытым тварам, прамым носам і г. д. Партрэт першадрукара, аднак, паказвае, што сучасныя выявы далёкія ад рэальнасці. Хутчэй за ўсё, Скарына меў шырокі круглы твар, вялікія, магчыма лупатыя вочы, двайны падбародак і, галоўнае, вельмі спецыфічны нос –доўгі, тонкі, з вялікай гарбінкай і глядзеў уніз. Менавіта такі нос маюць і сонца, і месяц. Гэтая дэталь не пакідае сумнення, што асветнік выявіў так самога сябе, што гэта менавіта яго герб і яго фірменны знак.
Галоўная выснова з усяго сказанага такая: да дзвюх вядомых выяваў першадрукара – на партрэце і ў вобразе Яна Багаслова ў Кнізе Прамудрасці Божай – можна дадаць адразу дзве на геральдычным шчыце з падпісанага партрэту.
На адной з гравюр Францыск Скарына паказаў сябе… на чале войска. Як гэта? У 1519 годзе ў Празе выйшла Кніга «Лічбы», на тытульным лісце якой змешчана гравюра «Людзі Ізраілевы з палкамі сваімі каля Храму Божага». Паводле старазапаветнага падання калі яўрэі сышлі з Егіпту, яны пабудавалі пераносны храм – скінію. Кожны род меўся выставіць вайсковы аддзел для аховы скініі. Быў вызначаны дакладны рэгламент размяшчэння асобных родавых «станаў» і іх руху. Нават падчас прыпынку размяшчэнне «станаў» не мянялася. Усе яны мелі свае сцягі і іншыя знакі адрознення. Там мы якраз і бачым момант такога руху вайсковай калоны са скініяй. Аднак рэаліі малюнка, напрыклад, аблачэнне рыцараў або ўзбраенне – сучасныя Скарыне, еўрапейскія, беларуска-польскія. На сцягах – шмат гербаў, сярод якіх пазнаюцца герб Радзівілаў («Трубы»), герб Астрожскіх з паўмесяцам, шасціканцовай зоркай і стрэлкай, герб Гаштольдаў з лацінскай літарай W, а таксама герб Святой Рымскай імперыі ў выглядзе чорнага двухгаловага арла. А вось начале ўсіх гэтых знакамітых родаў ідзе малады чалавек са сцягам – Францыск Скарына. Такім чынам, вядомых выяў першадрукара стала ўжо пяць.
Уражвае таксама гравюра «Ісус Навін вядзе людзей Ізраілевых праз Іардан» з біблейнай Кнігі «Ісус Навін», выдадзенай у Празе ў 1517 годзе. Сюжэт гравюры: пераемнік Майсея цар-заваявальнік Ісус Навін у ІІ тысячагоддзі да н.э. вядзе свае палкі на горад Іерыхон. Паводле біблейскага падання бог Яхве пакляўся праславіць Ісуса Навіна ў паходах. І вось калі войска рушыла наперад, а святары панеслі каўчэг, рака раптам расступілася і прапусціла іх на іншы бераг. Матыў такога воднага цуда быў у часы Скарыны вельмі распаўсюджаны ў еўрапейскім, у тым ліку і ў беларускім, фальклоры. На думку айчынных прафесароў Уладзіміра Конана і Віктара Шматава «малюнак большасці фігур вылучаецца дакладнасцю прапорцый, хоць галовы асобных фігур крыху велікаватыя. Тыпаж вобразаў выразна славянскі. Адзенне мужчын і жанчын нагадвае вопратку тагачасных беларускіх рамеснікаў і сялян». Адзенне жанчын – паўсядзённае гарадское, але можа быць і вясковым. Мы бачым таксама спіну Ісуса Навіна ў купецкім адзенні (а Скарына быў сам выхадцам з купцоў). А далей скіроўваем свой погляд на хлопчыка за спіной яўрэйскага цара. І што мы бачым! Той жа шырокі круглы твар, тыя ж вялікія вочы… І нос, нос! Гэта – маленькі Скарына! Злева ад хлопчыка стаіць купец у нябедным адзенні. Ён трымае руку на галаве малога, што не пакідае сумнення ў іх роднасных дачыненнях. Твар купца намаляваны вельмі дакладна, пазнаецца нават поўны годнасці і спакою погляд ягоных вачэй. Як высветлілі даследчыкі, перад намі Лука Скарына, які з пяшчотай паклаў руку на галаву малодшага сына! Ззаду Лукі стаіць маладая жанчына з дзіцем на руках. Гэта можа быць ягоная маці з маленькай сястрой будучага першадрукара. Але побач з ёй больш старая жанчына з дакладна Скарынавым носам – тонкім, з гарбінкай, апушчаным уніз. Гэта можа быць ягоная бабуля па маці. Але наконт жаночых вобразаў у даследчыкаў пакуль поўнай упэўненасці няма.
(Працяг тэмы ў наступных нумарах)
В. Варганаў

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"