Чым жыла Кармяншчына

корма1 лістапада 1957 год – старшыня калгаса імя Калініна Яўгеній Фядосавіч Макаранка з’яўляецца актыўным грамадскім распаўсюджвальнікам перыядычнага друку. За актыўную работу па распаўсюджванню газеты “Калгасная праўда” (зараз “Сельская газета”) выдавецтва гэтага выдання прэміравала таварыша Макаранку карманным гадзіннікам.
13 лістапада 1957 год – у вёсцы Струкачоў адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка савецкім воінам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Мітынг адкрыў старшыня сельскага Савета таварыш Папкоў.
13 лістапада 1957 год – у цагельным цэху райпрамкамбіната ідзе абпал сырцу. На сённяшні дзень цэх выдаў арганізацыям і калгасам раёна 1750 штук цэглы. Гэта значна больш планавага задання.
13 лістапада 1957 год – электрастанцыя Кармянскай машынна-трактарнай станцыі дала ток прамысловым прадпрыемствам і жыхарам паўночнай часткі г.п. Карма.
2 лістапада 1967 год – нядрэнны ўраджай капусты, морквы і іншай гародніны вырашчана ў гэтым годзе ў калгасе “Кастрычнік”. На ўсіх участках, дзе былі размешчаны гэтыя каштоўныя культуры, ужо закончана ўборка.
18 лістапада 1967 год – актыўна ўключыліся ў збор металалому вучні Вашчанскай васьмігадовай школы. Самы актыўны ўдзел прымаюць вучні Іван Таранаў, Мікалай Шарабураў, Міхаіл Бацанаў і многія іншыя. Зараз на рахунку вучняў гэтай школы 7 тон сабранага металалому.
7 лістапада 1967 год – Карма святкуе вялікае свята – 50-годдзе Савецкай улады. Палошчуцца чырвоныя сцягі, лозунгі, транспаранты. Каля памяшкання РК КПБ збіраюцца дэманстранты. Ва ўсіх радасны настрой, шчаслівыя ўсмешкі. Адсюль яны накіроўваюцца на плошчу да раённага Дома культуры, дзе адбудзецца мітынг. Са словамі прывітання выступіў першы сакратар РК КПБ таварыш А.Ў. Акулаў.
1 лістапада 1977 год – у Кармянскай сярэдняй школе № 1 абсталяваны лінгафонны кабінет англійскай мовы. Устанавіць апаратуру дапамаглі работнікі раённага вузла сувязі.
7 лістапада 1977 год – у г.п. Карма ўступіла ў строй новая тэлефонная станцыя на 1150 нумароў. Удасканальваецца тэлефонная сувязь у сельскай мясцовасці. Сувязісты ў канцы лістапада здадуць новую тэлефонную станцыю ў калгасе “Бальшавік”.
5 лістапада 1987 год – выдатны падарунак атрымалі самыя юныя жыхары вёскі Барсукі. Здадзены ў эксплуатацыю новы дзіцячы сад на 90 месцаў. Уведзена ў дзеянне і цэнтральная кацельная.
7 лістапада 1987 год – здадзены ў эксплуатацыю інтэрнат кватэрнага тыпу на 232 месцы па вуліцы Абатурава.
19 лістапада 1997 год – Уладзімір Іванавіч Цягуноў на камбайне Е-516 намалаціў 1150 тон зерня. Па выніках работы яму прысуджана прызавое месца сярод камбайнераў рэспублікі. Ад імя тэлерадыёкампаніі яму ўручаны каляровы тэлевізар “Гарызонт”.
Кармянская цэнтральная бібліятэка

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"