Вывучаем свой род. Частка 2: УСТАНАЎЛЕННЕ ІНФАРМАЦЫІ ДЛЯ ПОШУКУ

Паважаныя чытачы, як мы і абяцалі, працягваем знаёміць вас з тым, як даследваць мінулае сваёй сям’і, свайго роду. Сёння мы спынімся на ўстанаўленні інфармацыі для пошуку і вызначэнні геаграфіі і складанні плану пошукаў. Калі ў каго ўзнікнуць дадатковыя пытанні і пажаданні, звяртайцеся ў рэдакцыю альбо да аўтара матэрыялаў.

7161Для гэтага мы павінны з вамі вызначыць, а што ўжо вядома пра нашу сям’ю, наш род, запісаць гэтыя звесткі. Затым распытаць родных, старэйшых жывых родзічаў аб прадстаўніках роду (іх імёны, месцы жыхарства (геаграфія), гады жыцця (калі невядома дакладна, то прыкладныя), суадносіны роднасці (па бацькоўскай і мацярынскай лініях, вызначыць кім яны вам прыходзіліся), размеркаваўшы па пакаленнях, вывучыць наяўныя дакументы дамашняга архіву (пасведчанні, дыпломы, метрыкі, дзённікі, фотаздымкі, успаміны і г. д.). Высвятляем сямейныя паданні і аповяды пра продкаў у мінулых падзеях – эпохах (напрыклад, да рэвалюцыі, у час калектывізацыі, Вялікай айчыннай вайны, на цаліне і г. д.). Магчыма, ў каго-небудзь захаваліся сямейныя легенды і паданні, які патрэбна таксама запісаць і прааналізаваць. У сямейных архівах можна часам знайсці і паперы, звязаныя з валоданнем ці дарэннем маёмасці, па родных здзелках, судовых цяжбах і г. д., якія таксама захоўваюць шмат фактаў, імён, дат, месцаў дзеяння і жыцця, іншай інфармацыі. Такія паперы варта захоўваць у асобных папках і пакідаць для нашчадкаў. Фактычна, бяром інтэрв’ю. Як гэта рабіць, багаты архіў крыніц па вуснай гісторыі прадстаўлены на сайце www.nashapamiac.org. Такім чынам, звяртаем увагу на наступнае:
– імёны (як звалі, чаму, у гонар ка-го (святых, родзічаў, герояў і г. д.). Напрыклад, да рэвалюцыі называлі больш у гонар святых, розных святаў і прысвяткаў, у час рэвалюцыйных падзей з’явіліся такія імёны, як Калектывізацыя, Кім (Камуністычны Інтэрнацыянал Моладзі і інш.), пазней больш ў гонар родных, бацькоў, дзядуль, бабуль і г. д.;
– мясцовыя мянушкі дадуць уяўленне як аб характары вашых продкаў, так і аб дачыненнях з акружаючымі людзьмі);
– прозвішчы, якія ў нашых продкаў з’явіліся з ХV–ХVІ стст., дадуць уяўленне аб паходжанні, геаграфіі рассялення, для прадстаўнікоў шляхецкіх родаў асабліва адкрываюцца шырокія магчымасці;
– даты сямейнай і нацыянальнай гісторыі, прывязваючы да важнейшых падзеяў гісторыі;
– месцы нараджэння, жыхарства і (калі памерлі) смерці;
– канфесійную (рэлігійную) прыналежнасць;
– матэрыялы некрапалістыкі (вызначаем, наведваем, апісваем месцы пахаванняў продкаў, памерлых: прозвішчы, імёны, імёны па бацьку, даты жыцця, эпітафіі, фіксуем на фота, вызначаем мову, асаблівасці зместу, стылю і г. д.
Цяпер прасочым што рабіць з атрыманай папрэдняй інфармацыяй і як быць далей. Трэба памятаць, што большасць патрэбнай інфармацыі знаходзіцца ў архівах. У Беларусі існуе такая структура архіваў: цэнтральнага падпарадкавання (у тым ліку і спецыялізаваныя), і абласнога – абласныя і занальныя. Вялізныя комплексы дакументаў, што там захоўваюцца, маюць адзін храналагічны падзел – 1917 год. Таму ў даследванні ўмоўна вылучаюцца дасавецкі і савецкі перыяды. Паколькі большасць нашых землякоў валодае пераважна інфармацыяй ад сваіх бацьках і бабулях, то запатрабаваны больш дасавецкі перыяд.
На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь крыніцы дасавецкага часу захаваліся пераважна ў двух архівах: Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (Мінск) і Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (Гродна). У першым захоўваюцца дакументы часоў ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі (па Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях), у другім – дакументаў часоў ВКЛ і РП лічаныя адзінкі, большасць крыніц тычыцца Гродзенскай губерні, Віленшчыны ў складзе Расійскай імперыі. Вялізная колькасць дакументаў знаходзіцца ў архівах суседніх дзяржаў: Літвы, Польшчы, Украіны, Расіі.
Такм чынам, вы вызначыліся з імёнамі, прозвішчамі, месцамі жыцця, дзейнасці продкаў – геаграфіяй. Так, у Расійскай імперыі існаваў падзел на губерні, паветы і воласці. Іх межы не супадаюць з сучасным адміністрацыйным падзелам. Вызначыл, дзе нарадзіўся ваш продак. Парадак рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану (запісы аб нараджэнні, шлюбе, смерці) адрозніваўся таксама ад сучаснага. Да 1918 г. падобныя запісы рабілі канкрэтныя культавыя ўстановы. Вялікую ролю тут адыгрывае і веданне да якой канфесіі адносіўся продак (дзе шукаць: з рывязкай да праваслаўнаага прыходу ці касцёлу). Вызначыць канкрэтны прыход дапамогуць тагачасныя карты і веданне царкоўна-тэрытарыяльнага падзелу пэўнай мясцовасці (у адпаведных даведніках можна знайсці інфармацыю да якога прыхода, царкоўнай адзінкі, акругі належаў той альбо іншы населены пункт). Варта таксама памятаць, што назвы шэрагу населеных пуктаў маглі памяняцца ці змяніцца. Звесткі аб населеных пунктах савецкіх часоў можна знайсці, напрыклад, па ўсіх абласцях, у даведніках (слоўніках населеных пунктаў), складзеных Я. Рапановічам. Там вызначаны ўсе змяненні і перайманні за савецкі час. Напрыклад, вёска Быч – Акцяброва (у Кармянскім раёне). Калі сустракаюцца падобныя ці аднолькавыя назвы ў розных мясцовасцях (напрыклад, назвы “Карма” у нас, Добрышскім раёне і больш за 10 ў іншых мясцовасцях, альбо вёскі Хізаў у нас, Хізы, на Чачэршчыне і г. д.), то робіцца аналіз усёй інфармацыі, суаднясенне з бліжэйшымі іншымі населенымі пунктамі, вызначаецца адлегласць і г. д. Такім чынам, вызначаецца патрэбны населены пункт.
(Працяг у наступным выпуску “Краязнаўчай крынічкі”)

Падрыхтаваў В. Варганаў,
настаўнік гісторыі Ворнаўскай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"