Чым жыла Кармяншчына

6 снежня 1957 года – у калгасе імя Будзёнага здадзены ў эксплуатацыю млын. Працуе ён на электраэнергіі, выпрацоўваемай калгаснай электрастанцыяй, магутнасць якой 80 конскіх сіл. На электрычным току працуе і цыркулярка. Электрычнасць праведзена ў дамы калгаснікаў.
11 снежня 1957 года – у сельгасарцелі імя Фрунзе летам нарыхтавалі 7000 тон торфу на ўгнаенне. З устанаўленнем саннай дарогі хлебаробы ўключыліся ў вывазку торфу і гною на грамадскія палі. На гэтай рабоце штодзённа занята да 50 коней.
13 снежня 1957 года – адбылася сустрэча кандыдата ў народныя суддзі раёна Уладзіміра Галкіна з выбаршчыкамі Курганіцкага выбарчага пункта. На сустрэчу сабралася многа выбаршчыкаў. Прыйшлі і тыя, хто ўпершыню будзе галасаваць.
22 снежня 1957 года – з вялікай радасцю чакаюць дзеці навагодніх ёлак. З ростам дабрабыту працоўных ёлкі пачалі ўстанаўліваць не толькі ў школах, на прадпрыемствах і ў арганізацыях, але амаль у кожнай хаце рабочага, калгасніка і служачага. Культмаг райспажыўсаюза прадаў у гэтым годзе цацак для ёлак на 15 тысяч рублёў.
27 снежня 1957 года – пушчана ў эксплуатацыю ветраэлектрычная ўстаноўка ў Руднянскай сярэдняй школе. Усе работы выконваліся вучнямі пад кіраўніцтвам выкладчыка фізікі Афанасія Міхайлавіча Ігнаценкі. Устаноўка абслугоўвае фізічны кабінет. Школа таксама набыла грузавую машыну.
5 снежня 1967 года – кармянскаму райхарчкамбінату было даведзена заданне заквасіць сёлета 10 тон капусты. Калектыў паспяхова справіўся з гэтым. Для спажыўцоў заквашана 11 тон. Некалькі тон гэтай прадукцыі адпраўлена ў горад Новакузнецк.
8 снежня 1977 года – Камсамольская арганізацыя калгаса імя Лепяшынскага ўзнагароджана вымпелам ЦК ЛКСМ Беларусі і грашовай прэміяй. Так ацэнена работа камсамольскай арганізацыі ў справе дапамогі мясцовай дзесяцігодцы, якая праводзіцца пад дэвізам “Камсамол – сельскай школе”.
13 снежня 1977 года – калектыў мастацкай самадзейнасці райаб’яднання “Белсельгастэхніка” рыхтуе навагодні агеньчык, прысвечаны перадавікам вытворчасці. Вечарамі праходзяць рэпетыцыі спевакоў, танцораў, музыкантаў. З асаблівым поспехам праходзяць рэпетыцыі эстраднага аркестра. Кіруе аркестрам выкладчыца музычнай школы Наташа Томас.
3 снежня 1987 года – навуковыя супрацоўнікі Гомельскай доследнай сельгаспадарчай станцыі частыя госці ў спецыялістаў сельскай гаспадаркі нашага раёна. З лекцыяй “Эфектыўнасць звеннявога і брыгаднага падраду ў сельскай гаспадарцы” выступіла навуковы супрацоўнік станцыі Н. Ганчарова.
15 снежня 1987 года – калектыў дзіцячай бібліятэкі райцэнтра ў абласным аглядзе-конкурсе на лепшае масавае мерапрыемства, прысвечанае 70-годдзю Вялікага Кастрычніка, заняў другое месца. Супрацоўнікі атрымалі грашовую прэмію.
17 снежня 1987 года – герой Сацыялістычнай Працы, камбайнер саўгаса “Кармянскі” Мікалай Аляксандравіч Караткевіч сустрэўся з вучнямі малодшых класаў сярэдняй школы №2. Выступаючы перад дзецьмі, Мікалай Аляксандравіч расказаў аб высакароднай прафесіі хлебароба, аб нялёгкай барацьбе за хлеб на жніве .
Падрыхтавала
цэнтральная раённая бібліятэка

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"