Краязнаўчая крынічка. Вывучаем свой род. Частка 2 (працяг)

Паважаныя сябры, мы працягваем знаёміць вас з пытаннямі вывучэння свайго роду. У мінулым выпуску мы спыніліся на пытаннях вызначэння папярэдняга кола пытанняў для пошуку.

Пачатак тут: http://www.kormanews.by/2017/11/vyvuchaem-svoj-rod-chastka-2-ustana%D1%9Elenne-infarmacyi-dlya-poshuku/

Вельмі важным у пошуку з’яўляецца вызначэнне канфесійнай прыналежнасці продкаў і прывязкі да якога-небудзь царкоўнага прыходу. Адзначым таксама, што і прыналежнасць населеных пунктаў да канкрэтных прыходаў з цягам часу магла таксама змяніцца. Гэта звязана з будаўніцтвам новых альбо закрыццём старых храмаў. Акрамя таго, у даведніках можа быць няпоўная інфармацыя, недакладныя звесткі ці памылкі.
Адбор патрэбных фондаў і праверка крыніц можа заняць пэўны час. Аднак патрэбна разумець, што ўсе генеалагічныя крыніцы, якія існавалі і захаваліся, былі складзены канкрэтнымі людзьмі, асобамі ці ўстановамі (паводле архіўнай тэрміналогіі – фондаўтваральнікамі), таму павінны знаходзіцца ў пэўнай калекцыі дакументаў. Так, возьмем метрычныя кнігі, якія знаходзяцца ў фондах канкрэтных культавых устаноў, рэвізскія сказкі – пераважна ў фондах “казённых” палат. Такім чынам, выйс-це ў пошуку і праверцы неабходных генеалагічных крыніц.
Звычайна выяўленыя матэрыялы фіксуюцца ў выглядзе выпісаў з архіўных спраў (лепш з ксеракопіямі і фотакопіямі) і абавязкова з пазначэннем архіўнага шыфру (назва архіва, № фонду, вопісу, справы, асобных аркушаў). Паралельна праводзіцца аналіз здабытай генеалагічнай інфармацыі і складаецца радавод. Схематычна яго можна рабіць у выглядзе радаводнай табліцы ці дрэва, а занатоўваць атрыманыя звесткі у форме пакаленнага роспісу. Зразумела, пры даследванні шляхецкага роду такіх крыніц будзе значна больш, чым пры даследванні мяшчанскага альбо сялянскага роду. Галоўнае пры гэтым правіла – роднасць (крэўнасць) павінна пацвярджацца дакументальна.
Як бачым, да генеалагічных даследванняў паступова можа падрыхтавацца і аматар, чым і з’яўляемся мы – многія чытачы. Але пры гэтым ёсць некаторыя істотныя моманты, веды пра якія могуць зэканоміць грошы і час. У цэлым усе крыніцы ў архіве павінны быць дакладна структурыраваныя, аднак на справе часам бывае не так. Сустракаюцца памылкі пры складанні фонду, вопісу (штучныя калекцыі, няправільны загаловак справы і г. д.). З кожным канкрэтным выпадкам патрэбна паступова і грунтоўна разбірацца, каб пазбегнуць самому памылак. Такім чынам, вызначым канкрэтныя прыкметы індывідууму: яго веравызнанне, саслоўе і г. д.

Месца жыхарства
Варта адрозніваць рэальнае месца жыхарства і прыпіску да канкрэтнага грамадства. Напачатку ў дакументах фіксавалі месца прыпіскі для ўсіх станаў, што, як правіла, супадала з месцам жыхарства (дваране – павет, губерня, мяшчане і купцы – грамада (гарадское пасяленне), сяляне – маёнтак). Асобныя крыніцы складаліся па месцы жыхарства (метрычныя кнігі, таму што ў прыход трапляюць па месцы жыхарства), а некаторыя – па месцы прыпіскі (пасямейныя спісы). Напрыклад, шляхта пасля 1864 г. імкнулася прыпісацца не да мясцовага сельскага таварыства, а да больш прэстыжнага ў яе вачах мяшчанскага, хаця і пражывала ў сельскай мясцовасці, будучы прыпісанай да губернскага ці павятовага горада. Так, значная частка шляхціцаў магла прыпісвацца да мяшчанскай хрысціянскай грамады.
У другой палове ХІХ ст. стала актыўнай міграцыя насельніцтва.Шэраг дакументаў праводзіць раз-дзяленне месцаў жыхарства і прыпіскі. Свае карэктывы ўнёс і закон аб вайсковай павіннасці 1874 г., які дазволіў прыпісвацца да прызыўнога ўчастка па месцы жыхарства. Так, мешчанін, які пражываў у горадзе ці мястэчку, мог быць прыпісаны да выканання вайсковай павіннасці па воласці, але прыпісваўся ў прызыўным спісе не сярод мяшчан, а сярод сялян.

Канфесійная прыналежнасць
Трэба памятаць, што ёсць сувязь паміж канфесійнай прыналежнасцю і этнічным паходжаннем чалавека, але і розніца. Напрыклад, яўрэі – іўдзеі, немцы – лютэране (пераважна) і г. д. Большая частка канфесійных крыніц структурыравалася па царкоўным падзеле. Ёсць месца нараджэння, а ёсць месца хрышчэння. Велічыня прыходу – таксама адноснае паняцце, як і стабільнасць прыналежнасці да яго (у яўрэяў прыходу практычна зусім не было). Часам прыходы ствараліся і знікалі. Гэта было звязана з іх узбуйненнем, змяненнем межаў, іншымі агульнымі гістарычнымі працэсамі (ліквідацыі уніі, палітычных рэпрэсіяй і г. д.). Звяртаем увагу на падзеі пераходу ва ўніяцтва пасля 1596 г. ці ў праваслаўе – з канца ХVІІІ ст. і асабліва пасля 1839 г. Напрыклад, у самой Карме. Гэтыя і іншыя працэсы прыводзілі да пераводу храмаў з адной канфесіі і іншую, асабліва працэс “разбору прыхаджан па веравызнаннях”, альбо знікненне асобных крыніц ці асобных прозвішчаў з гэтых крыніц. Што ўскладняе справу і патрабуе прасачыць увесь ланцужок пераходу дакументаў “з рук у рукі” (з розных ведамстваў і месцаў захоўвання).

Саслоўная прыналежнасць
Існуюць агульнасаслоўныя крыніцы – метрычныя кнігі, дзе запісваліся ўсе звесткі пра прыхаджан усіх саслоўяў. Існуюць таксама і саслоўныя крыніцы (дваранскія радаводныя кнігі, купецкія ведамасці і г. д.) разам з тым, жыхары розных станаў, што пражывалі ў адным населеным пункце, былі зафіксаваны ў розных комплексах нават адных і тых жа відаў крыніц (рэвізскія сказкі сялян, мяшчан, аднадворцаў, пасямейныя спісы сялян, мяшчан-хрысцін, мяшчан-яўрэяў). Калі ж чалавек пераходзіў з аднаго стану ў іншы, то гэта дадае і новых клопатаў даследчыку.
Так, значная частка беларускай шляхты пасля падзелаў Рэчы Паспалітай пераводзілася спачатку ў станы грамадзян і аднадворцаў. Паводле ўказа ад 23 верасня 1864 г. усю былую шляхту, якая не была зацверджана ў дваранстве Расійскай імперыі, абавязалі прыпісацца ў падатныя станы (г. зн. у мяшчане, грамадзяне, аднадворцы і сяляне). У 1868 г. станы аднадворцаў і грамадзян былі ліквідаваны, а іх прадстаўнікоў абавязалі прыпісвацца да станаў мяшчан ці сялян.

Падрыхтаваў В. Варганаў,
настаўнік гісторыі Ворнаўскай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"