Наш каляндар: СНЕЖАНЬ

«Зямлю грудзіць, хаты студзіць,
год канчае, зіму пачынае»

Снежань зіму пачынае, а год канчае. Мароз у снежні і снег вышэй хаты – будзе год тады багаты. Снежань замосціць і загвоздзіць. Снежань зямлю грудзіць, хаты студзіць. Снежань сцюжны з зімою дружны. Снежань вока снегам цешыць, ды марозам вуха рве. У снежні адкрытае вуха – летам горача і суха. Сухі снежань – сухая вясна, сухое лета.
img7Першы месяц зімы і апошні каляндарнага года атрымаў назву снежань ад слова “снег”. Старабеларускае найменне яго – прасінець (у значэнні “прасвет у воблаках”). Снежань – апошні месяц года, які “зямлю грудзіць, хаты студзіць, год канчае, зіму пачынае”. Па ім, лічылі ў народзе, раўняліся вясна і лета. Будзе снежань сухі – і яны будуць сухія, а выдасца цёплы, дык і лета такое ж: “У снежні адкрытае вуха – летам горача і суха”. Правяралі і ўрадлівасць наступнага лета: “У снежні мароз і снег вышэй хаты – год будзе багаты”. Разважалі: калі 1 снежня пагода – пагодная і ранняя будзе вясна; які дзень 2 снежня – такое надвор’е чакаецца ў сенакос; якое 3 снежня – такім яно будзе ў жніво.
1 снежня – Платон, Раман.
2 снежня – Аўдзей, Варлам, Ларывон.
3 снежня – Рыгор, Прокл, Астап, Анатоль, Язэп, Іван, Ісак, Іпацій, Фёкла, Ганна.
4 снежня – Увядзенне. Назву афіцыйнага свята пра-васлаўнай царквы народ тлумачыў па-свойму: “Бог прыводзіць зіму на зямлю”. Як зіма павядзе сябе ў гэты дзень, такая яна ў асноўным уся будзе. Прадугледжвалася магчымае пацяпленне: “Уведзенне разбівае ледзенне”.
5 снежня – Філімон, Архіп, Міхал, Яраполк, Пятро, Валяр’ян, Пракоп.
6 снежня – Рыгор, Аляксандр, Аляксей, Мітрафан, Макар, Хведар.
7 снежня – на Кацярыну варажба працягвалася: дзяў-чаты пяклі ляпёшку на адной солі і з’ядалі яе перад тым, як легчы спаць, каб у сне “суджаны-раджаны” падаў вады. Усё больш упэўнены наступ снежнай зімы адчуваўся з кожным днём: “Прыйшла Кацярына – прыйдзе і пярына”.
8 снежня – Клімент, Пётр.
9 снежня – восеньскі (ці зімовы) Юр’я. Пра яго гава-рылі, што ён “грудай гвоздзіць”. Юр’я і Мікола святкуюцца і вясной, і ўвосень з невялікім перапынкам адзін пасля другога. Гэтыя святыя разам пастаўлены і ў шматлікіх веснавых і восеньскіх прыказках: “Вясною Георгі, летам Мікалай – з кормам; увосень – з мостам, зімою – з гвоздам”, або “Юрай масціць, а Мікола гваздзіць (грудзіць)”. Перагукваўся восеньскі Юр’я (халодны) са сваім веснавым цёзкам (галодным) і ў народнай прыкмеце: “Колькі на асенняга Юр’я снегу, столькі на вясенняга – травы”. Як і той, гэты Юр’я меў дачыненне да свойскай жывёлы і драпежнікаў, толькі рабіў зусім адваротнае: “Асенні Юрай адмыкае раты ваўкам, такім чынам, з гэтага дня крыважэрныя ваўкі пачынаюць хадзіць табунамі і нападаць на скаціну”. У дзень зімовага Юр’я падстрыгаюць грывы і хвасты коням, а таксама аднімаюць ад кабыл жарабят-смактуноў і ставяць іх у асобныя хлявы да вясны.
10 снежня – Якуб, Паладзій, Гаўрыла, Раман.
11 снежня – Сцяпан, Хведар, Васіль, Рыгор.
12 снежня – Парамон, Акакій, Нектарый.
13 снежня – дзень святога Андрэя асабліва славіўся варажбою дзяўчат, прымеркаванай менавіта да яго, “высявалі” насенне канапель ці льну на калодзежы, ля палонкі, у пасцелі. Каб жаданні збываліся, дзяўчаты цэлы дзень пасцілі і пазбягалі размоў. Калі кінутае ў агародзе насенне ўсё на весну прарастала, гэта абяцала шчаслівы шлюб, калі ўзыходзіла зрэдку – чакала бязрадаснае замужжа, калі насенне зусім не ўзыходзіла – гэта нібыта быў знак на смерць. На трох прыкрытых талерках клалі пярсцёнак, ружанец і кветку; хто з дзяўчат выцягне пярсцёнак – тая пойдзе замуж, кветку (сімвал цнатлівасці) – застанецца ў дзеўках, ружанец – пойдзе ў манастыр.
14 снежня – прарок Навум, сваім імем выклікаў адзіную асацыяцыю: “ум”. Пра яго гаварылі так: “Навум розуму навучыць”, або “Навум наставіць на вум”. Таму і імкнуліся з гэтага дня вучыць грамаце дзяцей, спадзеючыся, што яны дзякуючы Навуму хутчэй і лепш засвояць навуку.
15 снежня – Авакум, Апанас, Андрэй, Іван, Сцяпан.
16 снежня – Сафонія, Сава, Фядул, Іван, Хведар.
17 снежня – Варвара. Яе імя таксама вельмі краса-моўна абыгрывалася народам. Галоўнае, што адзначаў селянін, гэта як ад Варвары паступова пачынае прыбываць дзень (“на казіны скок”), такім чынам, былі ўсе падставы “папракнуць” яе за тое, што яна, Варвара, “ночы ўваравала, а дня прытачыла”. Другое сугучнае выкарыстанне імені Варвары ў прыкметах – што “Варвара варыць”, г. зн. на яе дзень магчыма параўнальна цёплае надвор’е напярэдадні вялікіх маразоў. Цёплая пагода на Варвару прадказвала добры ўраджай ільну на лета. Гэты дзень быў “жаночым” святам, таму не пралі кудзелі, але талакно малоць і лён трапаць дазвалялася.
18 снежня – Сава (Саўка), як і Варвара, быў “жаночым” святам з тымі ж правіламі. Паколькі ён ішоў непасрэдна перад Міколам, то зваўся “Міколіным бацькам”. Пра гэту “тройцу” гаварылі: «Барбара мосціць, Саўка цвякі вострыць, а Мікола прыбівае», маючы на ўвазе паступовае нарастанне маразоў. Калі на Саву надта дзьмуў вецер, такога ж ветру трэба было чакаць усю квадру пасля Пятра.
19 снежня – Мікола зімовы. Менавіта ён выступае пачынальнікам сапраўднай зімы: “Да Міколы няма зімы ніколі”. I Мікола зімовы, і Мікола летні як бы адкрывалі кожны свой сезон: “Мікола – сапраўдная зіма, Мікола – сапраўднае лета”. Ды зноў жа надвор’е, якое год на год не прыпадала, уносіла папраўкі ў народныя назіранні, і, часам ашукаўшыся, казалі: “Ніводнаму Міколе не вер ніколі”. Затрымка зімы на Міколу была знакам, што маразы прыйдуць няскора і наогул уся зіма будзе бяспутная. Мікола зімовы быў далучаны земляробам да будзённых гаспадарчых разлікаў і прагнозаў: “Беражы сена ад Міколы і да Міколы і не бойся зімы ніколі” – гарантавала прыказка, адзначыўшы прыблізна, колькі трэба трымаць у хляве жывёлу. Пра пачатак веснавой сяўбы і пра плён у полі меркавалі так: “Калі іней будзе раней Міколы зімовага, то трэба сеяць ранні ячмень, калі пазней Міколы — позні”; “Іней, які пакрывае дрэвы на Міколу, прадказвае добры ўраджай ільну”.
20 снежня – Амбросій, Ніл, Антон, Іван, Павел.
21 снежня – Патап, Кірыл, Анфіса.
22 снежня – Ганна. Калі на Варвару ці Міколу яшчэ былі сумненні наконт дарог, якія то падмярзалі і добра пакрываліся снегам, то зноў ператвараліся ў гразь, збіваючы з толку селяніна пры яго выездзе на кані, дык ужо гэты прысвятак амаль узаконьваў пераход на зімовы транспарт: “На Ганкі сядайце на санкі”. Ад Ганны, прыкідвалі, пачынаецца паступовы паварот на лета, насуперак якому будуць меншаць сілы ў чалавека, калі ён не паспеў назапасіць іх. Па дню Ганны вызначалі надвор’е, якое будзе роўна праз паўгода, кіруючыся прыказкай “па зіме і лета”.
23 снежня – Міна, Яўграф, Фама, Ангеліна, Іван, Сцяпан.
24 снежня – Даніла, Нікан, Лука.
25 снежня – Спірыдон, Ферапонт, Аляксандр.
26 снежня – Яўстрат, Аўксенцій, Яўген, Арэст, Аркадзь, Арсень, Нікадзім.
27 снежня – Фірс, Калінік, Філімон, Апалоній.
28 снежня – Павел, Сцяпан, Трыфан.
29 снежня – Агей, Феафанія.
30 снежня – дзень Сцяпана знамянальны тым, што заканчваўся тэрмін службы парабкаў. Чалавек, які ад Каляд і да Каляд працаваў на свайго гаспадара, мог адчуць сябе, нарэшце, больш-менш вольным: “На святы Сцяпан кажан парабак сабе пан!” Парабак дарабляў абгавораны тэрмін і спадзяваўся ў наступным годзе на больш выгадную дамоўленасць: “На святога Сцяпана найду другога пана”.
31 снежня – Севасцян, Марк, Клаўдзій, Віктарын, Сымон, Флор Міхал, Зоя, а таксама ўгоднік Мадэст, які лічыўся захавальнікам жывёлы.

Падрыхтаваў В. Варганаў,
настаўнік гісторыі Ворнаўскай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"