Святкуем Каляды

IMG_2937 Адно з самых містычных, чароўных і прыгожых беларускіх святаў – Каляды. Да яго прынята рыхтавацца: прыбіраць хату ці кватэру, калі патрэбна, рабіць рамонт, у тым ліку ўсіх гаспадарчых будынкаў на падвор’і, купляць новае адзенне і абавязкова мыцца. Каляды – сваеасаблівы сімвал наступлення новага года, а яго трэба сустракаць з чысцінёй у доме і ў душы. Апошняму неабходна надаваць асаблівую ўвагу.
Каляды лічацца вясёлым святам, таму што ў гэты перыяд было прынята весяліцца. Яшчэ больш настрой сялянам падымала тое, што да гаспадарчых работ у полі яшчэ шмат часу, а ў калядныя тыдні нельга нічога рабіць: займацца дровамі, ткаць, прасці і выконваць іншыя справы. Можна только гуляць і весяліцца, каб набрацца сілы на ўвесь будучы год. IMG_2978Вялікая ўвага і зараз надаецца святочнаму сталу. Галоўная страва на ім – куцця. Канешне, зараз рэдка хто ўжывае яе, але ўсё роўна кожная гаспадыня стараецца прыгатаваць нешта адметнае, асабліва смачнае.
Самае ж цікавае ў гэты час – калядаванне. У кожнай хаце з нецярпеннем чакаюць калядоўшчыкаў (шчодраў), рыхтуюць для іх пачастункі і грошы, а тыя ў сваю чаргу – вясёлае прадстаўленне з песнямі, жартамі, пажаданнямі шчасця і дабрабыту гаспадарам. Асабліва радасна, што ў нашым раёне гэта традыцыя працягвае існаваць. Калядуюць усе: дзеці і дарослыя, мужчыны і жанчыны. За адзін вечар у кватэру ці дом розныя групы калядоўшчыкаў могуць заглянуць некалькі разоў. Не мінаюць і шматпавярховыя дамы. Прыгожая працэсія з каляднай зоркай ходзіць ад двара да двара, ад хаты да хаты, а ўслед за імі цягнецца іх песня.
Таццяна Кулакова
Фота М. Багдановіча

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"