Чым жыла Кармяншчына

10 студзеня 1958 года – у памяшканні раённага Дома культуры адбылося першынство раёна сярод настаўнікаў па шахматах. У турніры прынялі ўдзел 12 мацнейшых шахматыстаў. Першае месца заняў завуч Кармянскай беларускай сярэдняй школы Г. Сенько.
12 студзеня 1958 года – у раённай канторы сувязі пачаў дзейнічаць тэлеграфны апарат “СТ-35”. Для асваення новай тэхнікі тэлеграфістка Зінаіда Вавілава прайшла практыку на Гомельскім тэлеграфе.
12 студзеня 1958 года. Калектыў мастацкай самадзейнасці пры Руднянскай хаце-чытальні выступіў з канцэртам у вёсцы Кабылічы. Была пастаўлена п’еса “Дзетачка”, выкананы песні “Тры танкісты”, “Песня аб Леніне”. Апалон Ражкоў выканаў танец “Яблычка”.
18 студзеня 1968 года – гарачы час зараз у кавалёў з калгаса імя Лепяшынскага Ахрэма Ларчанкі і Івана Таранава. Яны стараюцца, каб да пачатку вясенне-палявых работ адрамантаваць бароны, плугі, сеялкі.
31 студзеня 1978 года – два памяшкані для адкорму буйной рагатай жывёлы на 400 галоў узводзяць будаўнікі ў саўгасе “Руднянскі”. Гэта не адзіная новабудоўля. У стадыі будаўніцтва склад для захоўвання мінеральных угнаенняў, два двухкватэрныя дамы і іншыя памяшканні.
31 студзеня 1978 года – на Дошку гонару калгаса “Перамога” змешчаны фотаздымкі лепшых людзей гаспадаркі: трактарыст Фёдар Ляўшуноў, свінарка Яўгенія Бісюкова, работніца бухгалтэрыі Надзея Шурыхіна.
12 студзеня 1988 года – па ініцыятыве сельсавета адкрылася маладзёжнае кафе ў вёсцы Ліцвінавічы. Яно абстаўлена мягкай мэбляй, у ім утульна.
18 студзеня 1988 года – на хлебазаводзе калектывам кандытарскага цэха за 13 дзён выраблена больш за дзве тоны кандытарскіх вырабаў: тартоў “Слівачны”, “Заказны”, розных бісквітаў, пірожных. Калектыў прадпрыемства прыступіў да выпуску новых вырабаў хлеба “Дарніцкі”, “Расійскі”, “Сталічны”.
28 студзеня 1988 года – падведзены вынікі абласнога конкурсу на лепшае асвятленне пытанняў бяспекі дарожнага руху рэдакцыямі аб’яднаных, раённых і шматтыражных газет, тэлебачання і радыёвяшчання. Першае месца з уручэннем прэміі прысуджана рэдакцыі Кармянскай раённай газеты “Зара над Сожам”.
9 студзеня 1998 года – Жыхары вёскі Задуб’е адзначылі 50-годдзе сярэдняй школы. Сюды з’ехаліся выпускнікі некалькіх пакаленняў, педагогі, былыя дырэктары школы.
Кармянская цэнтральная бібліятэка

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"