Краязнаўчая крынічка. Вывучаем свой род

Паважаныя сябры! У папярэдніх публікацыях мы высветлілі, якія крокі можна зрабіць, каб пачаць пошукі сваіх родавых каранёў. Вызначыўшы саслоўную і канфесійную прыналежнасць, прыкладнае (альбо найбольш верагоднае) месца жыхарства, мясцовасць, працягваем свае пошукі.

Спачатку звернемся да крыніц па генеалогіі шляхты (дваранства). Гэта, перш за ўсё, вывады шляхецтва і пратаколы аб даручэннях да вывадаў, радаслоўныя кнігі, указы дэпартамента геральдыкі і пасямейныя спісы дваран.
Першыя вывады шляхецтва адбыліся яшчэ ў ХV ст. і актыкаваліся ў мяцовых судах. Яны мала захаваліся. З тых, што апублікаваныя ў зборніках дакументаў і крыніц, гэта: “Аршанскі гербоўнік”, “Гербоўнік Віцебскай шляхты”, вывады шляхецтва ў Рагачоўскім павеце (калі вы з нашай мясцовасці, то апошняя крыніца найбольш каштоўная), “Гербоўнік беларускай шляхты” (ёсць у нашай раённай бібліятэцы). Выдадзены матэрыялы архіваў былых дваранскіх сходаў па Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губернях (апошняя нам асабліва каштоўная), а таксама фонды павятовых маршалкаў (праўда, далёка не ўсіх паветаў). Захаванасць крыніц самая высокая па Мінскай губерні (96), самая нізкая – па Магілёўскай (1), пасямейных спісаў – 65 і 8 адпаведна. Тым, хто ўсё ж пажадае працягваць пошукі пасямейных спісаў, геральдычных спраў і спраў аб дваранстве па Магілёўскай губерні, раім звярнуцца Дэпартамент герольдыі па Санкт – Пецербургу (там яны захаваліся ў вялікай колькасці, у свой час былі вывезены ў Расію). Нашчадкам тых, хто пацвердзіў сваё дваранства, пашанцавала больш, чым тых, хто падпаў пад так званыя “разборы шляхты”.
Важнейшай крыніцай па пашуку продкаў з’яўляюцца “Ревизские сказки”. Гэта матэрыялы перапісаў (рэвізій) у расійскай імперыі. Пасля паршага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. ва усходняй Беларусі, у т. л. і ў нашай мясцовасці, прайшла 4-я рэвізія. Першая рэвізія была ўчынена ў 1795 г. Матэрыялы захаваліся па ўсіх губернях у губернскіх “казённых палатах”.
Істотная акалічнасць, якая можа палегчыць пошукі, – “сказки” складаліся па саслоўях. Напрыклад, калі ўзяць казённых сялян, то памешчыкі падавалі сялянскія спісы паводле сваіх маёнткаў, а ў скарбовых палатах із сшывалі (групавалі) па паветах і ў алфавітным парадку (паводле прозвішчаў, але не сялян, а гэтых памешчыкаў, так што тут патрэбна ведаць мясцовасць і прозвішча памешчыка).
Асабліва поўна і добра захаваліся “сказки” са шматлікіх маёнткаў Радзівілаў, Сапегаў, Вітгенштэйнаў, а таксама з гомельскіх маёнткаў Румянцавых-Паскевічаў. Адзначым яшчэ адну акалічнасць – добрую захаванасць генеалагічных шляхецкіх спраў на Віцебшчыне. Частка нашай шляхты ж мае непасрэдныя сувязі з Віцебскай, што можа дапамагчы ў пошуках.
Яшчэ адзін від крыніцаў – метрычныя кнігі, якія найбольш поўна захаваліся за перыяд з 1861 па 1918 гг. Збольшага яны сканцэнтраваныя ў фондах адпаведных кансісторый, некаторыя – у фондах асобных цэркваў, касцёлаў, благачынняў і дэканатаў. Практычна не захаваліся метрычныя кнігі праваслаўных прыходаў Віцебскай губерні, добра, але няпоўна – па Магілёўскай губерні, найбольш поўна – па Магілёўскаму і Гомельскаму паветам. У Мінскай губерні лепш справы па Бабруйскім і Пінскім паветах. Калі вашы продкі былі шляхцічамі каталіцкага веравызнання і пражывалі ў Магілёўскай губерні, то вам найбольш пашанцавала. Так ці інакш, можаце знайсці інфармацыю, ад якой можна адштурхнуцца ў далейшых пошуках. Больш падрабязна аб канкрэтных спісах, дакументах можна знайсці інфармацыю на сайце “Архівы Беларусі” ў рубрыцы “генеалогія”. Кароткія звесткі пра склад фондаў па асобных фондах усіх архіваў Беларусі ёсць у адмысловым фондавым каталозе, які змешчаны на гэтым жа сайце. У нашай краіне выдаецца таксама часопіс “Архівы і справаводства”, на яго старонках таксама можна знайсці карысныя парады.
Кожны з даследчыкаў свайго роду выпрацоўвае свой шлях і стратэгію пошукаў. Напрыклад, хтосьці за аснову бярэ вывучэнне крыніц у канкрэтных архівах, рэгіёнах, па асобных фондах, відах крыніц і г. д. Зразумела, асаблівы прыярытэт маюць “прамыя” крыніцы. Асабліва сямейнай структуры (напрыклад, спісы спаведнікаў, рэвізскія сказкі, пасямейныя спісы, вывады шляхецтва і г. д. Менавіта яны дадуць найбольш поўны генеалагічны зрэз сям’і, роду на канкрэтны перыяд. Калі ж прамых крыніц мала, то выкарыстоўваюцца ішыя, пажадана больш раўназначныя, але там сістэматычную інфармацыю вылавіць удаецца намнога менш і складаней.
Часта даследчык трапляе ў такое становішча, калі крыніц наогул не стае. Тады для пачатку даследванняў патрэбна хаця б пацвердзіць імя, імя па бацьку канкрэтнага прадстаўніка роду, яго прыкладнае меца жыхарства, магчымую канфесійную прыналежнасць. Тады ўжо пошукі вядуцца ў дадатковых і ўскосных крыніцах, такіх, як акты судзебных спрэчак, выкупных плацяжоў, міравых прыгавораў, канфіскацый, падараванняў і г. д.
Важна ведаць агульныя і мясцовыя асаблівасці гісторыі краю, працэсаў, падзей, адміністрацыйны падзел мясцовасці і тэрытарыяльна-канфесійную структуру кіравання прыходамі у розных канфесіях. Акрамя ўстанаўлення проста родавай і генеалагічнай прыналежнасці, складання радаводу можна яшчэ глыбей даследаваць гісторыю той мясцовасці, ролю продкаў у апісваемых падзеях і працэсах, а гэта ўжо больш глыбокі і складаны ўзровень, які патрабуе навыкаў аналізу, суаднясення, супастаўлення крыніці вялікай настойлівасці.
На гэтым, паважаныя чытачы, мы завяршаем серыю публікацый, дзе змяшчаліся агульныя парады па пошуках сваіх каранёў. Калі ў каго з’явяцца пытанні, звяртайцеся у рэдакцыю і да аўтара матэрыялаў. Але на завяршэнне адзначым – варта толькі пачаць, паступова з’явіцца і вопыт, а таксама вы будзеце бачыць, што і дзе яшчэ можна праверыць, у якіх далей напрамках варта скіраваць свае намаганні. І можа спачатку не ўсё атрымаецца, але настойлівасць пераможа. І яшчэ. Запыты ў архівы і іншыя дзеянні запатрабуюць ад вас матэрыяльных выдаткаў. Але калі ў вас ёсць мэта –усё атрымаецца! Поспехаў вам у гэтай годнай справе!

Падрыхтаваў В. Варганаў,
настаўнік гісторыі Ворнаўскай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"