Да 150-годдзя Лепяшынскага: ў сям’і Панцеляймона Мікалаевіча

Гартаючы нумары нашай раённай газеты за 1983 год, трапіла на ўспаміны жанчыны, якая ў дзяцінстве правяла нейкі час у сям’і Лепяшынскіх. Ужо ў тыя гады, калі яны пражывалі ў Маскве. З нагоды юбілею вядомага дзеяча, прафесійнага рэвалюцыянера і педагога, імя якога звязана з Кармянчшынай, мы вырашылі падзяліцца гэтымі ўспамінамі.

Еўдакія Полацкіна (Клюкава) нарадзілася у 1912 годзе і рана засталася сіратой. У 1914 г. яе бацька загінуў на германскім фронце, а праз два гады маці памерла ад хваробы. Дзяўчынку і яе двух сястрычак узяла да сябе сястра бацькі – Ганна Клюкава. Яны жылі у Ліцвінавічах, па суседству з сям’ёй Лепяшынскіх. У 1918 годзе туды прыехаў Панцеляймон з жонкай і дачкой, абедзьве Вольгі, каб адкрыць першую ў краіне школу-камуну для дзяцей сялян. Яна праіснавала толькі год. У мясцовых лясах у той час хаваліся бандыты, якія пагражалі Лепяшынскаму і усёй яго справе. Па настаянню Леніна Панцеляймон разам з сям’ей і некаторымі выхаванцамі перабраўся у Маскву. Пазней разам з пляменніцай Лепяшынскага Ганнай туды прыехала і Еўдакія.
Жыццё ў сталіцы дзяўчынку з далекай беларускай вёскі незвычайна ўразіла. Панцеляймон Мікалаевіч паклапаціўся, каб яна ні ў чым не адчувала сябе пакрыўджанай. Як і прыёмнай дачцэ Біры, Еўдакіі быў выдзелены асобны пакой, дзяўчынкі разам гулялі і вельмі сябравалі.
Вось што яна расказвае аб справах і быце сям’і: “Усе былі штодзённа заняты клопатамі. Панцеляймон Мікалаевіч наведваўся па справах у наркамат асветы, кіраваў міжнародным таварыствам дапамогі байцам рэвалюцыі. Вольга Барысаўна пастаянна знаходзілася ў медыцынскім навукова-даследчым інстытуце. Дачка Вольга займалася таксама ў інстытуце. У такія дні мне было даручана хадзіць у крамлёўскую сталоўку браць абеды. Па вечарах хадзіла ў школу рабочай моладзі. Вучыцца мне вельмі падабалася.
Да Панцеляймона Мікалаевіча часта наведваліся госці, і ён быў ім заўсёды рады, праводзіў у свой кабінет, з вакна якога адкрываўся прыгожы від на Маскву-раку, вёў сяброўскія гутаркі.
Успамінаю, як святкавалі 70-годдзе Лепяшынскага. На ўрачыстасць прыехалі землякі з Ліцвінавіч Аляксей Юрачкін і Парфен Гузянкоў. Быў момант, калі за сталом юбіляр прапанаваў усім спець беларускую песню. Словы яе ведалі, акрамя Панцеляймона, толькі я ды прыехаўшыя на свята землякі. Але ўсе дружна падпявалі. Застолле атрымалася дужа вясёлым.
Нягледзячы на строгую забарону дактароў працаваць не больш за тры гадзіны ў суткі, Лепяшынскі не мог доўгі час сядзець без справы. Калі адчуваў, што стамляўся, выходзіў у сад ці на кухню, дзе ў гэты час я штосьці рабіла. Ў такія хвіліны яму патрэбен быў субяседнік, якому ён мог бы расказаць шмат з таго, што яго хвалявала.
– А ведаеш, Дуня, колькі мне давялося зведаць усяго на сваім вяку. Сядзеў у царскім астрогу, ўцякаў адтуль. Памятаю, пераплываў адну сібірскую рэчку. Стаяла сырое надвор’е, вада была халодная. Захварэў. Думаў, не выжыву. Аж не, бачыш во, з табой гутару…
Лепяшынскі ўважліва сачыў за падзеямі ў свеце. Аднойчы ён сумотна прамовіў:
– Відаць, Дуня, не мінаваць нам вайны з Гітлерам.
– Вайны? – здзівілася я, — Гэта калі ўпадзе раптам бомба і заб’е мяне?
Лепяшынскі, пасмяяўшыся крыху над маім разуменнем вайны, пасур’ёзнеў і сумным тонам зазначыў:
– Не, магчыма жорсткая бітва з ворагам на франтах і са стратамі, чаго нам вельмі б не хацелася.
Словы яго аказаліся прарочымі. У пачатку чэрвеня 1941 года я паехала на пабыўку ў Ліцвінавічы да сясцёр і цёткі Ганны, ды так і засталася там назаўсёды. Літаральна праз тыдзень пасля майго прыезду на радзіму пачалася Вялікая Айчынная вайна».
Падрыхтавала Віола Ляхновіч

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"