Нарысы гісторыі Кармяншчыны: наша малая радзіма ў пачатку XX ст.

У пачатку ХХ ст. Карма ўяўляла сабой невялікае (пераважна яўрэйскае) мястэчка. Праз яе праходзіла пяць вуліц: Першая і Другая Сялянскія, дзве Казіныя і Прапойская (апошняя знаходзілася ў напрамку былога тракту Чачэрск – Прапойск). Пераважала яўрэйскае гандлёва-рамеснае насельніцтва. Было некалькі лавак, у якіх гандлявалі яўрэі. Паводле ўспамінаў старажылаў, вуліцы мала добраўпарадкаваныя, брудныя. Асабліва іх заносіла брудам вясной і восенню. Хаты беднякоў – з саламянымі стрэхамі, амаль паўрасталі ў зямлю. Збоку (наводшыбе) стаяў фальварак пана Дзерналовіча. У два паверхі адбудаваў сабе жыллё купец Крок. Красавалася каменная царква.
Прамысловасць была прадстаўлена крухмальным заводам Дзерналовіча, які быў пабудаваны ў 1905 г. У 1912-1913 гг. яго пераабсталявалі ў спіртзавод. На заводзе працавала да 30 чалавек. Прамысловыя прадпрыемствы з’явіліся ў вёсках Хізаў і Ліцвінавічы – з 1913 г. тут былі пабудаваны невялікія вінакурныя заводзікі. На тэрыторыі Кармянскай воласці быў цагельны завод, пры ім дзейнічаў ганчарны цэх. Як бачым, прамысловасць не была галоўнай галіной гаспадаркі. Для простых людзей не хапала работы. І яны павінны былі часцяком адпраўляцца на заробкі, нават на шахты Данбасу.

Пачатак ХХ ст. прынёс у Расійскую імперыю вецер пераменаў. Не засталіся ў баку і землі нашага краю. Як намі адзначалася раней, сацыяльнае становішча значнай часткі бедных слаёў насельніцтва было незайздросным. А таму існавала даволі спрыяльная глеба для незадаволенасці.
У Карму ўсе навіны прыносілі кармянцы, якія вярталіся з заробкаў з гарадоў і іншых рэгіёнаў. Звычайна хата такога чалавека напаўнялась наведвальнікамі. Многія госці жадалі распытаць, а што там новага адбываецца ў “вялікім свеце”. Слухалі ўважліва пра тое, як рабочыя ў гарадах аб’ядноўваюцца і пачынаюць змагацца за свае правы. Казалі, што і сяляне маюць права мець тую зямлю, на якой праліваюць свой пот. Гэта знаходзіла свой водгалас у сэрцах і дзеяннях кармянцаў.
Паводле шматлікіх сведчанняў старажылаў, а гэта пацвярджаецца і архіўнымі дадзенымі, новае стагоддзе прынесла неспакой грамадска-палітычнай барацьбы і на Кармяншчыну. Самай распаўсюджанай была дзейнасць сацыял-дэмакратаў. Першыя звесткі пра гэта адзначаюцца яшчэ ў 1897 г., калі ў Гомелі ўзнікла першая сацыял-дэмакратычная група. Ёсць звесткі, што яе дзейнасць таксама была распаўсюджана і на іншыя паветы, у тым ліку і Кармяншчыну. Сюды прыязджалі яе прадстаўнікі, магчыма, членамі былі і нашы землякі (але гэты факт патрэбна праверыць). Праводзілася агітацыя, распаўсюджваліся лістоўкі.
У 1903 г. сацыял-дэмакраты структурыраваліся ў сацыял-дэмакратычную групу РСДРП. Шмат іх прыхільнікаў было ў вёсках Сырск, Вынашаўка, Ліцвінавічы, Навасёлкі і іншых. І ўжо праз некалькі месяцаў у другой палове 1903 г. такая група была створана ў Карме. Паводле архіўных дадзеных і сведчанняў старажылаў, група была шматлікай. Збіраліся “на хатах”, выконваючы ўсе правілы канспірацыі. Лістоўкі і іншую агітацыйную літаратуру атрымлівалі з Гомеля. Былі свае адказныя за распаўсюджанне лістовак і здзяйсненне сувязі. Напрыклад: Г. Зелічонак – в. Навасёлкі, Ф. Кузняцоў і К. Кузняцоў – в. Новая Зенькавіна і гэтак далей. Мясцовыя жыхары яшчэ і пасля рэвалюцыі і нават Вялікай Айчыннай вайны добра памяталі дзейнасць сацыял-дэмакратаў А. Блусянкова (в. Вынашаўка), Апанаса Шведава (в. Сырск). Памяталі і пра “цёцю Басю” (Басю Барысаўну Фінкельштэйн), якая па прафесіі была “бабкай-павітухай”, а таксама Ізраіля Фінкельштэйна, Шлейма Айзіковіча (быў сасланы ў Сібір). Каардынацыяй дзейнасці ў рэгіёне займаўся Палескі камітэт РСДРП, які быў створаны ў 1904 г.
Як Кармяншчыну закранулі падзеі рэвалюцыі 1905 – 1907 гг.?
Па ініцыятыве сацыял-дэмакратаў Кармы 1 мая 1905 г. ў Нова-Зенькаўскім лесе быў праведзены мітынг, у якім удзельнічалі жыхары мястэчка. Кожны ўдзельнік сацыял-дэмакратычнай групы меў заданне: прывесці на мітынг па некалькі чалавек. Месца выбралі даволі ўдала: на астраўку, у атачэнні балота. Урочышча мела назву Пагар. На мітынг сабралася больш за 200 чалавек. На самым відным месцы быў вывешаны чырвоны сцяг. Ад чачэрскіх сацыял-дэмакратаў тут прысутнічаў сапожнік Мейлах Брук, а ад гамяльчан – Авербах – прадстаўнік БУНДу. Прагучалі заклікі браць зямлю, “Далоў цара!”, “Далоў памешчыкаў!” і г. д. Пасля чаго мітынг фактычна разышоўся. На месцы засталася толькі сацыял-дэмакратычная група (прыкладна 30 чалавек), каб абмеркаваць свае партыйныя справы і планы на далейшую барацьбу. У гэты час сходку заўважыў стораж К. Талкачоў і распавёў пра гэта ў вёсцы. Група заможных сялян з Зенькавіны кінулася “лавіць бунтаўшчыкоў”. Некаторым сацыял-дэмакратам удалося ўцекчы. 14 чалавек было схоплена. Іх павезлі ў Карму. Пад’ехаў ураднік з двума стражнікамі, але на месцы больш нікога не знайшлі, толькі чырвоны сцяг пад мастом. Схопленых па дарозе моцна збівалі. У Карме іх пасадзілі ў камеры для зняволеных, а раніцай, пад выкліканай узброенай аховай адправілі ў Чачэрск. Там трымалі 2 ці 3 тыдні. Затым па распараджэнні пракурора іх вярнулі для следчых дзеянняў у Карму. У выніку суда з 14 да пазбаўлення волі былі асуджаныя 6 чалавек. Г. Зелянок атрымаў 3 гады пад паліцэйскі нагляд, бо ён быў схоплены толькі на прыстані і яго віна не была да канца даказана. Але ўжо ў 1908-1911 гг. па распараджэнні ўладаў яго адправілі ў войска.
Іншыя прыклады рэвалюцыйных падзей. Увосень 1905 г. (паводле іншых звестак – у жніўні) пасля таго, як збожжа было зжата, заставалася яго толькі звезці для малацьбы, уначы адначасова запылалі 4 памешчыцкія гумны (2 – памешчыцы Быкоўскай і 2 – Дзерналовіча). Сяляне захапілі ўраджай і размеркавалі па сваіх дварах. Затым сталі захопліваць “адрэзкі” ў пані Быкоўскай. Многія памешчыкі былі напалоханы і пакінулі свае маёнткі. Але неўзабаве пан Дзерналовіч вярнуўся з атрадам чаркесаў. Сялянам быў прад’яўлены ўльтыматум: вярнуць збожжа. Уначы пачаліся арышты ў мястэчку і навакольных вёсках. Паводле даносу папа былі арыштаваны А. Блусянкоў, Бісюкоў, Шурын, Шлейма і інш. 5 чалавек саслалі ў Сібір, астатніх падверглі цялеснаму пакаранню (і гэта ў пачатку ХХ ст.!). Як гэта было? Мясцовым суддзёй быў Цыбікаў, справаводам – пісар валасной управы Асмалоўскі, а выканаўцам прысудаў – кармянец Г. Зелічонак. Мясцовыя жыхары добра памяталі, што, як правіла, суддзя выносіў прысуды ў залежнасці ад “гарэлкі”. Так, той, хто “заплаціць ёй, атрымлівае ўдары “не больна”, хто не – удары “да крыві”.
Яшчэ адно сведчанне рэвалюцыйнай актыўнасці нашых землякоў знаходзім у “Данясенні магілёўскага губернатара міністру ўнутраных спраў” ад 16 чэрвеня 1905 г. (Документы и материалы по истории Белоруссии. Мн., 1953. Т. 1. С. 504.): “По донесению исправника Рогачевскому у., крестьяне дер. Михалевки явились 9 июня с кольями в им. Гуту Селивестровой и заставили рабочих прекратить работу, пригрозив в случае неисполнения требований, перебить рабочих; последние прекратили работу. Затем толпа направилась к помещичьему дому и предъявила помещице следующие условия: а) плату в день: мужчине 60 коп., женщине 40 коп.; б) начало работ – 6 часов утра, конец – 6 часов вечера; в) во время жатвы и покоса цену увеличить: мужчине от 75 коп до 1 руб., женщине – до 60 коп. Цен этих никогда не существовало.
11 июня те же крестьяне, прогнав рабочих с фольв. Колотин, опять явились в им. Гуту, но, встретив полицию, повернули обратно по засеянным лугам помещицы, заявляя, что, если их будут преследовать, они сумеют защищаться, и показали ножи, кистени и пр.
При увещевании крестьян земским начальником и исправником они держали себя крайне дерзко и вызывающе.”
Сялянскія выступленні у 1905 г. адбываліся таксама ў Кароцьках, Навасёлках, Каменцы. Усе яны былі жорстка падаўлены ўладамі. А рэвалюцыйны рух на Кармяншчыне заціх. Сацыял-дэмакратычная група фактычна распалася. Да 1917 г. у нашай мясцовасці не адзначалася значных і актыўных народных выступленняў. Нават тыя сацыял-дэмакраты, якія праз 3 гады вярнуліся з ссылкі, не праяўлялі асаблівай актыўнасці аж да ўстанаўлення савецкай улады. А некаторыя нават з’ехалі ў Канаду і Злучаныя Штаты Амерыкі (напрыклад Фінкельштэйн з “цёткай Басяй” і браты-блізняты Плоткіны).
Але вынік гэтых выступленняў быў. Многія кармянскія землеўладальнікі і прамыслоўцы пачалі таропка распрадаваць ці здаваць у арэнду зямлю і прадпрыемствы і назаўсёды пакідаць Кармяншчыну. Пакінулі свае маёнткі Быкоўскія (пані Быкоўская прадала свае ўладанні пляменніку А. Бачкову за 20 тысяч рублёў. Новы ўладальнік прадаў засажэўскі лес за 300-350 тысяч рублёў. Свае землі ён заклаў у банк і прапанаваў купіць сялянам Зенькаўшчыны і Куракаўшчыны. Аб яго маральным абліччы сведчыць наступны факт: падпал застрахаванай маёмасці ў в. Хатоўка. Знешне ён хацеў быць “бліжэй да народу”, забараняў называць сябе “панам”. Казаў пры гэтым: “Называйце мяне проста: Аляксандар Аляксандравіч”.
Пан Дзерналовіч перапрафіляваў свой крухмальны завод у спіртовы. Пані Чарапанава ў сваім Хізаве і пан Чарнышоў у Ліцвінавічах будуюць вінакурныя заводы (якія былі разбураны ў выніку падзей 1917-1918 гг.).
Напярэдадні рэвалюцыі 1917 г. пан Дзерналовіч пакінуў Кармяншчыну, з’ехаўшы ў маёнтак сваёй жонкі (в. Радзькова, Быхаўскі павет), а затым у Варшаву.

***
Паважаныя сябры! На гэтым я завяршаю друкаванне “Нарысаў гісторыі Кармяншчыны”, у якіх упершыню вы на працягу некалькіх год знаёміліся ў сістэматызаваным выглядзе з гістарычным шляхам нашага краю ад старажытных часоў да 1917 г. Дзякуй усім прыхільнікам “Краязнаўчай крынічкі”! Спадзяюся, сярод маіх землякоў знойдуцца паслядоўнікі, і мы даведаемся яшчэ шмат чаго цікавага.
З павагай Валерый Варганаў.

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"