Маёнтак “Стэфанава”: гісторыя ёсць, а ці ёсць будучыня?

Даследаванне гісторыі жыцця і дзейнасці вышэйшых саслоўяў усходніх зямель былой Рэчы Паспалітай, якія напрыканцы ХVIII ст. былі ўключаны ў склад Расійскай імперыі, з’яўляецца дастаткова цікавай тэмай. На жаль, доўгі час яна з’яўлялася неактуальнай, асабліва што датычылася правінцыяльнай шляхты. Таму за невялікі прамежак часу мы амаль згубілі значны пласт гісторыі свайго роднага краю. Прапануем чытачам некаторыя звесткі з гісторыі шляхты на тэрыторыі Кармяншчыны.

Старадаўніх сядзіб у нашай краіне захавалася не так ужо і шмат. Некаторыя з іх аднаўляюцца, і ў перспектыве іх чакае светлая будучыня, некаторыя – павольна знікаюць, пакідаючы пасля сябе толькі памяць аб былой велічы. Практычна ў кожным раёне нашай краіны ёсць шляхецкія маёнткі, руіны прамысловых будынкаў (млыны, вінакурні), рэшткі прысядзібнага парку або сажалкі. Аднак гэта не проста груда камянёў або зараснікі – гэта цэлая эпоха ў гісторыі нашай Радзімы, гэта памяць (як вядома, народ жыве да таго часу, пакуль памятае і шануе сваю гісторыю).
На жаль, інфармацыі аб радавых маёнтках вельмі мала. Таму я пазнаёмлю вас з гісторыяй аднаго з іх, што захаваўся на тэрыторыі Кармянскага раёна – маёнтак “Стэфанава”, які належаў роду Дорыя-Дзерналовічаў (герб Любіч). Акрамя згаданага, на тэрыторыі Гомельскай вобласці гэтаму роду належалі маёнткі “Рагінь”, “Роўкавічы”, “Плюсішчы” (тэрыторыя сучаснага Чачэрскага раёна), “Вікторын” (тэрыторыя сучаснага Буда-Кашалёўскага раёна), а таксама “Радзькаў” і “Хальч” у Магілёўскай воб-ласці. Да нашых дзён дайшлі толькі руіны сядзібнага дома ў маёнтку “Вікторын” і вінакурні – “Рагінь”.
Гісторыя “Стэфанава” пачынаецца ў канцы XVII – пачатку XVIII стст., калі ён быў набыты родам Дорыя-Дзерналовічаў ў польскага памешчыцкага роду Якса-Быкоўскіх. Першапачаткова маёнтак называўся Сырск або Сарск – па назве найбліжэйшай вёскі. Толькі з XVIII стагоддзя за ім замацавалася назва “Стэфанава”, якая, хутчэй за ўсё, паходзіць ад імя Стэфана Дорыя-Дзерналовіча (уладальнік маёнтка ў межах 1798-1845 гг.). Пасля яго смерці, паводле спісу землеўладальнікаў Рагачоўскага павета Магі-лёўскай губерні за 1864 год маёнткам валодала яго жонка Пелагея Дорыя-Дзерналовіч (памерла ў 1893 г.). Наступным уладальнікам быў іх унук Аляксандр Дорыя-Дзерналовіч (1870-1917 гг.). Менавіта пры ім пачалося фарміраванне сучаснага па тых часах сядзібна-гаспадарчага комплексу, у які ўваходзілі дом, парк, сажалка, млын, вінакурня.
Агульная плошча “Стэфанава” складала 1375,58 га, таксама туды ўваходзілі два фальваркі: Гарадок плошчай 468,69 га, размешчаны на беразе ракі Сож і Добрыч – 19,66 га. Акрамя таго, Аляксандру Дорыя-Дзерналовічу належалі 6 каменных і 36 драўляных лавак у мястэчку Карма (знаходзілася ў 2 км ад маёнтка), якія ў камерцыйных мэтах былі здадзены ў арэнду мясцовым яўрэям.
Сядзібны дом у маёнтку “Стэфанава” быў пабудаваны ў канцы XIX стагоддзя. Усе ў акрузе называлі яго палацам, так як ён меў выгляд шыкоўнай шляхецкай рэзідэнцыі, якая была пабудавана ў стылі эклектыка, распаўсюджаным у той час у архітэктуры Беларусі. Белыя цагляныя сцены, балконы, тэрасы, высокія праёмы вокнаў і высокая столь надавалі будынку веліч і непаўторны шык. Сядзібны дом быў ў форме сіметрычнай прамавугольнай кавадлы, два крылы якой злучаліся паміж сабой часткай першага паверха. У цэнтральнай частцы сядзібы на першым паверсе знаходзіліся кабінет ўладальніка маёнтка, велізарная гасцёўня з камінам і фартэпіяна, дзе ладзіліся шыкоўныя прыёмы гасцей. Акрамя таго, тут размяшчаліся сталовая, пакоі для прыслугі. Другі паверх мелі толькі бакавыя часткі будынка. Тут былі размешчаны спальныя пакоі, ванная, бібліятэка, капліца. Унутранае ўбранне дома складалі шыкоўная мэбля, паляўнічыя трафеі ўладальнікаў, а таксама партрэты і карціны. Перад галоўным уваходам у сядзібны дом размяшчалася вялізная клумба, на якой кожны год высаджвалі з кветак фамільны герб роду Дорыя-Дзерналовічаў – “Любіч”.
Выйшаўшы з галоўнай гасцінай на двор, можна было трапіць на адкрытую, пафарбаваную ў белы колер, паўкруглую, драўляную тэрасу, на якой размяшчаліся стол і крэслы. Адсюль вачам адкрываўся прыгожы выгляд на дагледжаную тэрыторыю. Тут у летнюю пару за кубкам духмянай кавы любілі збірацца ўладальнікі маёнтка і абмяркоўваць надзённыя справы.
Будынак сядзібы набываў сваё раскошнае аблічча ў спалучэнні з цудоўнымі садам і паркам, якія размяшчаліся вакол яго. Парк у маёнтку “Стэфанава” складаўся з дзвюх частак. У паўднёвай размяшчалася велізарная колькасць клумбаў з кветкамі, газоны, дэкаратыўныя расліны і розныя дрэвы. Заходняя частка ўяўляла сабой непарушны куток прыроды, дзе жылі розныя птушкі, расло шмат грыбоў і лясных траў. Увесь парк быў акружаны жывой агароджай. Злева размяшчаўся сад і аранжарэя, у якой вырошчвалі вінаград, артышокі, лімоны і мандарыны.
За садам размяшчаліся гаспадарчыя пабудовы: стайні, кароўнікі, свінарнікі. У маёнтку існаваў паравы млын, а ў 1905 годзе гаспадары пабудавалі крухмальны завод, які ў 1913 годзе быў пераабсталяваны пад вінакурню. Увесь гаспадарчы комплекс (млын і вінакурня) абслугоўвалі ад 10 да 15 чалавек. Абсталяванне Аляксандр Дорыя-Дзерналовіч закупіў за мяжой, гэта былі паравы пралётны кацёл фірмы “В. Фицнеръ і К. Гампер” (паверхня нагрэву складала 179 кв. фунтаў, а працоўны ціск дасягаў 6 атмасфер), паравы гарызантальны рухавік у 40 конскіх сіл з перадатачнай трансмісіяй, насос Ворцінгтана, інжэктар для паравога катла і інш. Гадавая прадукцыйнасць такога прадпрыемства была прыкладна 11-12 тысяч вёдзер (1 вядро – 12 літраў) сырога хлеба-бульбянога саракаградуснага спірту ў год, а мукі і круп – па патрабаванні.


Такім чынам, у маёнтку “Стэфанава” ў канцы XIX – пачатку XX ст. функцыянаваў ўзорны сядзібна-гаспадарчы комплекс. Аднак падзеі пачатку ХХ ст. не пашкадавалі ні уладальнікаў, ні сам маёнтак. У красавіку 1917 г. Аляксандр Дорыя-Дзерналовіч памірае. Падзеі кастрычніка 1917 г. у Расіі ўносяць свае карэктывы ў жыццё ўладальнікаў “Стэфанава” – яны вымушаны былі з’ехаць у Польшчу. Маёнтак і ўсе гаспадарчыя пабудовы былі нацыяналізаваны, маёмасць – разрабавана.
Наша краіна багатая сваёй гісторыяй, але як зберагчы яе для нашых нашчадкаў? Адказ на гэтае пытанне павінен знайсці кожны з нас.

Падрыхтавалі І. Ігнаценка, І. Міроненка, настаўнікі гісторыі ДУА “Гімназія г.п. Карма”

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"