Землеўладальнікі ў Кармянскай воласці Рагачоўскага павета Магілеўскай губерні ў канцы XVIII – пачатку XX ст.ст.

(Працяг)

Герб Любіч роду Дорыя-Дзерналовічаў

У вёсцы Янаўка 1104 дзесяціны зямлі належала губернскаму сакратару Мікалаю Башмачанку, які выкупіў гэтыя землі ў 1870 г., а пазней здаў у арэнду. 904 дзесяціны было адведзена пад лес, 120 пад ворыва і 25 пад сенажаць. На гэтай тэрыторыі размяшчаўся вадзяны млын і сукнавальня, з якой арандатар атрымліваў 110 рублёў прыбытку ў год.
Вёску Сырск ў 1862 г. па спадчыне атрымала дваранка Пелагея Дорыя-Дзерналовіч. Акрамя 2000 дзесяцін зямлі, яна валодала карчмой, з якой мела прыбытку 150 рублёў, вадзяным млынам і сукнавальняй, прыбытак з якіх складаў 200 рублёў у год.
Падпалкоўнік Аляксандр Самуілавіч Мелех ў 1867 г. выкупіў 282 дзесяціны зямлі ў вёсцы Рэут. З іх лясы займалі 109 дзесяцін, ралля і сенакос – 118 і 15 дзесяцін адпаведна. Таксама ў яго ўласнасці знаходзіліся вадзяны млын і крупадзёрка, з якіх ўладальнік меў 500 рублёў гадавых.

Вёска Кароцьки зараз

110 дзесяцінамі раллі і 10 сенакосу ў вёсцы Кароцькі належалі мешчаніну Тамашу Васільевічу Пухоўскаму. Дадзеную тэрыторыю ён атрымаў па спадчыне ў 1867 г.
121 дзесяціна зямлі ў Короцьках належала двараніну Івану Андрэевічу Рымкевічу, які атрымаў яе ў спадчыну ў 1855 г. і пазней значна пашырыў за кошт набыцця новых зямель.
Прадстаўнік дваранскага роду Случаноўскіх, Іван Захаравіч, з 1875 г. валодаў 1160 дзесяцінамі зямлі ў вёсцы Навасёлкі, таксама ў яго распараджэнні быў млын. Акрамя таго, Случаноўскім належалі землі ў Доўскай воласці, у вёсцы Стараград – 1004 дзесяціны зямлі.
З 1870 г. 116 дзесяцін зямлі ў вёсцы Багданавічы належала штабс-капітану Антону Дзям’янавічу Хілінскаму.
Значныя змены ў землеўладанні адбыліся пасля адмены прыгоннага права ў 1861 г. Колькасць землеўладальнікаў папоўнілася былымі прыгоннымі сялянамі, а пасля Сталыпінскай рэформы лік населеных пунктаў Кармянскай воласці павялічыўся, дзякуючы стварэнню новых хутароў.
У 1910 годзе быў складзены “Спіс населеных месцаў Магілёўскай губерні”. У ім змяшчаецца спіс населеных пунктаў і іх уладальнікаў у Кармянскай воласці, а таксама прыводзіцца спіс вёсак, якімі кіравала сельская грамада.
У пачатку ХХ ст. вёскі Струмень, Бярозаўка, Барсукі, Сырская Буда, Вашчанкі, Вынашаўка, Дзянісаўка, Добрыч, Зяцькавічы, Куракаўшчына, Кучын, Лебядзёўка, Малянік, Млынок-Тарахаўка, Новая Зенькавіна, Навасёлкі, Рэут, Рудня, Старая Зенькавіна, Сырск належалі сельскай грамадзе.
У вёсцы Каменка часткай зямель валодала сельская грамада, астатняя частка знаходзілася ў аднайменным фальварку, уладальнікам якога быў дваранін А. Богуш. Землі вакол вёскі Лазовіца таксама належалі сельскай грамадзе і мяшчаніну І.П. Хадановічу.
Мястэчка Карма і земля вакол яго былі падзелены на тры часткі: першая належала грамадзе, другая – дваранам Быкоўскім, трэцяя – царкве. Царкоўныя землі меліся і ў вёсцы Навасёлкі.
Хутар Курганіца (па левым беразе Сожа) належаў мяшчанам братам Хадановічам. Хутар Астроўніца – селяніну Е. Марчанку. Хутарам Васільеўка валодала 11 сялян, прозвішчы якіх не захаваліся. У вёсцы Кароцькі ў 1910 г. налічвалася 170 уладальнікаў зямель з ліку сялян, мяшчан і дваран. Хутар Ланіца належаў 13 сялянам. 20 сялян і мяшчан валодалі зямлёй ў ваколіцы Малашкі. Землі вакол хутара Восаў належалі 7 сялянам. Ваколіцай Востраў валодала 29 мяшчан і сялян. У ваколіцы Сапагі налічвалася 78 уладальнікаў з ліку сялян і мяшчан. Землі вакол вёскі Струмень былі падзелены паміж 126 ўладальнікамі з сялян і мяшчан. Ваколіцай Хулапаўка валодала 57 сялянскіх гаспадарак.
Дваранскі род Случаноўскіх валодаў фальваркамі Бялёў, Малы Млынок, Млынок-Тарахаўка, Навасёлкі. Фальварак Бялёў-Малы, у сваю чаргу, належаў мешчаніну С. Быкоўскаму.
Дорыя-Дзерналовічы валодалі фальваркамі Гарадок (на правым беразе Сожа), Полахаць і Стэфанава.
Дваранам В. і П. Казлоўскім належаў фальварак у Рудні Добрыцкай. Фальварак Янаўка – двараніну Т. Богушу.
У 1911 г. з’яўляюцца “Спісы садаўладальнікаў Магілёўскай губерні”, складзеныя пад кіраўніцтвам сакратара Магілёўскага губернскага статыстычнага камітэта Б.А. Мельнікава. У дадзеных спісах пералічваецца колькасць фруктовых дрэў, якія належалі феадалам, і назвы вёсак, у якіх знаходзіліся сады.
Непасрэдна на тэрыторыі сучаснай Кармяншчыны дваранка Кацярына Быкоўская валодала 300 яблынямі і 3 грушамі. У вёсцы Янаўка дваранін Іван Богуш валодаў 1000 яблынь, 100 грушамі і 100 костачкавымі дрэвамі. У вёсках Навасёлкі і Тарахаўка дваране Марыя і Міхаіл Случаноўскія валодалі 500 яблынямі, 13 грушамі і 20 костачкавымі дрэвамі. У маёнтку Стэфанава знаходзіўся самы вялікі дваранскі сад, які належаў дваранскаму роду Дорыя-Дзерналовіч. Ён складаўся з 1200 яблынь, 800 груш і 100 костачкавых дрэў. Таксама на тэрыторыі Кармянскай воласці ў вёсцы Бялёў садам з 200 яблынь, 20 груш і 50 костачкавых дрэў валодаў мяшчанін Андрэй Усціновіч.
Такім чынам, дзякуючы вышэй пералічаным крыніцам ўдалося прасачыць змены ў землеўладанні і землекарыстанні на тэрыторыі Кармянскай воласці Рагачоўскага павета Магілеўскай губерні амаль за 200 год. Як бачым, некаторыя прадстаўнікі шляхты XVIII стагоддзя гублялі, прадавалі або здавалі ў арэнду свае тэрыторыі. Пасля адмены прыгоннага права шэрагі землеўладальнікаў папоўнілі сяляне, якія пасля 1861 г. здолелі стаць уласнікамі сваіх зямельных надзелаў.
І. Міроненка,
настаўнік гісторыі
гімназіі г.п. Карма

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"