Чым жыла Кармяншчына. Кастрычнік

1953 год 18 кастрычніка.
З кожным годам у калгасах раёна павялічваецца аўтапарк.
Выканаўшы план здачы малака сельгасарцелі імя Сталіна Куракаўскага сельсавета прадаюць малако дзяржаве. За прададзенае малако яны набылі па адной аўтамашыне.
Калгаснікі сельгасарцелі імя Сталіна Куракаўскага сельсавета рашылі пабудаваць электрастанцыю. На будаўнічай пляцоўцы ідзе напружаная работа. Ужо закладзен фундамент, набыт лакамабіль. Гэта трэцяя электрастанцыя ў раёне. Будаўніцтва двух другіх (калгасы “Большавік” і “Новы мір”) ужо заканчваецца. З іх пускам будуць асветлены дамы калгаснікаў, жывёлагадоўчыя памяшканні.
Многія калгасы сустракаюць 36-ю гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі выкананнем плана ўсіх відаў нарыхтовак.
Сельгасарцель імя Сталіна Струкачоўскага сельсавета поўнасцю разлічылася з дзяржавай па збожжанарыхтоўках, завяршае бульбаздачу. Выканан план жывёлагадоўчай прадукцыі – малака і мяса. Разлічыўся па мясапастаўках з дзяржавай і калгас імя Молатава. Тут арганізавалі адкорм свіней і поўнасцю выканалі заданне па здачы свініны.
Штодзённа паступае дзяржаве ільнатраста. Рад сельгасарцелей завяршаюць ільназдачу.
1958 год 23 кастрычніка.
Камсамольскі нядзельнік па будаўніцтву кінабудкі праведзен у чацвёртай паляводчай брыгадзе калгаса імя Лепяшынскага. У ім прынялі ўдзел камсамольцы і моладзь брыгады.
У вызначаны час да брыгаднага клуба з’явіліся муляры Уладзімір Гайкоў, Міхаіл Чупругін, Павел Семчанка, вучань Літвінавіцкай сярэдняй школы Віктар Марозаў, члены ВЛКСМ Пётр, Іван і Мікалай Гайковы. Узначальваў правядзенне гэтага мерапрыемства сакратар камсамольскай арганізацыі брыгады Пётр Ратнікаў.
Дружна ўзяліся камсамольцы і моладзь за справу. Хутка быў падрыхтаваны раствор, застукалі кельмы. Адны падавалі раствор, другія цэглу. Ужо за першую палавіну дня была ўзведзена большая частка будкі. Засталося пакласці два — тры рады цэглы і будка была б гатова, але з-за недахопу матэрыялаў будаўніцтва ў гэты дзень прыйшлося спыніць.
Добрую справу зрабілі камсамольцы.
1958 год 28 кастрычніка.
За ўдзел у карысна-вытворчай працы Гомельскі абком камсамола ўзнагародзіў камсамольскую арганізацыю Кармянскай рускай сярэдняй школы Ганаровай граматай. Другую грамату школа атрымала за ўдзел у вучнёўскай вытворчай брыгадзе.
Ганаровыя граматы і каштоўныя падарункі атрымалі камсамолкі Л.Васілеўская і А.Цітова.
1968 год 19 кастрычніка.
На цэнтральнай сядзібе саўгаса “Стараградскі” узведзен двухпавярховы дом. На першым паверсе размесцяцца сталовая і магазін, на другім – чатыры кватэры для рабочых і служачых гаспадаркі.
Зараз у памяшканні ідуць аддзелачныя работы. Будаўнікі далі слова здаць дом да 51-ай гадавіны Вялікага Кастрычніка.
Падрыхтавала
Кармянская цэнтральная бібліятэка

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"