На зямлі Кармяншчыны

1943 год. Пасля бітвы пад Курскам разгарнулі наступленне злучэнні Бранскага фронта і 17 верасня авалодалі горадам Бранск. Ад Бранска войскі фронта імкліва рухаліся да граніцы Беларусі і ўжо 26 верасня вызвалілі раённы цэнтр Магілёўскай вобласці Хоцімск.
У пачатку кастрычніка Чырвоная Армія, гонячы фашысцкіх акупантаў на захад, вызваліла зарэчную частку раёна і выйшла на рубяжы ракі Сож. У межах раёна да ракі падыйшлі войскі 3-й і 63-й армій. Перад злучэннем фронта была пастаўлена задача: разгарнуць наступленне з мэтай вызвалення Гомеля і вобласці, распрацавана Гомельска-Рэчыцкая аперацыя. Правафланговыя злучэнні фронта, у першую чаргу трэцяя армія, павінны былі прарваць абарону ворага – на рацэ Сож паміж Кармой і Слаўгарадам, развіць наступленне ў глыбіню і шырыню і выйсці да Дняпра паміж Рагачовам і Быхавам.
25 лістапада падраздзяленні 3-й арміі вялі баі ў паўднёвай частцы раёна. Аб ходзе баёў у 1943 годзе на тэрыторыі раёна і расказваецца ў гэтым артыкуле, які падрыхтаваны па ўспамінах былога начальніка штаба васьмідзесятага стралковага корпуса, які ўваходзіў у склад трэцяй арміі, генерал-маёра Уладзіміра Аляксандравіча Куўшыннікава і былога камандзіра 121-й гвардзейскай Гомельская стралковай дывізіі Героя Савецкага Саюза Логвіна Данілавіча Чэрвонія.

“Выхад Савецкай Арміі ва ўсходнія раёны Беларусі ў пачатку кастрычніка 1943 года прымусіў ворага трымаць тут буйныя сілы – звыш 70 дывізій, у якіх налічвалася да 10 тысяч гармат і мінамётаў, каля 1400 танкаў, штурмавых гармат. У групе нямецка-фашысцкіх армій “Цэнтр” налічвалася да 1,5 мільёна чалавек і каля 1000 самалётаў.
Гэтымі сіламі гітлераўскае камандаванне меркавала затрымаць рух савецкіх войск. Вораг працягваў умацоўваць сваю абарону. На шматлікіх рэках, у міжазёрных дэфіле і сярод непраходных балот была створана сістэма прамежкавых рубяжоў…
З 6 кастрычніка пачаліся баі ў паласе ад Невеля да вусця Прыпяці… З усходу на Оршу і Магілёў наносілі ўдар войскі заходняга фронта, а з Поўдня на Гомель, Бабруйск – войскі Цэнтральнага фронта” (Вялікая Айчынная вайна. Выданне другое, Масква, 1973 г.).
З 10 па 30 лістапада войскі Беларускага фронта (Цэнтральны і Бранскі былі зліты ў адзіны і названы Беларускім) праводзілі наступальную аперацыю, якая атрымала назву “Гомельска-Рэчыцкая”. 65-я армія генерала П.І. Батава фарсіравала ў раёне Лоева Днепр, вызваліла Рэчыцу, Горваль, Шацілкі. Але вораг яшчэ трымаўся ў Гомелі. Трэцяй арміі, якой камандаваў генерал А.В. Гарбатаў, было загадана пачаць наступленне паўночней Гомеля, прарваць абарону фашыстаў паміж вёскамі Паштовая Глінка – Літвінавічы, развіць наступленне на захад, зматваючы адначасова абарону ворага на поўнач і поўдзень месца прарыву.
У той час у першым эшалоне арміі знаходзіўся 80-ты стралковы корпус у складзе 362-й Чырвонасцяжнай і 121-й гвардзейскай стралковых дывізій і двух артылерыйскіх гвардзейскіх дывізій. Ён займаў абарону па ўсходняму берагу Сажа ад вёсак Дубна на поўначы да Загор’я на поўдні.
Амаль насупраць вёскі Салабута паміж Студзянцом і Міхееўкай яшчэ ў кастрычніку корпус на правым беразе ў пойме Сажа захапіў і ўтрымліваў невялікі плацдарм плошчай каля трох квадратных кіламетраў. Нашымі падраздзяленнямі ў той час таксама былі вызвалены населеныя пункты Салабута, Студзянец, Міхееўка. Але пад моцным націскам фашыстаў нашы падраздзяленні былі вымушаны пакінуць гэтыя вёскі і заняць абарону на плацдарме.
Кастрычнік, першая палавіна лістапада ў паласе корпуса былі перыядам баёў, як пісалася ў зводках Савецкага Інфармбюро, мясцовага значэння. За летне-асеннее наступленне тылы расцягнуліся, у шматлікіх баях злучэнні страцілі нямала салдат і афіцэраў, баявой тэхнікі.
Бездарожжа, восень перашкад-жалі своечасова падцягнуць да перадавой боепрыпасы, тэхніку, папоўніць палкі і дывізіі асабовым саставам.
14 лістапада камандарм – 3 аддаў загад аб падрыхтоўцы і пераходзе арміі ў наступленне. Пачаўся пошук месца прарыву. Пасля рэкагнастыроўкі на мясцовасці прадстаўнікі штаба арміі і камандаванне корпуса прыйшло да думкі, што лепей пачынаць наступленне з пятачка-плацдарма. Але тут узнікла другое пытанне: як размясціць перадавыя падраздзяленні на невялічкім участку, забяспечыць скрытнасць падрыхтоўкі. Плацдарм знаходзіўся на лузе, а лінія абароны фашыстаў была на ўзвышшах, адкуль праглядалася пойма Сажа да самага лесу. Любы рух на пойме вораг шчыльна пакрываў кулямётным і мінамётным агнём.
Толькі ноччу вялі падрыхтоўку. Прыбываючыя палкі і дывізіёны адразу ж закопваліся ў зямлю, маскіраваліся і нічым не выдавалі сябе ворагу. Вораг не заўважыў нашых падрыхтаванняў.
Для ўзмацнення 80-га стралковага корпуса ў яго састаў загадам камандуючага арміі былі перададзены 17-я і 283-я Чырвонасцяжныя стралковыя дывізіі, два артылерыйскія палкі. Танкавыя падраздзяленні і авіяцыя на гэты напрамак не выдзяляліся.
Камандаваў корпусам энер-гічны і ініцыятыўны генерал Іван Лявонцьевіч Рагуля. 21 лістапада артылерыя заняла агнявыя пазіцыі і правяла прыстрэлку. Вялікую работу правялі сапёры пад кіраўніцтвам корпуснага інжынера т. Осіпава. Ноччу перад наступленнем яны размініравалі праходы ў мінных палях. Група сапёраў на чале з сержантам Мікалаем Шыкіным прапанавала пад варожыя дротавыя загароджы падкласці зарады і ўзарваць іх у час артылерыйскай падрыхтоўкі. Рэзаць калючы дрот ноччу, абчапаны рознымі бляшанкамі, якія пры датыкненні да агароджы выклікалі дразгаценне і насцярожвалі фашыстаў, было небяспечна. Заўважыўшы праходы ў дроце або сапёраў за работай, вораг мог здагадацца аб падрыхтоўцы да наступлення, прадпрыняць контрмеры. Участак жа перад плацдармам, як выявіла разведка, абаранялі да двух пяхотных нямецкіх батальёнаў. У глыбіні варожай абароны было да пяці дывізіёнаў артылерыі і рэзервы пяхоты ў раёне вёсак Хляўно, Слоўня, Быч.
У ноч на 22 лістапада на камандным пункце корпуса апошнія прыгатаванні, правяралася гатоўнасць войск. Світанне чакалася з хваляваннем. Ці не выявіў вораг нашай падрыхтоўкі, ці не прадпрыняў контрмеры? На маленькім пятачку плацдарма было сканцэнтравана 6 стралковых палкоў з артылерыяй.
Марудна, здавалася, цягнецца ноч. Вось і шэры туманны ранішні золак. Ціха. У 8 гадзін 50 мінут узняліся чырвоныя ракеты. У гэты ж момант ударылі гарматы. Сяржант М. Шыкін крутануў ручку падрыўной машынкі. Чатыры чорныя слупы дыму з моцнымі выбухамі ўскалыхнулі паветра. У варожай дротавай загароджы чатыры вялікіх праходы.
Моцная артылерыйская апра-цоўка пярэдняй абароны ворага працягвалася 10 мінут. Прыціскаючыся бліжэй да разрываў сваіх снарадаў пяхотныя падраздзяленні кінуліся ў атаку.
Артылерыя надзейна падавіла агнявую сістэму ворага. Падраздзяленні 283 і 17 стралковых дывізій, якія наступалі ў напрамку галоўнага ўдара, з боем рухаліся на Хляўно. 362-я дывізія накіравала свій удар на поўнач, 121-я гвардзейская наступала на Літвінавічы, Карму, расшыраючы прарыў на поўдзень. Праз 40 мінут пасля атакі воіны 1210 палка 362-й Чырвонасцяжнай дывізіі авалодалі вёскай Міхееўка і рухаліся паўз дарогу на Казімірова. Выбілі ворага з траншэй падраздзяленнямі 283-й Чырвонасцяжнай дывізіі, авалодалі вёскай Салабута і прасоўваліся на поўнач. У 11 гадзін 30 мінут вызвалена вёска Хляўно, дзе захоплены важныя штабныя дакументы і трафеі. 17-я стралковая дывізія ў 10 гадзін 40 мінут вызваліла ад захопнікаў вёску Лабыроўка. Паспяхова наступалі падраздзяленні 121-й стралковай дывізіі на поўдзень ад месца прарыву.
К адзінаццаці гадзінам раніцы камандаванне варожых войск крыху ачуняла ад нечаканага ўдару і арганізавала контратакі.
Наступаючыя падраздзяленні іх адбілі і з баямі ішлі ўперад. Да канца дня 22 лістапада войскі корпуса на галоўным напрамку прарыву прасунуліся на 16 кіламетраў, перарэзалі шасэ Слаўгарад (Прапойск) – Доўск. У першы дзень бою фашысты страцілі да 1000 чалавек забітымі і параненымі. Былі ўзяты палонныя, захоплена 30 гармат, 20 радыёстанцый, шмат кулямётаў, аўтаматаў, чатыры склады, у тым ліку два з боепрыпасамі.
Вечарам гэтага ж дня камандарм пачаў перапраўляць на заходні бераг Сожа свой другі эшалон – 41-ы стралковы корпус. Задача яго была – наступаць у паўднёва-заходнім напрамку на Доўск – вузел шасэйных дарог.
З раніцы 23 лістапада 1943 года дывізіі 80-га корпуса працягвалі наступленне. Вораг падцягнуў за ноч рэзервы. Натупаючыя войскі адбілі 6 контратак варожай пяхоты з танкамі і самаходнымі гарматамі.
К канцу трэцяга дня наступлення войскі корпуса прарвалі варожую абарону ў шырыню на 50 кіламетраў і ў некаторых месцах выйшлі да Дняпра паміж Быхавым і Рагачовам. Магілёўская і Гомельская групоўкі нямецка-фашысцкіх войск паміж рэкамі Днепр і Сож былі раз’яднаны.
12-я гвардзейская дывізія, задача якой была зварочванне варожай абароны ад месца прарыву, вызваленне г.п. Карма з наступным ударам на паўднёвы захад ад Кармы, за 22 лістапада прасуналася на 8-10 кіламетраў і вызваліла вёскі Студзянец, Рудня, пасёлкі Рагозны і Касяляцкі. Неўміручы подзвіг здзейсніў камандзір роты капітан М.Г. Калінкін. Нечакана каля пасёлка Рагозны па наступаючых з дзота быў адкрыты кулямётны агонь. Штурмавую групу па знішчэнню агнявой кропкі ўзначаліў М.Г. Калінкін, паўтарыўшы на зямлі Кармяншчыны подзвіг Матросава. Капітан М.Г. Калінкін (пасмяротна) удастоены звання Героя Савецкага саюза.
Масавы гераізм праяўлялі воіны. Сяржант М. Шыкін з групай сапёраў знішчыў агнявую кропку ў вёсцы Студзянец. Яго група блакіравала і ўзарвала тры дзоты ў вёсцы Літвінавічы. За гераізм і мужнасць, праяўленыя ў гэтых баях, Мікалаю Шыкіну прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях за вызваленне раёна, звання Героя Савецкага Саюза (пасмяротна) удастоены камандзір батальёна 340-га гвардзейскага палка маёр М.С. Цыбульскі. Шмат салдат, сержантаў, афіцэраў было ўзнагароджана баявымі ордэнамі і медалямі.
Пасля тако, як гвардзейцы 121-й дывізіі вызвалілі Студзянец, камдзіў увеў у бой полк маёра І.І. Холабцава, які артрымаў загад наступаць у напрамку вёсак Зяткавічы і Рудня. Батальён гэтага палка, дзе быў камандзірам капітан Е.І. Бузыкін, сумесна з батарэяй капітана В.К. Едзінцова занялі вёску Рудня і наступалі на Дубравіна (Кабылічы).
Дывізія працягвала наступленне ноччу з 22 на 23 лістапада. 432-гі полк пад камандаваннем падпалкоўніка Ф.А. Ячнева паспрабаваў з ходу авалодаць Літвінавічамі. Аднак поспеху не меў. Толькі на доствітку 23 лістапада байцы ўварваліся на паўночна-усходнюю ўскраіну і зноў былі спынены моцным агнём з дзотаў. У знішчэнні гэтых агнявых кропак гераізм, салдацкую смякалку праявілі штурмовы атрад і група сапёраў пад камандаваннем сержанта М. Шыкіна.
Фашыста сілаю да двух батальёнаў пяхоты пры падтрымцы 9 танкаў перайшлі ў контратаку з боку пасёлка Вазнясенск. Тры гадзіны ішоў бой. Пакінуўшы на полі бою забітых і два танкі, вораг адступіў.
У баях за вёску Літвінавічы ўмела і мужна дзейнічалі камсамольцы П.М. Ваулін і Е.Р. Васаеў. У час адной з варожых контратак яны прыкмецілі адкуль б’е варожая хуткастрэльная гармата. Дзе паўзком, дзе бягом яны абышлі разлік гарматы і знішчылі яго. Потым байцы разгарнулі гармату і адкрылі агонь па варожай пяхоце і танках.
Цэлы дзень 23 лістапада ішоў бой за Літвінавічы. Бой быў жорсткі. Фашысты няспынна контратакавалі. Адбіваючы іх, нашы падраздзяленні авалодвалі хатамі, дварамі, вуліцамі, прасоўваліся наперад. У час бою многія салдаты выкарыстоўвалі варожую зброю і боепрыпасы, бо сваіх патронаў, гранат адчуваўся недахоп. К вечару гэтага ж дня падраздзяленні выйшлі на паўночную ўскраіну Вынашаўкі.
На ўсходнім беразе Сожа насупраць урочышча Чырвоны бор знаходзіўся 340-ы гвардзейскі полк падпалкоўніка Е.М. Шостака. У ноч з 23 на 24 лістапада гэты полк пачаў фарсіраваць раку. У бой уступіў батальён гэтага палка маёра М.С. Цыбульскага і ўзаемадзенічаючы з падраздзяленнямі, якія наступалі з поўначы, авалодваў вёскай Вынашаўка. Астатнія батальёны 340-га палка пачалі наступленне на паўночна-усходнюю, паўднёва-усходнюю ўскраіны Кармы. У гэты час 337-ы гвардзейскі полк маёра Холабцава паспяхова прасоўваўся да вёсак Лебядзёўка і Барсукі.
Гарадскі пасёлак Карма ў варожым абарончым рубяжы быў моцным вузлом на паўночным напрамку ад Гомеля. Тут былі пяхотны полк, артылерыя, танкі, самаходныя гарматы ворага.
Бой за Карму пачаўся на досвітку 24 лістапада. Ён быў жорсткі, пераходзіў у рукапашныя сутыкненні. Гітлераўцы сілаю да двух батальёнаў з 12 танкамі пайшлі ў атаку на правы фланг 342-га палка. Дзве батарэі 120-га знішчальнага супрацьтанкавага батальёна маёра П.Б. Катаева, палкавая артылерыя адбілі атаку. Адразу ж у наступленне перайшлі нашы байцы афіцэраў Б.С. Іванова і А.Ф. Сухава. Вораг адступіў.
Бой за Карму працягваўся і ў другой палавіне дня. Сутычкі былі за кожны дом, кожную вуліцу. Толькі к раніцы 25 лістапада супраціўленне фашыстаў было зломлена і райцэнтр вызвалены.
Назаўтра, 26 лістапада, вораг пачаў моцную контратаку з вёсак Рэут і Тарахаўкі. За ноч да яго падыйшлі падмацаванні. Гэтыя атакі гераічна адбіў батальён капітана Мікалая Сцяпанавіча Цыбульскага. Пры адбіцці адной з атак камандзір загінуў.
Вечарам 26 лістапада ўся краіна слухала па радыё Загад Вярхоўнага Галоўнакаман-дуючага аб вызваленні горада Гомеля.
За час баёў 22-26 лістапада 1943 года злучэнні трэцяй арміі вызвалілі вялікую частку раёна і райцэнтр, часткова тэрыторыю Слаўгарадскага, Быхаўскага, Рагачоўскага раёнаў. Так была выканана пастаўленая арміі задача, якая мела вялікае значэнне ў вызваленні Гомеля. Загадам Вярхоўнага Галоў-накамандуючага ад 26 лістапада 1943 года дзве дывізіі – 283-я Чырвонасцяжная і 121-я гвардзейская, 295-ы гвардзейскі артылерыйскі полк атрымалі ганаровую назву “Гомельскіх”.

Па матэрыялах газеты “Зара над Сожам” №137 і №139 ад 21 і 25 лістапада 1978 года падрыхтаваў
Віктар Ільюшчанка

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"