З гісторыі Літвінавіцкай школы-камуны

Калі на нашу краіну вераломна напала фашысцкая Германія, першы ўдар на сябе прыняла Беларусь. Усё мужчынскае насельніцтва, дасягнуўшае паўналецця, узнялося на абарону Радзімы. Добраахвотнікамі і па прызыву пайшлі ў армію, партызаны і падполле, многія настаўнікі школы. Нажаль не ўсе яны вярнуліся з фронту. Назаўжды ў памяці землякоў засталіся: Корачкін, Сафонаў, Палаўкоў, Паліцын, Апосталаў, Паплаўскі, Касцючэнка і іншыя.
Рэспубліка пылала ў агні. Вораг знішчаў цэлыя населеныя пункты, прамысловыя прадпрыемствы, адміністрацыйныя будынкі. Не пазбегла гэтага лёсу і Літвінавіцкая школа.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны дырэктарам школы з’яўляўся малодшы брат Панцеляймона Мікалаевіча Лепяшынскага – Пётр Мікалаевіч. Неабходна было папаўняць прабелы вучняў у ведах, аднаўляць будынак школы. На ўсё гэта не было ні сіл, ні сродкаў. Таму у пасляваенны час заняткі праводзіліся па хатах мясцовых жыхароў.
З 1950 па 1974 гады дырэктарам школы працаваў П.М. Сяргеенка – заслужаны настаўнік БССР, узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Менавіта пры ім у 1951 годзе быў пабудаваны новы, прасторны, двухпавярховы будынак школы, у сценах якога да 2016 года звінелі галасы дзяцей. У 1964 годзе узведзены другі корпус.
Дзякуючы самаадданай працы настаўнікаў С.Ф. Хадановіча, Р.Р. Ганжурова, А.В. Ладзіка, Т.С. Хадановіч, М.І. Курбацкай, М.П. Ігнаценкі, а таксама І.Г. Якуша, які 30 год быў нязменным дырэктарам школы, стваральнікам і загадчыкам мемарыяльнага музея П.М. Лепяшынскага.
У сценах школы падрыхтавана новая плеяда настаўнікаў: Г.П. Галаўнёва, В.П. Гузянкова, З.М. Давыдзенка, Л.В. Паўлоўская, Е.П. Палякова. З 1975 па 1991 год кіраваў навучальнай установай В.І. Палякоў. У 1978 годзе пры школе быў пабудаваны інтэрнат для вучняў з суседніх вёсак, а ў 1976 – прыбудаваны спартыўны і актавы залы.
Школа прадаўжала добрыя традыцыі мінулага, укараняла новыя, рабіла добрыя справы.
Пачынаючы з 50-х гадоў мацнела сувязь з сельскай гаспадаркай. Настаўнікі біялогіі і працоўнага навучання С.Г. Якуш і Н.П. Ігнаценка разам з вучнямі вялі работу на прышкольным зямельным участку. Дзецям прывівалася любоў да зямлі, вясковай працы. Амаль усе выпускнікі 1950-1970-х гадоў ішлі працаваць у сельскую гаспадарку.
У 70-я гады ў школе пад кіраўніцтвам М.Г. Якуш быў створаны гурток фенолагаў. Вучні назіралі за прыродай і прадстаўлялі інфармацыю ў Ленінградскае геаграфічнае таварыства.
Дзякуючы настаўніку школы А.Г. Жукаву, у 80-я гады, славілася школьная мастацкая самадзейнасць. Вучнёўскі калектыў прымаў удзел у шматлікіх песенных конкурсах.
Добра была арганізавана работа па ваенна-патрыятычнаму выхаванню. Хлопцы пасля выпуску са школы паспяхова паступалі ў навучальныя ўстановы ваеннага профілю. У школе працаваў “Музей баявой славы”. Яго арганізатарам быў настаўнік У.С. Сафонаў.
З 1991 па 2000 гады школай кіраваў “Выдатнік адукацыі” В.Р. Ганжураў. У гэты час у школе працуюць таленавітыя настаўнікі, майстры сваёй справы: Р.Р. Ганжураў, Л.С. Хадановіч, Т.С. Курганкова, Л.М. Жукавец, Т.Б. Лосева, Н.І. Ганчарова, Г.М. Ганжурова, В.С. Міхайлоўская, А.І. Дземчанка і інш. Нягледзячы на ўсе цяжкасці постсавецкага жыцця, школа прадаўжала традыцыі мінулага. Тут існавала шырокая сетка факультатываў і аб’яднанняў па інтарэсах. Вучні школы прымалі актыўны ўдзел у раённых, абласных, рэспубліканскіх алімпіядах па вучэбных прадметах і розных творчых выставах.
Калектыў настаўнікаў і вучняў жыў цікавым жыццём: асвойвалі першыя камп’ютары, займаліся спортам, развівалі свае здольнасці ў розных аб’яднаннях па інтарэсах.
Пры наступных кіраўніках – Н.В. Маскалёвай і А.С. Дзікалавай, школа працягвала сваю слаўную гісторыю. Вучні станавіліся прызёрамі творчых конкурсаў, дыпламантамі алімпіяд па вучэбных прадметах, паступалі ў розныя навучальныя ўстановы нашай краіны. Сёння школа ганарыцца сваімі ўрачамі, настаўнікамі, інжынерамі, заатэхнікамі, ме-неджарамі, навукоўцамі, механізатарамі – усімі тымі, каго выхавала, пусціла ў вялікае жыццё.
Падрыхтаваў
І. Ігнаценка, дырэктар
Літвінавіцкай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"