Да 100-годдзя БССР. Ад зародка дзяржаўнасцi да суверэнiтэту

Аб перадумовах стварэння Беларускай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiкi і значэнні гэтай падзеi «Гомельскай праўдзе» распавядаў дэкан гiстарычнага факультэта ГДУ iмя Францыска Скарыны, доктар гiстарычных навук Мiкалай Мязга.

— Мiкалай Мiкалаевiч, 100 гадоў таму на карце з’явiлася БССР. Як здарылася, што бальшавiцкi ўрад падтрымаў iдэю абвяшчэння рэспублiкi?

— Шлях да абвяшчэння ССРБ — Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiкi Беларусi, менавiта так яна спачатку называлася, быў няпростым. У снежнi 1918 года, калi Чырвоная армiя заняла пакінуты немцамі Мiнск, бальшавiкi нават не ставiлi пытанне аб стварэннi беларускай дзяржаўнасцi. Хаця ланцужок першых савецкiх рэспублiк ужо iснаваў уздоўж заходняй гранiцы Савецкай Расіі. Ciтуацыя змянiлася раптам. 23 снежня ў Маскве было прынята рашэнне аб захаваннi Заходняй вобласцi, якая ўключала беларускiя землi, а лiтаральна праз дзень, 24 снежня, ЦК РКП(б) прыняў супрацьлеглае рашэнне — утварыць Савецкую Беларусь.

— Чаму так хутка змянiлi рашэнне?

— Па-першае, трэба адзначыць ролю нацыянальна арыентаваных беларусаў-бальшавiкоў у Маскве — там дзейнiчаў Беларускі нацыянальны камітэт на чале з Аляксандрам Чарвяковым i Змiцерам Жылуновічам, якiя актыўна праводзiлi iдэю стварэння рэспублiкi. Падтрымлівалі яе і беларускія секцыi РКП(б). У снежнi 1918 года ў Маскве адбылася Канферэнцыя беларускіх секцый партыi, дзе i выказаліся за стварэнне Беларускай дзяржавы на савецкай аснове. Акрамя таго, бальшавiкi не маглi не ўлiчваць факт стварэння БНР. Савецкая Беларусь павінна была выступаць як нейкая антытэза беларускай дзяржаўнасцi на буржуазна-дэмакратычнай аснове. I яшчэ адзiн момант. Наспявае польска-савецкая вайна. Рэспублiкi на захадзе Расii павiнны былi выконваць ролю буфера. На франтах Грамадзянскай вайны бальшавiкам у той час прыходзiлася цяжка, яшчэ адзiн фронт з палякамi быў зусiм не патрэбны. Буферныя рэспублікі маглі стаць інструментам дасягнення кампрамісу з палякамі. Тэрытарыяльныя саступкі давалi магчымасць пазбегнуць вайны, выйграць час. Бальшавікі ўжо мелі падобны вопыт, успомнім Брэсцкі мір з Германіяй. Толькі тады саступаліся ўласна расійскiя тэрыторыі (хаця бы фармальна), а цяпер, каб менш бударажыць расійскую грамадскасць, як бы самастойных рэспублік. Вось гэтыя асноўныя фактары i прывялi да абвяшчэння ССРБ.

— Галоўнае, мы атрымалi дзяржаўнасць.

— Так склалiся абставiны. Але наўрад бы бальшавiкi пайшлi на гэта, калі б ужо не заявіў пра сябе беларускі нацыянальны рух, не праявілі актыўнасць беларускія нацыянал-каму­ністы. Ва ўмовах Першай сусветнай вайны беларускае пытанне набыло міжнароднае гучанне. Нягледзячы на ўсе цяжкасці і супярэчнасці, ідэя беларускай дзяржаўнасці набыла трываласць. Мы сталi развiвацца i як этнас, i як дзяржава. Адсюль пачынаецца рух да цалкам суверэннай су­часнай дзяржаўнасцi. — А якi настрой у грамад­стве панаваў на той час? — Настроi былi розныя. Цiкава, што самае рашучае супрацiўленне iдэi стварэння ССРБ аказалi бальшавiкi, якiя ўзначальвалi Заходнюю вобласць. Яны не прызнавалі беларусаў за самастойны народ і не надавалі ўвагі вырашэнню нацыянальнага пытання. Акрамя таго, для кіраўнікоў аблвыкамзаха гэта была яшчэ і пагроза страты ўлады. У грамадстве ж, гэта паказалі выбары на І Усебеларускі з’езд, адбываўся ўздым нацыянальнага руху, якi бальшавiкi не маглi не ўлiчваць. — Як вырашалася тэры­тарыяльнае пытанне? — Першапачаткова зыходзiлi з таго, што ў склад ССРБ павiнны ўвайсцi Смаленская, Вiцебская, Магiлёўская, Мiнская, Гро­дзенская губернi, а таксама прылягаючыя паветы суседнiх губерняў, дзе па даследаваннях этнографа Яўхiма Карскага пераважала беларускае насельнiцтва. Першы з’езд Камунiстычнай партыi баль­шавiкоў Беларусi адбываўся ў Смаленску. Тэрыторыя ССРБ спачатку ўключала практычна ўсе этнiчныя беларускiя землi. Але праiснавала Савецкая Беларусь у такіх межах зусім нядоўга. Ленiн прама казаў, што, паколькі рэспубліка буферная, тыя губерні, якія не мяжуюць з Польшчай, трэба ўключыць у склад Расii. Ужо 16 студзеня ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб перадачы Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай губерняў у склад РСФСР. Астатнюю тэрыторыю ССРБ прапанавалi аб’яднаць з Савецкай Літвой — так з’явiлася ЛiтБел.

— Чаму бальшавiкi пайшлi на такое аб’яднанне?

Вайна з палякамi ўжо пачалася, i на заходняй граніцы РСФСР iм было больш выгадна мець адзіную буферную дзяржаву. Акрамя таго, праз стварэнне ЛітБел урад Ленiна вёў барацьбу з беларускім і літоўскім «нацыяналізмам» сярод мясцовых камуністаў. Паміж Беларускай і Літоўскай савецкімі рэспублікамі нават узнікла тэрытарыяльная спрэчка з-за Гродзенскай губерні. Але праiснавала гэта дзяржаўнае ўтварэнне фактычна толькі да верасня 1919 года. У вынi­ку наступлення польскiх вой­скаў амаль уся тэрыторыя ЛiтБел была занята. Дэ-факта рэспублiка знiкла.

— I што было потым?

— Пасля таго як Чырвоная армiя выбіла польскія войскі з большай часткі беларускіх зямель, бальшавiкi пайшлi на другое абвяшчэнне БССР. Яны зноў iмкнулiся атрымаць падтрымку насельнiцтва Беларусі, для якога была не абыякавай нацыянальная iдэя. Летам 1920 года чырвонаармейцы неслi на сваіх штыках у Польшчу, Еў­ропу ў цэлым пралетарскую рэвалюцыю. Беларусі адво­дзілася роля плацдарма для наступлення. Але пасля вайны нас чакаў Рыжскi мiрны дагавор i новы падзел рэспублiкi: усходнiя губернi засталіся ў складзе Савецкай Расii, заходнiя землi адышлі да Польшчы. БССР засталася ў складзе шасцi паветаў Мін­скай губерні.

— Але зародак дзяржаўнасці застаўся.

— Якiм бы сумным нi быў для нас Рыжскi дагавор 1921 года, усё ж такi вайна садзейнi­чала ўздыму самасвядомасцi беларусаў. Беларуская дзяр­жаўнасць захавалася, няхай і ў кволай форме. Далей савецкае кiраўнiцтва, улiчваючы важнасць Беларусi на заходнiх рубяжах СССР, падтрымала палiтыку беларусiзацыi i пайшло на ўзбуйненне рэспублікі — вяр­нула тыя самыя ўсходнiя гу­бернi. Пазней была ўз’яднана Заходняя Беларусь, i амаль усе этнiчныя беларускiя землi апынулiся ў складзе адной дзяржавы. Гэта была важная перадумова для развіцця дзяржаўнасці. Але без Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, у якую беларускі народ унёс велізарны ўклад, мы ў прынцыпе не вялі б гаворку пра Беларускую дзяржаву. Важным дасягненнем БССР на шляху да поўнага суверэнітэту з’явіўся яе ўдзел у стварэнні ААН. Мы заявiлi аб сябе ў буйнейшай мiжнароднай арганiзацыi, што значна аблегчыла прызнанне сусветнай супольнасцю Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы ў 1991 годзе. Тое, што было створана беларускім народам за час БССР у народнай гаспадарцы, культуры, навуцы, таксама стала важным падмуркам для пабудовы нашай сучаснай дзяржавы.
Фото Алексея Герасименко
© Правда Гомель
Источник: http://gp.by

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"