Дамоў не вярнуўся…

Ёсць людзі, якія здольны сваім жыццём прыносіць святло, ад якога ў самай цяжкай абстаноўцы становіцца неяк утульней, цяплей. Такім менавіта і памятаю я Віктара Піліпавіча Калацілкіна, самага блізкага майго суседа і сябра. Па ўзросту ён быў старэйшы за мяне на чатыры гады. Вельмі прыгожы, статны, рухавы. Ён заўсёды вызначаўся нейкім вялікім жыццялюбствам, аптымізмам, сплаўленымі з цеплай душэўнай дабрынёй і вельмі прыемнай сціпласцю.

Памятаю Віктара Піліпавіча і ў больш сталым узросце. Скончыўшы да вайны Хляўнянскую сямігодку, ён паступіў у Рагачоўскі педтэхнікум, але неўзабаве быў выключаны, як тады гаварылі, па “палітычных” матывах за неасцярожна сказанае слова. Адзін са студэнтаў няўдала намаляваў партрэт Сталіна і паказаў яго аднакурснікам. Глянуўшы на партрэт правадыра народаў, Віця зазначыў: “Дрэнь!” (дрэнна намаляваў). Адзін з падхалімаў данёс аб гэтым дырэкцыі тэхнікума. Там “абцяпалі” палітычную справу, і хлопцу паказалі парог…
Прыбыўшы дамоў, “нена-дзейны” студэнт уладкаваўся на працу загадчыкам Руднянскай хаты-чытальні. Праз пэўны прамежак часу здольнага юнака запрасілі ў райком камсамола інструктарам. Але Віктара вельмі цягнула літаратурная дзейнасць. І ён перайшоў у рэдакцыю раённай газеты “Калгаснік Кармяншчыны” на пасаду літработніка. Восенню 1939 года яго прызвалі на службу ў рады Чырвонай Арміі. Гэтаму пасадзейнічала тое, што Віктар выправіў у дакументах год нараджэння з 1920 на 1919-ы…
Вайсковую службу Калацілкін праходзіў у Кіеўскай вобласці (г. Белая Царква) у гаўбічным артылерыйскім палку. Тут ён заняў афіцэрскую пасаду малодшага палітрука.
Восенню 1941 года хлопец павінен быў дэмабілізавацца. Дома яго чакалі жонка, дачка Валянціна, матуля. Аднак пабачыцца з роднымі яму не давялося: грымнула вайна. З кароткіх звестак да сваёй маці Марфы мы даведаліся, што Віктар Піліпавіч знаходзіўся ў адной са стралковых брыгад, узначальваў узвод. Маці атрымлівала ад Віктара суцяшальныя пісьмы: “…У першыя дні службы, – паведамляў Віктар матулі, – бывала і такое: асобныя байцы ўцягнуць галовы ў плечы, спіны павыгінаюць паўкругам, убяруць рукі ў кішэні, скіснуць. Гледзячы на такіх, мамачка, вялікі палец не падымеш ад захаплення. Але зусім іншае, калі я пачынаю сваю з імі работу, выхаванне. Тады ў хлопцаў адразу ззяюць вочы на гордых тварах, выпростваюцца плечы, сілай наліваюцца мускулы. Так і ведай, матуля, з імі пачаў працаваць твой сын, палітрук Калацілкін…”.
У першых жа баях з фашыстамі Калацілкін праявіў сябе даволі вопытным камандзірам. У 1942 годзе ў адным з баёў пад Сталінградам Віктар Піліпавіч удзельнічаў у вядомым у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны рэйдзе ў тыл праціўніка. У разгроме буйнога аэрадрома ля станцыі Тацінскай была і яго заслуга. “Ні кроку назад! – заклікаў палітрук. – Такі загад Радзімы, нашага народа. Не пашкадуем сіл, вызвалім Сталінград! Біце немцаў да іх апошняга ўздыху!”.
…Жаўтлявая долька месяца асвятляла “нейтралку”. Віктар поўз апошнім, адчуваючы: напружанне ўзвінчвае людзей. Спраўляючыся з уласнымі нервамі, камандзір верыў у іх самаабладанне. Ва ўсіх гэты выхад не першы.
Яны бясшумна ўзніклі перад акопамі. Закідалі пасты гранатамі. Ранены обер-лейтэнант спрабаваў адстрэльвацца, у яго вырвалі зброю, звязалі. Ускочылі ў бліндаж, сабралі паперы, штабныя карты.
– Хутчэй, хутчэй” – спяшаўся Калацілкін. – Нарабілі шуму…
Захапіўшы палоннага, зніклі гэтак жа імкліва, як і паявіліся. Смельчакоў ужо абдымалі таварышы, калі гітлераўцы адкрылі страляніну. Аперацыя завяршылася паспяхова…
Здарылася аднойчы так, што фашысты нечакана пра-рваліся да нашых у тыл. Падраздзяленне Калацілкіна – гэта рабілася ў выключных абставінах – накіравалі на выкананне вельмі важнага задання. Трэба было ліквідаваць прарыў.
Адзінаццаць чалавек Калацілкін засяродзіў на паляне ў невялікім ляску. І калі паказаліся гітлераўцы, у іх паляцелі гранаты. Вораг адышоў. Некалькі байцоў, прабраўшыся праз хмызняк, адрэзалі дарогу да адступлення. Фашысты здаліся, вырашыўшы, што супраць іх дзейнічае як мінімум рота.
А наперадзе былі новыя баявыя справы, новыя поспехі. Вызваленне Сталінграда, Украіны, Беларусі. Вялікая, урачыстая Перамога над фашысцкай Германіяй. Але аб гэтым ужо не даведаўся Віктар Піліпавіч Калацілкін. Яго ўзвод трапіў у варожую засаду, і ў перастрэлцы з фашыстамі ён загінуў смерцю героя ў маі 1942 года…

Віктар Ушаў-Ландыш, па матэрыялах з архіва раённай газеты “Зара над Сожам”

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"