Хляўно – мая маленькая дзяржава

У панядзелак, 10 чэрвеня, спаўняецца 100 год з дня нараджэння нашага земляка, паэта-песенніка Авер’яна Сафонавіча Дзеружынскага. Нельга не ўзгадаць аб ім напярэдадні такой даты. Пазнаёміўшыся з шэрагам матэрыялаў, прысвечаных паэту, я прыйшла да высновы, што пра сябе, а таксама пра сваю малую радзіму лепш за ўсё напісаў ён сам. Чытайце вытрымкі з аўтабіяграфіі.

“На беразе блакітнага Сажа, якраз паміж Кармой і Слаўгарадам, сярод абшараў старажытных бароў і пралескаў раскінулася вёска Хляўно…
Кожны чалавек улюбляецца ў свой родны куточак. Гэта, калі можна так сказаць, яго маленькая дзяржава. Яшчэ хлапчуком, калі надаралася бываць у гасцях у якім-небудзь другім паселішчы і раніцай выйсці на вуліцу, мне здавалася, што нават і сонца там нейкае блеклае, не такое яркае, як у маёй вёсцы, і салаў’і спяваюць горш, і зязюлькі неяк незвычайна хрыпла і картава куваюць…
У трывожны і суровы 1919 год нарадзіла мяне маці – па яе расказах – у сянніцы, пасля таго, як падаіла карову. У нашай сям’і было восем дзяцей. Малака не хапала. Медыцынскае абслугоўванне толькі-толькі наладжвалася, таму чацвёра маіх братоў і сясцёр так і не ўбачылі росквіту жыцця. Ад сухотаў памерла маці, і я застаўся сіратой…
Успаміны узнікаюць адзін за другім. Наша вёска Хляўно была даволі вялікая. У ёй – сельсавет, хата-чытальня, магазін, нават каменная царква з высокімі купаламі і пазалочанымі крыжамі.
Мой бацька Сафон Авер’янавіч быў сельскі актывіст. З ім я хадзіў на святочныя дэманстрацыі і спяваў песні.
У школе вучыўся я спачатку не вельмі добра, але потым у 3-4 класах стаў адным з лепшых вучняў. Цяжка давалася арыфметыка. Вельмі любіў родную мову і літаратуру.
Пасля заканчэння сямігадовай школы стаў селькорам раённай газеты, уступіў у камсамол.
Ды прыйшоў час развітацца з роднай вёскай, з разложыстай грушай-дзічкай, якая мела чатыры ствалы. Я часта забіраўся паміж імі і пад птушыны шчэбет чытаў кнігі. А цяпер казаў ёй “бывай”. Я казаў “бывай” буслянцы на вяршыні высокай ліпы, сваёй рэчцы, крынічцы, што выкапаў сам ля агарода, бацьку. Ён праводзіў мяне да Рагачова і цягнік прывёз у Магілёў у газетны тэхнікум.
Як заўсёды, усё мае пачатак і канец. Два гады вучобы ў тэхнікуме праляцелі непрыкметна, і з 1937 года я ўжо студэнт Мінскага камуністычнага інстытута журналістыкі.
…Заняткі закончаны, і я на самастойнай працы – літсупрацоўнік Вілейскай газеты. Нядоўга мне прыйшлося папрацаваць на Вілейшчыне. Грымнула вайна. На другі дзень эвакуацыйны эшалон павёз мяне на ўсход. Мястэчка Назарава Краснаярскі край газета “Ударнік пяцілеткі”, станцыя Саекова Калінінскай вобласці газета “Дело Октября”, газета “Стаханавец транспарта” Яраслаўскай чыгункі – працоўныя вехі ў гады вайны.
1945 год еду на працу ў рэдакцыю “Чырвонай змены” у Мінск. Давялося мне папрацаваць і ў другой нашай рэспубліканскай камсамольска-маладзёжнай газеце. Затым займаўся рэдагаваннем.
Першая кніжка паэзіі “Песні маладосці” выдадзена ў 1959 годзе. Потым быў яшчэ шэраг кніг.
Дзе я ні бываю: ці за тысячы кіламетраў ад роднага кутка, ці зусім блізка ад яго, ён ніколі не выходзіць з маёй памяці. Хажу па Каўказскіх гарах, а прыгадваю высокі вапнавы бераг любімай ракі Сож. Блукаю па лясах Міншчыны, а ўяўляю сабе цяністы бор каля Сажа, дзе так многа баравікоў.Ступаю па лугах Прыпяці ці Заходняй Дзвіны, а думаю пра свой ціхаплынны Сож і прырэчныя заліўныя сенажаці. І кожны раз у песнях і марах птушкай лячу туды, у сваю былую басаногую, але радасную і незабыўную краіну маленства… “
Больш падрабязна пра Авер’яна Дзеружынскага можна прачытаць у выданні “Вытокі песні. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў” 1973 год. Артыкул пра яго знойдзеце і ў кнізе “Памяць. Кармянскі раён”.

Таццяна Клімава Фота прадастаўлена цэнтральнай раённай бібліятэкай

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"