Галоўная гераіня фестывалю – Клюсымка

Ад самага першага фестывалю «Льняная карусель» стала добрай традыцыяй пачынаць свята сустрэчай з яго сімвалам – Клюсымкай. Штогод яна паўстае на галоўнай плошчы раёна ў выглядзе вялізнай ільняной лялькі. Менавіта вакол яе разгортваецца сумесны карагод удзельнікаў фестывалю, яна ўзвышаецца над усімі, прыцягваючы ўвагу і збіраючы жадаючых зрабіць фотаздымак. А ці ведаеце вы, хто ж такая Клюсымка? Сёння мы раскажам чытачам нашай газеты пра галоўную гераіню фестывалю.

Шмат гадоў таму назад на ўскрайку леса, акружанага балотамі, жыў бедны чалавек з жонкай і дзецьмі. Кожны дзень ён хадзіў па лясах і палях у пошуках ежы і заўсёды браў з сабой лук. Чалавек гэты быў спрытным паляўнічым – не раз яго страла дасягала быстраногага звера.
Аднойчы ён убачыў зусім блізка ад сябе прыгожага аленя. Вялізныя рогі велічна ўпрыгожвалі галаву магутнай жывёлы. Схапіўшы лук, мужчына з асцярожнасцю пайшоў насустрач аленю. Але той, адчуўшы небяспеку, стаў уцякаць. Часам алень спыняўся, нібы чакаў паляўнічага, а затым зноў пускаўся ў бег па палях і кручах, не падпускаючы да сябе яго на адлегласць стрэлу.
Доўга працягвалася пагоня за рагачом, але раптам ён знік з вачэй. Прабіраючыся па слядах жывёлы, паляўнічы дабраўся да цудоўнай даліны, дзе яго асляпіла яркае святло. Пасярод даліны стаяла прыгожая дзяўчына. Серабрыстае адзенне было падпярэзана залатым поясам, на бялявых валасах красаваўся вянок з блакітных кветак. Сінія вочы прыгажуні прыветліва глядзелі на небараку, ў руках у яе былі кветкі, такія ж блакітныя, як і яе ласкавыя вочы. Вакол стаялі прыгожыя дзяўчаты з вянкамі з блакітных кветак. Мужчына падышоў да дзяўчыны і ў захапленні ад яе прыгажосці апусціўся перад ёй на калені.
Усміхаючыся, яна пяшчотным голасам прамовіла:
– Раз ты трапіў да мяне, чалавек, я хачу адпусціць цябе з дарамі, каб ты не забываў маёй цудоўнай краіны. Выберы сабе сам любы з маіх скарбаў: срэбра, золата або каштоўныя камяні.
– Добрая чараўніца, – адказаў ёй паляўнічы, – не трэба мне нічога з тваіх скарбаў. Дай мне толькі хоць адну з тых цудоўных кветак, што ты трымаеш у руках.
Усміхнулася дзяўчына і сказала:
– Ты абраў сабе добры дар. Кветкі гэтыя прынясуць табе шчасце. Вазьмі іх сабе, а яшчэ вазьмі і насенне. Засей ім свае палі – атрымаеш шмат такіх жа блакітных кветачак. Чалавек хацеў падзякаваць добрай чараўніцы, але моцны ўдар грому скалануў неба, і ўсё знікла. Мужчына апынуўся зноў адзін сярод поля. Але ў руцэ ён сціскаў блакітныя кветкі, a побач з ім стаяла драўляная мера, поўная насення. Вярнуўшыся дадому ён ўзараў поле і засеяў яго, але засталася яшчэ вялікая частка насення. Тады чалавек засеяў яшчэ і другое поле, а цудоўнага зерня не станавілася меньш… Неўзабаве на раллі паказаліся маленькія зялёныя ўсходы. Мала-памалу яны выраслі, зацвілі, а абодва палі пакрыліся блакітнымі кветачкамі.
Дзень і ноч назіраў чалавек за сваімі палямі і часта яму здаралася бачыць, як прыгажуня з блакітнымі вачыма і з залатой каронай сядзела сярод кветак, акружаная іншымі дзяўчатамі. Але яна ніколі не падыходзіла так блізка, каб можна было добра разглядзець ці загаварыць з ёй. Па ўсім было відаць: яна назірала за ростам кветак.
І вось блакітныя кветкі адкрасавалі і саспела насенне. А аднойчы да хаты бедняка наблізілася дзяўчына, і ён пазнаў яе: гэта была тая самая прыгажуня, якую звалі Клюсымка, якая дала яму кветкі.
– Умееш ты прасці лён? – спытала яна ў жонкі бедняка.
– Не, – адказала жанчына, ніколі раней не бачыўшая лён.
– А ткаць палатно з яго?
– Таксама не!
– То я навучу цябе прасці і ткаць, – сказала добрая чараўніца. – Маленькія, блакітныя кветачкі, мой падарунак твайму мужу, – кветкі лёну. Гэта мая расліна, я люблю яе і хачу навучыць людзей таксама любіць яе.
Чараўніца паказала як апрацоўваць лён, прасці, ткаць і бяліць палатно так, каб яно было белым, нібы снег. А яны навучылі і іншых людзей. Маленькія блакітныя кветачкі прынеслі ім і многім іншым беднякам вялікую карысць і дастатак. І тады жонка паляўнічага пахваліла мужа:
– Ты сапраўды абраў сабе добры падарунак. Маленькія блакітныя кветачкі аказаліся лепшыя за золата і каштоўныя камяні.
З тых часоў прайшло нямала гадоў а прыгожая багіня льняных палёў Клюсымка і цяпер клапоціцца аб дабрабыце людзей. Як толькі лён раскрые кветкі, замільгае яна па вузкіх сцяжынках сярод палёў. Спяшаецца абыйсці іх, адагнаць заразу, развеяць нечысць, уціхамірыць вялізны шум. Ні ахвяр, ні малітваў ёй не трэба, толькі б сярод палёў уздоўж узлескаў былі пракладзеныя сцяжынкі для яе, толькі б не меркла прыгажосць зямная. Развяваецца на хаду яе сукенка, блішчаць сінія вочкі. І раптам – па заканчэнні запаветнай гадзіны – збочвае яна ў лес. Толькі галінка чаромхі зварухнецца за ёй – і ўсё… Бывай, да будучага года. Быць ўраджаю!

Алеся Шуцікава
па звестках цэнтра
культуры і вольнага часу

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"