Мы спыталі

Творы якіх беларускіх аўтараў чытаюць кармянцы?

Юлія Шлемянкова, бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі:
– Вядома, большасць нашых наведвальнікаў з беларускіх літаратараў аддае перавагу тым, творы якіх вывучаюцца ў школьнай праграме: Іван Шамякін, Іван Навуменка, Іван Мележ, Васіль Ткачоў. Карыстаюцца попытам вершы нашага мясцовага аўтара Авяр’яна Дзеружынскага. Хачу адзначыць вучняў Кляпінскай школы – яны больш за ўсіх чытаюць беларускія кнігі па-за межамі праграмы, у тым ліку сучасных пісьменнікаў.
Наталля Савасцеева, загадчык аддзела абслугоўвання цэнтральнай бібліятэкі:
– На абанеменце нашай бібліятэкі многа беларускай літаратуры як класічнай, так і сучасных аўтараў. Людзі з задавальненнем чытаюць кнігі Аксаны Хвашчэўскай, Уладзіміра Гаўрыловіча, Івана Капыловіча, Пятра Гацілава… Школьнікі надаюць перавагу класічным творам Васіля Быкава, Івана Шамякіна і іншых. Дарэчы, запрашаем наведаць нашу выстаўку, прысвечаную пісьменнікам Гомельшчыны і Кармяншчыны.
Анастасія Зарубанава, выхавацель да-школьнай адукацыі ясляў-сада № 2:
– Чытаць “для сябе” не заўсёды стае часу. З нагоды перавагу, канечне, аддаю класікам, больш падабаецца лірыка, напрыклад, Максіма Багдановіча. А яшчэ ў мяне маленькае трохгадовае дзіця, таму, шчыра кажучы, большасць прачытаных апошнім часам кніг – дзіцячая літаратура. Мая дачка з задавальненнем слухае беларускія народныя казкі, творы Васіля Віткі, Раісы Баравіковай, Янкі Журбы, Васіля Зуёнка, Уладзіміра Ліпскага.
Ксенія Аўдзеева, вучаніца сярэдняй школы № 1:
– Шчыра кажучы, кнігі беларускіх пісьменнікаў я найчасцей выбіраю ў межах школьнай праграмы і, канечне, тое, што мы праходзім на ўроках пазакласнага чытання. За апошні час больш за ўсё мне спадабаліся апавяданні Янкі Брыля, Міхася Зарэмбы, казкі Алены Масла і Уладзіміра Дубоўкі.

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"