Газета маёй маладосці

Сёлета кармянскай раённай газеце «Зара над Сожам» спаўняецца 90 год. Пра многае ўзгадваецца з гэтай нагоды, бо мой шлях у журналістыку пачаўся менавіта з гэтай газеты.

Пісаць у раёнку стаў яшчэ школьнікам. Да слова, тады ў газеты меўся салідны пазаштатны актыў, аснову якога складалі навучэнцы старэйшых класаў школ. Найбольш здатным сярод нас быў Віктар Жукаў, вучань Задубскай СШ. Пасля школы ён адразу ж паступіў на факультэт журналістыкі БДУ.
Успамінаецца Святлана Лапаціна – у газеце яна загадвала аддзелам пісем і масавай работы. У абавязкі гэтай добразычлівай, няўрымслівай жанчыны ўваходзіла і арганізацыя супрацоўніцтва з пазаштатнымі карэспандэнтамі. З намі яна была заўсёды ўважлівай, але не цярпела абыякавасці ў падрыхтоўцы матэрыялаў, і гэта дапамагала нам больш сур’ёзна працаваць над сваімі допісамі.
Нягледзячы на падлеткавы ўзрост, у маёй роднай вёсцы Лебядзёўка я карыстаўся пэўнай павагай. Землякі ставіліся да мяне добразычліва: многія з іх былі героямі маіх публікацый. Памятаю, як аднойчы насупраць нашага двара неспадзявана спыніўся гусенічны трактар з плугамі. Завітаўшы ў дом, трактарыст Фёдар Казусеў спытаў у майго бацькі:
– Васіль, дзе твой Алег? Сяўба пачалася, я толькі што з поля. Няхай напіша пра нас, усё ж не дарэмна працуем.
У наступным нумары раённай газеты з’явілася мая заметка. У ёй гаварылася пра тое, як калгаснікі нашага калгаса «Кастрычнік» распачалі веснавыя палявыя работы.
Тэм для напісання матэрыялаў было мноства. Тады калгаснае жыццё, як кажуць, бурліла. У канторы дадзеныя для падрыхтоўкі матэрыялаў мне прадастаўляў галоўны эканаміст Ягор Сіманкоў, іншыя спецыялісты. Здаралася, што і сам старшыня калгаса Міхаіл Кротаў мог пагутарыць са мной у вольную для яго хвіліну.
Вакол раённай газеты ў тыя гады групаваліся пачынаючыя паэты і празаікі, сярод якіх быў і я. Мы рэгулярна збіраліся на пасяджэнні літаратурнага аб’яднання. Чыталі напісанае, абмяркоўвалі, нават спрачаліся. Кожны месяц у газеце выходіла літаратурная старонка, дзе свае вершы і прозу друкавалі Віктар Вараб’ёў, Мікалай Кольчаў, Віктар Шаўчэнка і іншыя аўтары.
Пасля школы на журфак я не паступіў: зрэзаўся на экзамене па нямецкай мове. У рэдакцыі з’явіўся расчараваны.
– Не бядуй, – супакоіў мяне рэдактар Валянцін Філіянаў. – Паступіш у другі раз. А пакуль папрацуеш у нас, якраз пасада карэспандэнта свабодная.
Словы майго першага рэдактара аказаліся прарочымі. Пазней я скончыў не толькі журфак БДУ, але і гістфіл Гомельскага ўніверсітэта.
У кругазвароце рэдакцыйных спраў сумаваць не даводзілася. Я імкнуўся быць падобным да сваіх старэйшых таварышаў, многаму ў іх вучыўся. Часцей за іншых мне дапамагалі Сяргей Лопуць, Анатоль Старадубаў, Віктар Сацукевіч і, вядома ж, сам рэдактар. Аднойчы ён выклікаў мяне да сябе ў кабінет.
– Званілі з «Советской Белоруссии», – паведаміў ён. – Прасілі, каб да гадавіны рэвалюцыі мы падрыхтавалі для іх публікацыю пра некага з нашых першых камуністаў. У райкоме партыі падбяруць кандыдатуру, а табе прый-дзецца ўзяцца за выкананне гэтага задання.
Калі ў газеце з’явілася мая карэспандэнцыя, я быў на сёмым небе ад шчасця: ніводнага радка з таго, пра што я напісаў, ніхто не выкрэсліў. Гэта быў мой дэбют у рэспубліканскім друку.
У газеце маёй роднай Кармяншчыны я працаваў і пасля заканчэння ўніверсітэта. Праўда, не надта доўга. Склад рэдакцыі да таго часу істотна змяніўся, але газета, як і раней, была на вастрыні жыцця. У рэдакцыі на той час плённа працавалі Валерый Палаўкоў, Мікалай Старчанка, Іван Юнчыц, Галіна Карнач, Анатоль Ушаў, Віктар Жураўлёў.
Памятаю, як уважліва сачылі ў рэдакцыі за дасягненнямі камбайнера саўгаса «Кармянскі» Мікалая Караткевіча. На працягу некалькіх год рупліваму працаўніку не ўдавалася ўзяць вышыню, якой з цягам часу ён усё ж такі дасягнуў, за што і быў удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы. Неаднойчы пісала газета і пра галоўнага заатэхніка гэтай жа гаспадаркі, заслужанага заатэхніка рэспублікі Валянціну Цімашэнка, а таксама іншых таленавітых арганізатараў сельскагаспадарчай вытворчасці. Сярод іх былі Уладзімір Туроўчык, Якаў Сафронаў, Міхаіл Кротаў, Мікалай Дзядкоў, Мікалай Бурдо.
Не абыходзілі мы ўвагай і калектывы прамысловасці, сацыяльнай сферы, паведамлялі пра дзейнасць сельскіх Саветаў. Пісалі не толькі пра станоўчае, але і крытыкавалі недахопы.
Газета з’яўлялася актыўным памочнікам мясцовых улад па правядзенні імі ўзважанай сацыяльна-эканамічнай палітыкі дзяржавы. З гэтай нагоды рэдакцыю неаднойчы наведваў першы сакратар райкома партыі Міхаіл Ігнаценка. Памятаю, ён даваў канкрэтныя парады і мне, за што я быў яму вельмі ўдзячны.
Праз некаторы час мне пазванілі з сектара друку Гомельскага абкома партыі і прапанавалі перайсці на працу ў іншую рэдакцыю. Так я назаўсёды развітаўся з газетай, якой мнгогім абавязаны ў сваім жыцці. Пазней я працаваў уласным карэспандэнтам «Гомельскай праўды» і «Сельской газеты», аглядальнікам «Народнай газеты» і каментатарам інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА, галоўным рэдактарам чачэрскай раённай газеты «Чачэрскі веснік» і рэспубліканскай газеты «Железнодорожник Белоруссии», намеснікам галоўнага рэдактара «Мінскай праўды», але нідзе мне не працавалася так, як працавалася ў «Зары над Сожам». Хто ведае, можа, гэта ўсяго толькі так мне здаецца, бо гады маладосці пакідаюць у душы чалавека самыя шчырыя і незабыўныя ўспаміны.
Кожны раз, калі я прыязджаю ў Карму да сваёй старэйшай сястры Святланы, я перш за ўсё шукаю раённую газету, якую яна выпісвае, і перачытваю яе ад коркі да коркі. Газета мне падабаецца: у ёй захавалася тая нябачная аўра, якая была заўсёды ўласціва Кармяншчыне.
Выданне насычана самай разнастайнай інфармацыяй, з якой можна даведацца, чым жыве раён, яго аграгарадкі і іншыя вёскі. У публікацыях мноства знаёмых прозвішчаў. Зрэшты, па іх можна вызначыць, да якой мясцовасці належыць той ці іншы чалавек. Дарэчы, гэтым і адрозніваюцца раёнкі ад вялікіх газет. Яны свае, родныя, у максімальнай ступені набліжаны да насельніцтва.
Бясспрэчнай удачай калектыву рэдакцыі можна лічыць публікацыі пра цікавых людзей. У прыватнасці, пра доўгажыхароў. Ніколі не думалася, што наша Кармяншчына багатая на такіх асоб. Апытанне чытачоў як адзін са спосабаў вывучэння грамадскай думкі ў газеце таксама да месца: лепш за саміх людзей ніхто не скажа. Газета нядрэнна ілюстравана. Ілюстрацыя, як і каляровы друк, надаюць ёй святочнасць, сучасны прэзентабельны выгляд.
Пэўна, з нагоды 90-годдзя ў газеты з’явяцца і новыя рубрыкі. Са свайго боку, хацеў бы прапанаваць у адной з іх змяшчаць невялічкія вытрымкі з падшывак газеты за мінулыя гады. Гэтыя публікацыі засведчаць пра тое, чым жылі жыхары Кармянскага раёна ў недалекім мінулым. Гэта насамрэч гістарычная памяць грамадства. Не дарэмна ж 2022 год аб’яўлены Годам гістарычнай памяці.
90 гадоў – узрост даволі салідны. Разам з тым, газета па-ранейшаму маладая. Яна маладзее з выхадам кожнага новага нумара, які з нецярпеннем чакаюць яе чытачы.

Алег ШВЕДАЎ, заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"