Дарагія мае землякі

Мая малая радзіма – вёска Лебядзёўка. За апошнія гады, дакладней, дзесяцігоддзі яна моцна парадзела. Няма ў жывых многіх маіх землякоў, асабліва старэйшага пакалення.

Наязджаючы сюды, падоўгу стаю на тым месцы, дзе калісьці знаходзіўся наш дом і дзе прайшло маё незабыўнае дзяцінства. У пусткі ператварыліся і суседскія сядзібы. І толькі адзінокія дрэвы – пладовыя і тыя, што мы прыносілі з лесу і высаджвалі каля дамоў, ды кустоўе з адзічэлых ягаднікаў і лазы, якая зявілася тут невядома адкуль, сведчаць пра тое, што некалі тут жылі людзі.

Побач з лесам стаяў дом адзінокай старой Еўкі, за ёю жылі Герасіменкі, побач  – дзядька Піліп з сямёй, неўтаймаваны весялун і жартаўнік, за ім баба Малання, Калінавы, Савасцеевы, Ісаенкі, Сцяпанавы … Няма цяпер тых лю-дзей, а іхнія нашчадкі, нібы птушкі, разляцеліся па ўсяму свету.

Мае землякі былі людзьмі звычайнымі і простымі. Глядзелі свае семі, ладзілі гаспадарку, працавалі ў калгасе ды на іншай грамадскай вытворчасці. Нікому нічога дрэннага яны не рабілі, проста жылі, як і мноства іншых людзей.

Сямя Домны і Кузьмы Кротавых была такой жа, як і ўсе астатнія, нічым асаблівым яна не выдзялялася. Іх дом знаходзіўся насупраць школы, дзе настаўнікамі працавалі мае бацькі.

Гаспадар гэтай сямі неяк выбраўся ў лес па дровы, нягле-дзячы на тое, што надворе было дужа неспрыяльным. Небарака ўвесь прамок, вельмі стаміўся і ледзве дабраўся да дому, дзе жонка адпайвала яго рознымі зёлкамі. Ды пазбегнуць захворвання ўсё ж не ўдалося, і праз некаторы час мужчына памёр.

Моцна гаравала па ім гаспадыня: на руках у яе засталося шасцёра непаўналетніх дзяцей. Але колькі ні бядуй, а жыць трэба, ды падымаць на ногі дзяцей, якія неспадзявана раптам  сталі напалавіну сіратамі.

Дапамагала радня, асабліва брат  Аляксандр, які жыў непадалёк. Не абыходзілі ўвагай дом нешчаслівай удавы і найбольш чулыя вяскоўцы, свет жа не без добрых людзей. І ўсё ж асноўныя клопаты ёй давялося ўзваліць на свае плечы. Прыходзілася рана ўставаць  і позна класціся спаць, каб дзеці былі накормлены, абуты і апрануты, каб вопратка ў іх была чыстай і каб выглядалі яны ніяк не горш за іншых вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак.

Зрэшты, ёй прапаноўвалі аддаць некаторых дзяцей у спецыялізаваны інтэрнат. Але ж яна адмовілася: разам дзецям было весялей, да таго ж яны заўсёды знаходзіліся ў яе на вачах.

Дзеці дапамагалі ёй па гаспадарцы. Нібыта тыя мурашы, ра-зам з маці яны  шчыравалі на сядзібе цэлымі днямі, без асаблівай патрэбы нават не ішлі гуляць са сваімі сябрамі .

Маці наказвала дзецям паважліва ставіцца да людзей, не рабіць дрэннага, шанаваць месца, дзе яны нарадзіліся на свет. У яе лексіконе не было высокіх слоў, якія часам можна пачуць  з трыбун, ды яна іх, мабыць, і не ведала. Дзяцей жанчына  вучыла быць добрасумленнымі і простымі людзьмі.

Дзеці выраслі такімі, якімі іх і бачыла ў сваіх марах маці. Яны добра вучыліся і прыкладна сябе паводзілі і з цягам часу ўсе знайшлі сваю дарогу ў жыцці, ніколі не забываючы малой радзімы.

Васіль і Аляксандр (па-вясковаму Васька і Шурка) сталі ваеннымі. Васіль Кротаў у чыне палкоўніка доўгі час служыў выкладчыкам вышэйшага ваеннага вучылішча, пражываў у Сімферопалі. Капітан другога ранга Аляксандр Кротаў бараздзіў на караблі неабсяжныя марскія прасторы.

Яны прыязджалі ў вёску да маці пры першай жа магчымасці. Сустракаліся з землякамі, былі вельмі простымі і адкрытымі, нібыта ніколі і не адязжалі адсюль, а ўвесь час жылі тут разам з людзьмі, якіх ведалі з дзяцінства.

Міхаіл Кротаў доўгія гады працаваў старшынёй праўлення нашага калгаса “Кастрычнік”. Тады калгасная дэмакратыя існавала не на словах, а на справе. Праз кожныя два гады на агульным сходзе калгаснікі выбіралі новага старшыню, і калі ранейшы на гэтай пасадзе не апраўдваў даверу людзей, яго маглі і не выбраць.

Міхаіл Кузьміч узначальваў гаспадарку на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў. Пры ім яна стала заможнай і лічылася адной з лепшых у Кармянскім раёне.

У гэтым жа калгасе звычайнай даяркай працавала і Вольга Кротава, родная сястра самога старшыні. Пры жаданні ён мог бы знайсці для сясты і больш “цёплае” месцейка, але ж не рабіў гэтага. Сятра  не крыўдзілася на брата: яна разумела, што гэта можа не спадабацца людзям.

З мужам Васілём, вельмі сціплым і далікатным чалавекам, Вольга ўсё жыццё шчыравала ў жывёлагадоўлі. Муж пасвіў калгасных кароў, да справы адносіўся добрасумленна, як і яго  жонка.

Другая сястра з гэтай паважанай у вёсцы сямі, Марыя Кротава, пасля заканчэння школы падалася ў Гомель. Працавала на кандытарскай фабрыцы “Спартак”, ды заўчасна памерла, гаротная.

У Светлагорскім раёне працавала настаўніцай пачатковых класаў Ганна Кротава, трэцяя з сясцёр. Туды яе накіравалі на працу пасля заканчэння Гомельскага музычна-педагагічнага вучылішча.

З роднай вёскай дзеці Домны і Кузьмы Кротавых не парывалі сувязей усё свае жыццё. Тыя з іх, што жылі ў далечыні ад родных мясцін, прыязджалі да маці, пасля яе смерці – да брата і сястры, як толькі выпадала магчымасць. І надалей яны вырашылі застацца разам…

Марскога афіцэра Аляксандра Кротава першым з братоў пахавалі на вясковых могілках у Лебядёўцы (да гэтага ён з сямёй пасля выхаду ў адстаўку пражываў у Мінску). Праз колькі год сюды ж даставілі і цела Васіля Кротава…Пакрысе ўсе яны і сабраліся разам, як некалі ў дзяцінстве, каля бацькі і маці.

Цяпер на вясковых могілках цэлы пантэон сямі Кротавых. Усім пастаўлены мармуровыя помнікі. На Радуніцу пакланіцца родным магілам прыязджаюць іх нашчадкі, многія з якіх жывуць у далечыні ад нашай Лебядзёўкі.

Тым часам на месцы, дзе калісьці знаходзілася дворышча Кротавых, сёння практычна ўжо нічога не засталося. Засталася толькі памяць.

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"