Хізаўская рэспубліка: погляд праз стагоддзе

Вёска-рэспубліка, хоць і праіснавала зусім мала, стала ўнікальным прэцэдэнтам у гісторыі Беларусі.

Калі спытаць сучаснага жыхара Кармяншчыны, чым зараз вядома вёска Хізаў, нехта скажа пра адну з самых вялікіх сельскіх школ у раёне, іншыя згадаюць пра творчасць работнікаў мясцовага дома культуры і бібліятэкі, трэція – пра сельскую гаспадарку (тут размешчаны цэнтр саўгаса «Багданавічы»). Словам, звычайная вёска. Але ж яе гісторыя ўнікальная. Менавіта тут у верасні 1917 года была абвешчана самая сапраўдная рэспубліка, якая атрымала назву Хізаўскай. Падобнага прэцэдэнту вёскі-рэспублікі ў гісторыі Беларусі не было ні дагэтуль, ні пасля.
Перадумовамі яе ўзнікнення стала тое, што пасля Лютаўскай рэвалюцыі, звяржэння самадзяржаўя і пераходу ўлады да Часовага ўрада многія салдаты і тыя, хто з’язджаў раней у пошуках лепшага жыцця, вярталіся дадому захопленыя ідэямі бальшавізму. На Кармяншчыну прыехаў з Петраграда працоўны Абухоўскага завода, удзельнік баёў за Савецкую ўладу Цімафей Кавалёў. Прабыўшы некалькі дзён у вёсцы, ён склікаў сходку на беразе возера. Распавядаў землякам пра Леніна, аб рэвалюцыйных падзеях, змене ўлады і звяржэнні цара, аб Часовым урадзе Керанскага. Распісаў праграму бальшавікоў, якія заклікалі аддаць заводы і фабрыкі працоўным, а зямлю – сялянам. Каму ж не спадабаюцца такія ідэі?
Цімафей Рыгоравіч настроіў жыхароў вёскі Хізаў Рагачоўскага павета (цяпер – нашага раёна) на бунт. Сяляне адмаўляліся здаваць хлеб і жывёлу для патрэб вой-ска. У верасні 1917 года на сваім сходзе рэвалюцыйна настроеныя вяскоўцы вырашылі стварыць «Хізаўскую рэспубліку». Яны абралі рэвалюцыйны сялянскі камітэт, у склад якога ўвайшлі Цімафей Кавалёў, стрыечныя браты Максім і Іван Шаўчэнкі, Лукаш Жукоўскі, Ціт Голубеў. Зацвердзілі праграму, а ў ёй выставілі шэраг эканамічных і палітычных патрабаванняў: не прызнаваць памешчыкаў і эксплуататараў, ніякай падтрымкі і дапамогі Ваеннаму і марскому міністру Часовага ўрада Аляксандру Керанскаму, яго ўраду і ваюючай арміі. Над домам Кавалёвых, дзе размясціўся новы орган улады, узнялі чырвоны сцяг, які стаў сімвалам новага жыцця. Стварылі і камісію па падзеле паміж сялянамі памешчыцкіх земляў і маёмасці.
Ужо 14 чысла гэтага ж месяца ў Стаўку Вярхоўнага галоўнакамандуючага Расіі з Рагачова ваенным прадстаўніком Часовага ўрада была накіравана тэлеграма аб тым, што «ў паселішчы Хізаў арганізавана самастойная рэспубліка, якая не прызнае Часовы ўрад». Супрацьстаянне «Хізаўскай рэспублікі» і мясцовай памешчыцы Чарапанавай не абышлося без кровапраліцця і ахвяр. Барацьба была жорсткай. Некаторыя бунтаўшчыкі былі забітыя карнікамі «дзікай дывізіі». У Хізаў прыехалі двое конных чэркесаў са стрэльбамі і нагайкамі. Яны схапілі Максіма Шаўчэнку, з ім пайшоў і ягоны бацька. Іх расстралялі. Канечне, вялікага ўплыву на ход тагачасных падзей вяскоўцы аказаць не маглі. Але, як бы там ні было, хізаўчане заявілі аб сабе, пакінуўшы след у гісторыі, што дакументальна пацверджана архіўнымі дакументамі. Рэспубліка-вёска праіснавала да Кастрычніцкай рэвалюцыі, пасля якой зямля была перададзена сялянам без выкупу. Памешчыца Чарапанава знікла, а яе ўгоддзі падзялілі паміж сабой малазямельныя.
У краіне тым часам успыхнула полымя грамадзянскай вайны. Тыя, хто ствараў рэспубліку ў Хізаве, уліліся ў шэрагі Чырвонай гвардыі (затым – Чырвонай Арміі), іншыя сталі чырвонымі партызанамі. Пасля заканчэння вайны тут была ўстаноўлена Савецкая ўлада, а кіруючым органам стаў Хізаўскі сельскі Савет.

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"