Каравай-каравай, маладую сям’ю выбірай! У Добрушы прайшоў абласны этап рэспубліканскага праекта «Уладар сяла»
14 сельскіх пар з дзецьмі прыехалі ў райцэнтр, каб прадэманстраваць свае творчыя здольнасці, спартыўныя ўменні ды ўласныя традыцыі. А яшчэ стаць прадстаўніком рэгіёна ў сталіцы.
Аднымi з самых шматдзетных удзельнікаў сёлета стала сям’я Аляксея i Веранiкi Маскалёвых з Кармянскага раёна.
– Знаёмцеся: мой муж Аляксей і дзеткі – Сняжана, Паліна, Захар і маленькая Ангяліна, – ветлівае пачынае размову Вераніка Маскалёва. – Мы жывём у вёсцы Кучын і вельмі гэтым ганарымся! Членаў журы будзем здзіўляць фірменным заліўным па рацэпце свякрові. А яшчэ ў нас хлеб асаблівы: хоць і з духавой шафы, але з непаўторным смакам і ўпрыгожаннямі.
Не толькі эстэтыку на стале канкурсантаў з Кармы ацаніла журы. Падача, цікавыя ідэі для афармлення падворка, нават гумар. Усё, чым у лепшы бок вылучалася сям’я, было рупліва занатавана ў спецыяльным бланку.
– Як зазначыў старшыня вашага раёна, вітаючы нас у зале, ужо сам удзел у абласным этапе «Уладара сяла», прысутнасць сярод самых крэатыўных, пазітыўных і актыўных вясковых пар для нас ужо маленькая перамога, – зазначыла Вераніка Маскалёва. – Перамагчы, вядома ж пастараемся. Але самы галоўны скарб мы з мужам ужо атрымалі: надзейнае плячо побач, бязмерную любоў адзін да аднаго і асабісты працяг у дзецях.
Па матэрыялах газеты «Добрушскi край»