Марыя Панкраценка з вёскі Пасека Слабодка расказала, якое месца для яе лепшае ў свеце
Далёка не кожны ў нашым раёне ведае, дзе знаходзіцца гэтая маленькая, але вельмі ўтульная і прывабная вёсачка. Каб трапіць сюды, патрэбна звярнуць з дарогі паміж вёскамі Стараград і Пятравічы і ехаць праз лес альбо праехаць праз усю вёску Стараград.

Вёска Пасека Слабодка вядома сваімі маляўнічымі краявідамі, падступаючымі амаль да самых сядзіб лясамі і, канечне, працавітымі жыхарамі.

Сёння тут засталося зусім мала пастаянных жыхароў, але штогод улетку вуліцы ажываюць на поўную моц, таму што частка сядзіб выкарыстоўваецца пад дачы. А ў зімовыя месяцы галоўным чынам тут пануе спакой.

Падчас паездкі давялоя сустрэцца з адной з самых сталых жыхарак Пасекі Слабодкі – Марыяй Акімаўнай Панкраценка. Дарэчы, Марыя Акімаўна нарадзілася па-за межамі Кармяншчыны, але вёска стала ёй па-сапраўднаму роднай з тых самых часоў, калі яна ў 1972 годзе прыехала сюды працаваць бухгалтарам у саўгас “Стараградскі” пасля заканчэння вучобы ў тэхнікуме. Па сённяшні дзень жанчына лічыць, што ёй пашанцавала жыць у адным з найпрыгажэйшых куткоў Беларусі.

Падзялілася Марыя Акімаўна і асобнымі старонкамі свайго жыцця, а яно было вельмі няпростым. У самым раннім узросце, яшчэ зусім маленькай, яна засталася сіратой. Да 4 гадоў дзяўчынку па большай частцы гадавала яе сляпая бабуля. Яна страціла зрок яшчэ ў даволі маладыя гады, літаральна выплакаўшы вочы па сынах, якія загінулі на фронце. Пахаронкі прыйшлі ў 1944 годзе. Калі ўжо былі вызвалены ад захопнікаў шматлікія гарады і вёскі, да яе завіталі прадстаўнікі камандавання аднаго з сыноў. Прывезлі яго ўзнагароды, дакументы, дзякавалі за выхаванне сапраўднага патрыёта. Даведаўшыся, што ў жанчыны адно вока не бачыць, а на другім таксама пагоршыўся зрок, яе забралі ў вайсковы шпіталь, але аперацыя прайшла няўдала. У выніку бабуля Марыі Акімаўны страціла зрок назаўсёды. Усё астатняе жыццё яна пражыла без вачэй. Калі Марыя была зусім маленькая, казала: “Бабуля, я зараз адкрыю табе вочкі, ты будзеш бачыць”, – яна толькі адказвала, што не трэба чапаць, бо вельмі балюча.
Аднак жа мужнасці і працавітасці таго пакалення сёння можна толькі падзівіцца. Нягледзячы на страту зроку, бабуля працавала па меры магчымасцяў. Напрыклад, магла прапалоць грады так, што ніводнай травінкі пустазелля не заставалася, а ўся гародніна захоўвалася некранутай. І такі хлеб выпякала для працаўнікоў саўгаса, што ніхто і параўнацца з ёй не мог. На роспыты ўнучкі, як жа яна здольна гэта ўсё рабіць, жанчына адказвала: “Бог забраў вочкі, ды даў ручкі”.
Пасля маленькая Марыя жыла з бацькам і мачыхай, але тая ўсё імкнулася болей свайму сыну чаго даць, а дзяўчынка часам заставалася і наогул галоднай. Памятае, як бабуля казала: “Ты ж бачыш, дзе яна. Як выйдзе з хаты, тады пашукаем паесці, а як вернецца, хавай ежу”. Так і атрымлівалася: то хлеба кавалак, то малака, то сыраквашы. А аднойчы не паспела схаваць. Мачыха насварылася і на малечу, і на бабулю, нават біла яе па руках. Пасля гэтага бацька, які быў характару мяккага і нешматслоўнага, нават сабраў рэчы жонкі і адправіў яе з хаты: “Ты ж ведала, што ў мяне дзіцё ёсць, чаму ж ты зараз сірату крыўдзіш?”
Успамінае Марыя і іншы момант, калі крыху падрасла:
– У нашых суседзяў была карова, якая дужа моцна калолася. Баяліся яе ўсе. І быў выпадак, калі аднойчы гналі статак дадому, а ў вёсцы звычайна браму адчыняць – і кожная жывёла ў свой двор ідзе. І сядзела на лаве мачыха са сваім Іванам і суседка з сынам. Убачыўшы, што бяжыць тая карова, ухапілі сваіх дзяцей, заскочылі ў двор і зачыніліся. А я на вуліцы засталася. Куды дзецца? Малая ж яшчэ зусім. Заскочыла за лаўку,бо не было дзе і прыхавацца. А карова падбегла, спынілася ля мяне, зямлю колькі разоў капытом узрыла, ды не кінулася, а толькі аблізнула мне твар і далей пайшла. А як пастух бег услед! Пасля таго я некалькі месяцаў не размаўляла ад перапалоху, ні слова вымавіць не магла. І мачысе тады людзі казалі, хіба ж так можна, свайго толькі ратавала, а гэтае дзіця калекай зрабіла. Але ж пасля гэтага мяне забралі да сябе бабуля і маміна сястра. Каб вылечыць мяне, яны нават да Унечы пешшу хадзілі па лекі… Больш я ў бацькі не жыла.
У больш сталым узросце таксама шмат чаго здаралася. Але Марыя Акімаўна ўсё жыццё імкнулася жыць так, каб прыносіць карысць людзям, працавала. Па сённяшні дзень шмат чаго робіць сама, хоць і жыве з сынам. І зараз, нягледзячы на ўсё перажытае, застаецца рухавым і зацікаўленым чалавекам. Да тако ж яна адна з самых актыўных чытачоў Стараградскай бібліятэкі-клуба. Нават на той момант, калі мы разам са старшынёй Стараградскага сельсавета завіталі да яе ў госці, яна якраз пачала чытаць чарговую падборку літаратуры:
– Кнігі люблю самыя разнастайныя. Аднолькава падабаецца і на рускай, і на беларускай мове чытаць. З вялікай цікаўнасцю звяртаюся і да буйных мастацкіх твораў, і да публікацый ў часопісах і газетах, у тым ліку райннай. Сярод любімых аўтараў адзначу Мікалая Чаргінца, Пятра Праскурына і Міхаіла Шолахава.
Вось так, нягледзячы на няпросты лёс, яна не скардзіцца і не шукае лепшай і больш лёгкай долі:
– Дзякуй Богу, жыву ў любімай вёсцы пад мірным небам. Усяго хапае. Нават аўталаўка прыпыняецца каля самай маёй хаты. І старшыня сельсавета рэгулярна заглядае, каб даведацца, ці ўсё добра, ці не ўзніклі якія пытанні. А ўсім, хто ў чымсьці сумняваецца, магу сказаць адно: калі працаваць, глядзець сваю хату і клапаціцца пра блізкіх, усё будзе добра і ў буйным горадзе, і ў маленькай вёсцы.


Алеся Шуцікава
Фота аўтара

