Падарожжа ў вёску Высокая
Гісторыя вёскі Высокая налічвае ўжо больш за стагоддзе. За гэты час маленькая, але ўтульная вёсачка на ўзбярэжжы рэк Добрыч і Сож стала самай лепшай для дзясяткаў сем’яў, працавітых і таленавітых людзей і тых, хто проста любіць сваю малую радзіму.


Цяпер, калі пасля летніх і восеньскіх клопатаў вяскоўцы прыбралі ўраджай, з дрэў абляцела лісце, птушкі адправіліся ў вырай, а ў палях заціх шум матораў, зямля нібы адпачывае, рыхтуючыся да зімовых маразоў і снегападаў. Вулачкі вёскі абвеяныя цішынёй і спакоем… Здавалася б, пейзажы ў гэты час выглядаюць сумнымі і шэрымі. Але зірніце на наваколле вачыма мясцовых жыхароў, якія любяць свой край, – і вы абавязкова адчуеце гэтую нягучную прыгажосць.

Старэйшына вёскі Высокая Тамара Несцяровіч расказвае:
– Ведаеце, як добра жыць у вёсцы? У нас і чыста, і камунальнае прадпрыемства смецце вывозіць, нават не трэба думаць, як яго ўтылізаваць, і людзі глядзяць за сваімі дамамі і ўчасткамі. Вось ідзеш па вёсцы – і душа цешыцца. Прыгажэй за родныя мясціны проста няма на свеце. Мы з мужам жывём тут усё жыццё, дзяцей выгадавалі-вывучылі. Усё склалася як трэба. А калі толькі пажаніліся, нам калгас падарыў карову. Тады была такая дапамога маладым сем’ям. З яе і пачалася наша асабістая гаспадарка. Калі не ленавацца, працаваць ад душы, тады і дом будзе добры, і ў сям’і лад. Вось зараз мне прапануйце ў кватэру пайсці жыць, на паверх – ні за што не пагаджуся. Тут жаўсё сваё, роднае. Прасторы якія. Калі вясной разліваецца Сож, не налюбавацца на яго.
Гаворачы аб плюсах вясковага жыцця, Тамара Аляксееўна зазначае, што тут створана неабходная інфраструктура. Прыязджаюць перасоўныяфельчарска-акушэрскі пункт і аддзяленне сувязі, працуе магазін, дзе можна купіць усё неабходнае, у клубе праходзяць выязныя канцэрты. Словам, ёсць усе ўмовы для камфорту і душы.

Вікторыя Аліева, маладая маці, да якой мы таксама завіталі ў госці, зазначае:
– У вёсцы свежае паветра, прастора, бяспека. Гэта ўсё вельмі важна для сямей з маленькімі дзецьмі. А таксама працуе дзіцячы садок. Дарэчы, менавіта ў ім я была кухарам да дэкрэтнага адпачынку. Хутка Васіліса падрасце, зараз ёй год і восем месяцаў, таксама пойдзе ў гэты ж садок. І мне нават не давядзецца хвалявацца, як яна там прывыкла, таму што дачка застанецца на вачах. Акрамя таго, значная перавага жыцця ў сваім доме – магчымасць трымаць розную жыўнасць, напрыклад, ката, сабаку. У гарадскойкватэрыгэтадаволіцяжка і для гаспадароў, і для жывёл. А ў сваім доме – зручна і камфортна.
Вядома, зазіраем у асобныя аб’екты інфраструктуры.





Першым наведваем дзіцячы садок, дзе якраз праходзіў дзень здаровага харчавання. Дзеці даведаліся шмат новага і карыснага аб тых прадуктах, якія трапляюць на стол, паспрабавалі сябе ў ролі кухараў і кулінараў, а таксама пагулялі ў вясёлыя гульні, у тым ліку і з любімымі цацкамі.

Затым накіроўваемся ў прыватную краму. Тут прапанаваны даволі разнастайны асартымент тавараў. Можна набыць бакалею, хлеб, малочную і мясную прадукцыю, прысмакі, чыпсы, напоі, гародніну, садавіну, канцылярскія прыналежнасці, тавары паўсядзённага попыту. Словам, тое, што запатрабавана жыхарамі. Прадавец Наталля Палта ўпэўнена:
– Вядома, за буйнымі пакупкамі многія едуць у Карму, у той жа «Светлафор» або «Грошык», але ж за кожным боханам хлеба, пакетам малака або смятаны не наездзішся. Ды і не ў кожнага ёсць такая магчымасць. Таму крама на сяле – месца запатрабаванае. Да таго ж сюды, як гэта традыцыйна бывае, людзі ідуць не толькі па пакупкі, але і пабачыцца і паразмаўляць з суседзямі, абмяняцца мясцовымі навінамі. Так што нярэдка адчуваю сябе ў гушчы ўсіх падзей.
Акрамя іншага, у вёсцы ёсць яшчэ і некалькі зручных пляцовак – дзіцячая, дзе размясціліся разнастайныя горкі і арэлі, а праз дарогу – месца адпачынку с цікавымі лавамі, якое можна назваць і фотазонай.


Вось такой – утульнай, любімай сваімі жыхарамі, прыгожай і спакойнай – паўстае перад гасцямі вёска Высокая. А вы бывалі тут? Абавязкова зазірніце ў гэты куточак Кармяншчыны, асабліва вясной або летам. Не пашкадуеце.



Алеся Шуцікава
Фота аўтара

