Тут спакой і цішыня: карэспандэнты раёнкі завіталі ў госці да жыхароў Лесавой Буды
Маленечкая вёсачка Лесавая Буда нібы схавалася на ўскраіне не толькі Баравабудскага сельсавета, але і ўсяго Кармянскага раёна. Аднак малая колькасць насельніцтва і аддаленае размяшчэнне зусім не азначаюць, што жыхары застаюцца без увагі.
Сюды па графіку прыязджаюць аўтакрама, перасоўнае аддзяленне паштовай сувязі і ФАП. Рэгулярна наведваецца старшыня сельвыканкама Людміла Бандарэнка, якая не толькі даведваецца аб праблемах і пытаннях, якія хвалююць людзей, і дапамагае ў іх вырашэнні, але і пры неабходнасці выконвае заяўкі жыхароў:
– Вядома, як прадстаўнік мясцовай улады я разбіраюся з кожным зваротам. Але па некаторых пытаннях я дапамагаю проста як чалавек, у якога ёсць такая магчымасць. Я ж жыву ў Карме, дык хіба ж цяжка зайсці ў краму і набыць тое, што людзям патрэбна менавіта зараз, – адзначае яна.
Прайшоўшы па ціхай вулачцы, зазіраем у госці да вяскоўцаў.

З усмешкай, жартамі і дабром вітае нас 85-гадовы Міхаіл Сяргеевіч Яфрэменка, у якога якраз у той момант была сацыяльны работнік Іна Чарачкіна.
Дом Міхаіла Сяргеевіча напоўнены асаблівай утульнасцю. Іконы на паліцах, пакрытых вышытымі ручнікамі, вышытыя накідкі на падушкі і посцілкі, чысціня і парадак – вось тое, што кідаецца ў вочы з самых першых імгненняў, калі ўваходзіш у пакоі. Як расказаў гаспадар, усю гэтую прыгажосць наводзяць дочкі, а падтрымлівае сацыяльны работнік. Яна ж забяспечвае вадой, дровамі, дапамагае пратапіць печкі, прыносіць прадукты з аўтакрамы, гатуе, словам, акружае яго клопатам і ўвагай. І хаця павінна прыходзіць тры разы на тыдзень, зазірае значна часцей. А вось вышыўка захавалася ў памяць аб яго жонцы Ганне. Менавіта яе таленавітыя рукі стварылі гэтыя сапраўдныя шэдэўры.


Міхаіл Яфрэмаў у маладосці працаваў на Поўначы, потым шмат гадоў працаваў поварам на ферме. Прывык быць сярод людзей, а таму і зараз таварыскі, гаваркі, гасцей сустракае сардэчна, дзеліцца і навінамі, і ўспамінамі.

Іна Аркадзьеўна таксама не застаецца ў баку ад размовы. Улічваючы, што яна не толькі сацработнік, але яшчэ і старэйшына вёскі, дэпутат Баравабудскагасельскага Савета дэпутатаў, са старшынёй сельвыканкама Людмілай Бандарэнка яны, карыстаючыся момантам, абмяркоўваюць, ці ўсё ў парадку, ці не патрэбна якая-небудзь дапамога.

Зазіраем і да Алены Лісіменка. Калі аб папярэдніх суразмоўцах можна сказаць «дзе нарадзіліся, там і спатрэбіліся», то тут сітуацыя зусім іншая. Алена пераехала ў вёску з Доўска – далей ад шуму машын і вялікай колькасці людзей, бліжэй да прыроды і цішыні. Яе пастаянныя спадарожнікі жыцця –хатнія любімцы кот і сабака. А дачка жыве асобна, але пра маці не забывае, прыязджае ў госці, дапамагае і адпачывае душой.


І тут, у Лесавой Будзе, сапраўды ўсё дыхае прыгажосцю прыроды. Непадалёк ад вёскі раскінуўся лес, вакол – абшары палёў. У такім месцы добра мець дом, каб хоць на колькі дзён адысці ад мітусні і быць бліжэй да вытокаў. Гэтым, дарэчы, улетку актыўна карыстаюцца ўладальнікі дач.
А калі вы апошні раз бывалі ў вёсцы?
Алеся Шуцікава
Фота аўтара

