Суббота, 7 февраля, 2026
ОБЩЕСТВО

Жыхары вёскі Задуб’е, што на Кармяншчыне, лічаць яе лепшай у свеце

Ці надаралася вам бываць у вёсцы Задуб’е? Калі так, чым яна вам запомнілася?Асабіста для мяне яна заўжды асацыіруецца з бруістай рачулкай, што працякае праз вёску, з прыгожымі калодзежамі, якія мясцовыя жыхары захоўваюць у чысціні і старанна даглядаюць. Мы прапанавалі мясцовым жыхарам і працаўнікам расказаць, чым ім падабаецца гэты куточак Кармяншчыны.

Аляксандр Цімашэнка:

– У нашай вёсцы свежае і незагазаванае паветра, раздолле і прастора. Тут не баішся выйсці на вуліцу ці дзяцей адпусціць пагуляць, як, напрыклад, у горадзе, дзе шмат машын. Я тут жыву і працаваў усё жыццё ў сельскай гаспадарцы. Быў трактарыстам. Ды і 26 сезонаў на камбайне – гэта ж чагосьці варта? Родныя мясціны самыя лепшыя. І навошта шукаць іншае, калі ёсць сваё?

Наталля Салюценка:

– Я працую прадаўцом у мясцовай краме. І магу з упэўненасцю сказаць, што асартымент у нас не горшы, чым у многіх гандлёвых кропках Кармы. Ды і каштуе ўсё не даражэй. Летам дзеці прыбягаюць па марозіва. Дарослыя на працягу года прыходзяць, каб набыць прадукты. У нас і хлеб розных вытворцаў, і малочная прадукцыя. Асабіста я лічу: калі ў вёсцы ёсць крама, гэта зручна для ўсіх жыхароў.

Канстанцін Гаўрыленка:

– Я тут нарадзіўся, тут і прыгадзіўся. Гэта маё роднае гняздо, дзе ўсё дорага. Адсюль пайшоў у армію, сюды вярнуўся. За рулём 15 год ад’ездзіў. Зараз нарыхтоўшчыкам працую. Ёсць свой дом, работа, умовы для жыцця – чаму ж не любіць такое месца.

Звяртаю ўвагу на тое, што дом надзвычай запамінальны. Канстанцін Міхайлавіч адзначае:

– Гэта мая жонка з пляменнікам размалявалі. Усё самі – і абмеркавалі, як упрыгожыць будынак і браму, і эскіз падрыхтавалі, і ўсё зрабілі. Таму што любімае месца хочацца рабіць лепшым і прыгажэйшым.

Таццяна Маханава:

– Думаю, што я застануся жыць у сваёй вёсцы назаўжды. Тут нарадзілася, тут знайшла сваё шчасце, тут мой дом. Ці хацелася б мне жыць у іншым месцы? Хутчэй за ўсё, не. Вось я да нядаўняга часу працавала ў Карме. Яна, канечне, прыгожая. Шмат чаго ёсць, тыя ж крамы, бальніца, цікавыя мясціны. Але свая вёска больш родная, больш да душы.

Зірніце і вы на наваколлі, якія так прывабліваюць мясцовых жыхароў.

Запісала Алеся Шуцікава

Фота аўтара

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.