Маленькая, утульная і такая родная: журналісты завіталі ў вёску Сямёнаўка на Кармяншчыне
Вёска Сямёнаўка знаходзіцца зусім побач з Кармой – да яе можна нават пешшу дайсці. Але ж жыццё тут іншае: па-сапраўднаму вясковае і нібы больш павольнае і размеранае.

Невялікія вулачкі ахінуты цішынёй і спакоем. Кожны дом – не падобны да іншых. Унікальная афарбоўка, самаробныя ўпрыгожванні, апусцелыя напярэдадні зімы, але відавочна дагледжаныя і чыстыя палісаднікі і сады – усё гаворыць пра клапатлівых і старанных гаспадароў. Адны жывуць тут усё жыццё, хтосьці пераехаў сюды з іншых куткоў не толькі Кармяншчыны ці Беларусі, але і наогул з былога Савецкага Саюза, трэція прыязджаюць на лета, але сядзібу даглядаюць на працягу ўсяго года.

Роза Шлемянкова, старэйшына вёскі, падзялілася:
– Сама я ў Сямёнаўцы жыву з 1982 года, пераехала ў Беларусь з Цюменскай вобласці. Тут і шчасце сваё знайшла, і ўсіх дзяцей нарадзіла. Мясціны вельмі да сэрца прыйшліся. Падабаецца, што райцэнтр побач, а таму без праблем можна трапіць у бальніцу, крамы, на базар і іншыя месцы. Але разам з тым у нас цішыня і спакой. Мы крыху збоку ад вялікіх дарог, таму машын няшмат, людзі ўсе знаёмыя, усе свае.

Расказала яна і пра свае клопаты ў якасці старэйшыны. Так, жанчына пастаянна на сувязі з Кароцькаўскім сельсаветам, старшыня якога Аляксандр Шоцік заўсёды цікавіцца тым, як жывуць людзі, якая дапамога ім патрэбна. Нават калі на дарозе з’яўляецца якая-небудзь яма, пра гэта абавязкова паведамляе яму.

Фёдар Шлемянкоў, муж нашай папярэдняй субяседніцы, таксама ўдзельнічае ў размове:
– Я тут жыву ад самага нараджэння. Выязджаў толькі часова, калі вучыўся. Але заўсёды хацелася вярнуцца ў родныя мясціны. А назусім і ўвогуле ніколі не хацеў з’ехаць. Нават у Карме не змог бы жыць. У сястры пабуду гадзіну-другую – і цягне дадому.


Адпраўляемся на іншую вуліцу. Тут каля самага першага дома сустракаем руплівую гаспадыню Сафію Дзям’янаўну Казакову. Яна якраз развіталася з сынам, які бывае ў яе літаральна штодзень. Ён жа звычайна дапамагае з гаспадаркай. Жанчына ўважліва аглядае сядзібу і зазначае:
– Вось зараз выйшла не толькі сына праводзіць, але і праверыць, ці ўсё добра. Каршун часта лётае, таму патрэбна сачыць, каб не нарабіў шкоды. Ды і гляджу, што трэба крыху афарбоўку дома падправіць. Пакуль вочы бачаць, патрэбна ўсё трымаць у парадку.

Сафія Дзям’янаўна паведаміла, што сама яна родам з Вынашаўкі, а ў Сямёнаўку яна пераехала жыць да свайго мужа – сваёй палавінкі. І жыве ў вёсцы з 1967 года. Тут выраслі пяцёра яе дзяцей, якія, нягледзячы на адлегласць, не забываюцца, наведваюць, тэлефануюць. І для кожнага з іх, а таксама для ўнукаў у яе сэрцы ёсць месца.

На працягу нашага невялікага падарожжа зноў і зноў звяртаю ўвагу на прыгожыя будынкі, на навакольныя краявіды. Заўважаю статак разнамасных курэй ізбочваюда гэтай сядзібы. Яе гаспадар Васіль Піжоў з усмешкай адказвае на нашы пытанні пра сваіх нясушак:
– Гэта жонка мая набыла такіх курэй разнастайных: і шэрых, і чорных, і рудых. Ды мы і не заўважаем ужо нават, што яны такія рознакаляровыя. Нам здаюцца звычайнымі. А вось Вы сказалі, дык і сапраўды цікава.

Сам ён жыве ў Сямёнаўцы ўсё жыццё. Тут сям’я, дом і гаспадарка. А галоўнае – шчасце жыць на любімай малой радзіме.

Мы абавязкова яшчэ не раз наведаемся да жыхароў вёскі і раскажам пра іх чытачам.
Алеся Шуцікава
Фота аўтара

