Суббота, 24 мая, 2025
ОБЩЕСТВО

Наш каляндар. Лістапад.

image“Лістапад снегу надуе – хлебу прыбудзе, а вада разальецца – сена набярэцца”
Назва апошняга восеньскага месяца заступае сваё месца з некаторым спазненнем, бо лісты з дрэў ў асноўным паападалі, з чым згаджаецца і такая выразная пейзажная прыкмета: “У лістападзе гола ў садзе”. Зіма ўсё смялей заяўляе пра сябе, адцясняючы мокрую, але ўпартую восень, і сутычка дзвюх пор года дае магчымасць зямляробу меркаваць пра наступны ўраджай: “Лістапад снегу надуе – хлебу прыбудзе, а вада разальецца – сена набярэцца”. Што да нарыхтоўкі запасаў на зіму, то існуе нямала парад накшталт: “У лістападзе кладзі капусту ў кадзі”.
1/19 лістапада – Іван, Клеапатра. А ў каталікоў – дзень Усіх Святых, агульнае памінанне нябожчыкау. “Па Усіх Святых – холад для ўсіх”; “Усе Святыя як засваволяць, дык дрэвы дарэшты аголяць”.
2/20 лістапада – Арцём.Задушны дзень. Памінальны дзень.
3/21 лістапада – Ларывон, Феафіл, Якуб.
4/22 лістапада – Святкаванне абраза Казанскай Божай Маці. “Што Казанская пакажа, тое й зіма скажа”. Спрыяльным гэты дзень быў для тых, хто браў шлюб: “Хто на Казанскую жаніхаецца, той не пакаецца”; “Да Казанскай не зіма, пасля Казанскай – не восень”. Асяніны, Змітраўскія Дзяды. “Свя­тыя дзя­ды, за­вём вас…”.
5/23 лістапада – Якуб, Ігнат, Алісей.
6/24 лістапада – Феафіл, Апанас.
7/25 лістапада – Маркіян, Анастас.
8/26 лістапада – Дзмітры (Зміцер). Гэты дзень выглядае ў народнай паэзіі своеасаблівым апагеем вясельнай тэмы: “Святы Змітры – людзі хітры, чаны параць, піва вараць, сыноў жэняць, дачок даюць”. Да пэўнага часу дзяўчаты яшчэ маглі перабіраць жаніхоў, але пазней з-за набліжэння посту спяшаліся з вяселлямі: “Да Дзмітра баба хітра, а па Дзмітры – мужчыны хітры”. У залежнасці ад надвор’я заканчваўся выпас жывёлы, і такім рубяжом мог стаць не толькі названы раней Пакроў, але і Змітраў дзень: “Да Змітра пасуць, а па Змітры пільнуюць”. Лічылі таксама, што на працягу тых месяцаў, калі жывёла зімуе ў хляве – ад Змітраўкі да Юр’я, воўк нападае на ўсялякіх жывёлін і есць іх без разбору. З паваротам гадавога кола карціны прыроды ў прыкметах і прыказках малююцца ўсё больш стрыманымі, халоднымі фарбамі: “Зміцер зямлю выцер, на груды пабіў, каб ніхто не хадзіў”; “Святы Зміцер грудамі гвоздзіць”. Па Змітраваму дню глядзелі наперад: “Калі Змітра на снезе, то і Каляды на снезе, а вясна позняя”.
9/27 лістапада – Нестар, Андрэй, Капіталіна, Марк. Да гэтага дня, як і да Тодара з каталіцкага календара, ураджай па гаспадарках даўно сабраны, але селяніну прыемна было лішні раз падкрэсліць сваю спраўнасць: “На святога Тадора – поўная камора”.
10/28 лістапада – Параскева, Цярэнцій, Неаніла, Фот, Фядул, Сцяпан, Арсень, Дзмітры, Максім, Іван. У дзень Параскевы Пятніцы, якая лічылася апякуншай прадзіва, забаранялася прасці, ткаць, а таксама выносіць попел і рабіць луг для мыцця бялізны, мужчынам – араць. Гэтаксама шанаваліся пятніцы напярэдадні дванадзесятых свят, перад Іллёю, перад Пакровам. Многія жанчыны ўстрымліваліся ад прадзіва па пятніцах на працягу ўсяго года. Гаварылі, што ручнік, які нейкі час павісеў на абразе святой Параскевы, атрымлівае гаючую сілу, і тыя, хто моліцца, выціраюць ім твар і хворыя вочы. Свята Параскі.
11/29 лістапада – Настасся, Аўрам, Марыя, Клаўдзія, Ганна. На прысвятках Настусі пачыналі стрыгчы авечак. Дзень Марціна, які ў каталіцкім календары супадаў з гэтым днём, прызнаваўся ў народзе прысвяткам млынароў, таму што пасля яго ледзяная корка скоўвала рэчкі, і тады на млынах спынялася работа. Ад надвор’я на Марціна (яго ў асобных вёсках таксама лічылі пачаткам зімы) залежылі, думалася, не толькі па асобныя наступныя дні, але і цэлыя сезоны. Напрыклад, калі Марцін з’яўляўся з дажджом ці разводдзем, то гэтым абяцаў на Каляды лёд і пазней – мокрае лета. Гаварылі, што на Марціна мядзведзь кладзецца ў бярлогу і пачынае смактаць лапу, на Стрэчанне – пераварочваецца і смокча другую лапу, а на Благавешчанне – выходзіць з бярлогі.
12/30 лістапада – Зіновій, Марк, Настасся, Сцяпан, Алена, а таксама Арцём, да якога смаленскія беларусы звярталіся: “Святэй Артошка, напрадзі пачатак з лукошка, а клубок з карабок, а мальчык, напрадзі пачатак з пальчык”.
13/31 лістапада – Стах, Спірыдон, Нікадзім, Маўра.
14 лістапада/1 снежня – На Кузьму-Дзям’яна па гумнах ішла малацьба: “Кузьма з Дзям’янам на восець содзяць, на помач просяць малыя святкі: “Бярыце цапкі”. Магчыма, па аналогіі з такім заняткам ці з-за сугучнасці “Кузьма – кузня” гэты дзень лічыўся прысвяткам кавалёў. Чаргаванне маразоў, якія скоўвалі зямлю і ваду, і адлігі вобразна схоплена ў прыказцы: “Кузьма закуе, а Міхал раскуе”. Да Піліпавага посту заставаўся невялікі адрэзак часу, і дзяўчат яшчэ не пакідала надзея на замужжа. Дзень Кузьмы-Дзям’яна асабліва шанаваўся імі, таму што гэтыя святыя, на іх думку, спрыялі вяселлям.
15 лістапада/2 снежня – Афоній, Маркіян.
16 лістапада/3 снежня – Язэп, Георгій.
17 лістапада/4 снежня – Нікандр, Меркурый.
18 лістапада/5 снежня – Галакціён, Іона, Рыгор.
19 лістапада/6 снежня – Павел, Варлам, Лука, Герман, Аляксандра, Клаўдзія, Ефрасіння, Матруна.
20 лістапада/7 снежня – Апанас, Нікандр, Нікан, Хведар, Валерый, Яўген, Епіфан, Дарафей, Хвядот, Лазар, Юрыл.
21 лістапада/8 снежня – дзень Міхал а прыходзіў, як спявалі ў песні, “з халодным вятром”. Між ім і Міколам зімовым, які надыходзіў амаль праз месяц, народная метэаралогія ўстанавіла непасрэдную залежнасць: “Калі на Міхайлаў дзень сціснець (мароз), то ў Міколаў дзень адпусціць”; “Калі Міхайла ў снягу, то і Пасха ў снягу, а як не – дык і не” (Шумілінскі раён). Палявыя работы даўно ўжо былі скончаны, што таксама было адзначана: “Прыйшоў Міхал – усіх з поля паспіхаў”. У Рэчыцкім павеце напярэдадні Міхалавага дня праводзіліся памінанні нябожчыкаў.
22 лістапада/9 снежня – з дня Матруны (і не толькі з яго, як пераконваюць шматлікія народныя выказванні) дзе-нідзе лічылі, што “становіцца зіма”. Калі на Матруну шэрань на дрэвах – будуць маразы, туман – чакай адлігі.
23 лістапада/10 снежня – Алімп, Радзівон, Арэст, Мілій, Кастусь.
24 лістапада/11 снежня – Міна, Віктар, Вікенцій, Стэфаніда, Хведар, Максім, Сцяпан, Марцірый.
25 лістапада/12 снежня – Іван Міласцівы. Ва ўгоду святому на Палессі стараліся з кім-небудзь хоць чымсьці падзяліцца, што маеш, пазычыць, падараваць. Калі на Івана Міласцівага дождж або снег, то ажно да Грамніц трэба чакаць адлігі.
26 лістапада/13 снежня – Іван, Нічыпар, Герман, Манефа.
27 лістапада/14 снежня – Святога Юстыніяна беларусы лічылі збавіцелем ад бясплоднасці. На абразах ён быў намаляваны з дзіцем на руках у малітве перад іконаю Божай Маці. Бяздзетныя сяляне ці тыя, у каго паміралі дзеці, абавязкова мелі абраз святога Юстыніяна ў сваім доме. Другі святы гэтага дня – Піліп, як казалі ў народзе, “дзеці адзявае”. Стараліся закончыць прадзіва, бо пасля так званай Піліпаўкі наступае пара ткацтва.
28 лістапада/15 снежня – Гурый, Паісій, Маркел, Дзмітры. Ад гэтага дня пачынаецца апошні ў годзе пост – Калядны, або Піліпаўскі (Піліпаўка), які працягваецца да самых Каляд. Уважлівае вока падглядала: “Калі да Піліпавых заговін мянтуз намеча ікру – зіма атыйдзе раней; адваротнае здарыцца, калі мянтуз меча ікру пазней, перад днём восеньскага Юр’я”; “Калі непагадзь суправаджае Калядныя запусты, то можна разлічваць на ўраджайнае лета”; “На Піліпаўку пагода хмарная або снежная – травень будзе мокры”. З Піліпаўкі, калі, паводле народнага выказвання, “дзень толькі да палудня”, а потым ужо цямнее, пачыналіся вячоркі і попрадкі: “Спорны піліпаўскі клубок, а пятроўскі стажок”. Наколькі плённай была работа цяпер, настолькі ж плённы быў затым і наступны этап – ткацтва: “Што ў Піліпаўку спрадзеш, тое ў Вялікі пост сатчэш”. Казалі, што гэтым часам ваўкі збіраюцца ў зграі.
29 лістапада/16 снежня – На Мацея надвор’е звычайна яшчэ вельмі няпэўнае, восень ніяк не саступае зіме, і гэта асаблівасць стану прыроды перададзена ў каляндарнай прыкмеце: “На Мацея дарога (зіма) пацея”.
30 лістапада/17 снежня – Рыгор, Нікан, Сяргей.
Самае значнае свята – Дзяды. Цягам году адзначаліся: Масленічныя Дзяды (пятніца перад Масленічным тыднем); Стрэчаньскія Дзяды (13 лютага, дзень перад Стрэчаннем); Радунічныя Дзяды (панядзелак перад Радуніцай); Траецкія (Сёмушныя, Духаўскія) Дзяды (пятніца перад Троіцай).

Падрыхтаваў В. Варганаў,
настаўнік гісторыі Ворнаўскай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"