ПРЕСС-ЦЕНТР

Галоўныя асновы: традыцыі роднай зямлі

13 апреля 2018
14

“Шануй чужое аж да пакланення,
Сваё любі да самазабыцця!”
Пятро Бітэль

Гэтыя радкі найбольш поўна адлюстроўваюць сумесную дзейнасць педагогаў, вучняў, бацькоў ДУА “Дубавіцкі дзіцячы сад-базавая школа”: адраджэнне духоўных традыцый, мясцовых абрадаў, выхаванне патрыятызму, любові да роднай вёскі, сям’і, павагі да аднавяскоўцаў, гонар за свой народ, краіну, край, у якім жывеш.

Сабраны і сістэматызаваны матэрыял па гісторыіі культуры населенага пункта, унікальны ў сваім родзе, актыўна выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе. Інфармацыйныя стэнды “Адкуль радзіма наша”, “Старонкі школьнай гісторыі”, “Вогненныя гады вайны”, “Чарнобыльскі след” і іншыя знаёмяць са славутай гісторыяй малой радзімы. Фотавыстава “Мая вёска – мой лёс” зачароўвае прыгажосцю родных пейзажаў.
Асаблівае месца ў школе, дзе пануе непаўторная аўра, дзе па-сапраўднаму адпачывае душа – музейны пакой «Хата з матчынай душою». Экспазіцыі адлюстроўваюць побыт роднай вёскі 20 стагоддзя.
Масавае правядзенне народных святаў, абрадаў у нашай школе стала традыцыяй. А ў гэтым годзе 7 красавіка мы гасцінна запрасілі аднавяскоўцаў, гасцей з Лужкоўскай школы на Вялікодныя забавы. Тут панавалі і песні, і гульні, і святочны настрой.
Надзвычай важна закласці ў душах падрастаючага пакалення асновы духоўнасці, любові да роднага краю, каб яны пранеслі гэта праз усё жыццё, бо, як гаворыць народная мудрасць: “Чаму навучыліся ў гняздзе, тое будзе і ў палёце”.
А. Хадановіч, дырэктар школы