Праз вучобу да майстэрства

Днямі на базе Ліцвінавіцкага сельскага клуба прайшоў семінар-практыкум для работнікаў устаноў культуры раёна. Давялося прысутнічаць на гэтым мерапрыемстве і мне. Паспрабую перадаць свае ўражанні, зрабіць пэўны аналіз і прыйсці к нейкім высновам. Па-першае, парадавала наведванне самога клуба. Набыццё населеным пунктам статуса аграгарадка вельмі добра паўплывала на многія аб’екты сацыяльнай сферы. Клуб таксама пасля рамонту стаў утульным і прывабным. Але ці пойдуць сюды жыхары, каб адпачыць, рэалізаваць свае таленты, знайсці справу па сэрцы? Гэта напрамую залежыць ад тых, хто працуе ў гэтых добра пафарбаваных сценах, сярод новай мэблі і апаратуры. Пасля экскурсіі ўсе сабраліся ў зале.

Загадчык метададдзела цэнтра культуры і вольнага часу Е.М. Мішакова агучыла тэму семінара: “Развіццё тэатральнага майстэрства на Кармяншчыне”. Але перад тым, як перайсці да галоўнага, загадчык аддзела культуры С.М.Казлова акцэнтавала ўвагу культработнікаў на трох праблемах сферы. Гэта прафе-сійны рост і адукацыя працаўнікоў устаноў культуры раёна, пачатак добраўпарадкавання аб’ектаў і навядзенне парадку на тэрыторыях, аказанне платных паслуг насельніцтву. Над гэтымі пытаннямі ўсім трэба вельмі шмат працаваць. Другая частка семінара была творчай. Няхай не прафесійна самадзейныя тэатральныя калектывы сельскіх клубаў паказвалі ўрыўкі з вядомых “Паўлінкі”, “Лявоніхі на арбіце” і сцэнак малазнаёмага Г. Уласенкі, але вельмі ўжо натуральна, камічна. Ды і гледачы ж прыходзяць не ў Купалаўскі тэатр, а ў вясковы клуб. А задавальненне можна атрымаць і ўбачыўшы суседку ў ролі той жа Лявоніхі. Я ж асаблівае ўражанне і асалоду атрымала, паглядзеўшы казку ў выкананні дзяцей з в. Высокае. Тут трэба адзначыць, што ў Высокаўскім сельскім клубе працуе толькі адзін чалавек – загадчык, але відаць адразу, што з дзецьмі вядзецца актыўная работа. Акрамя інсцэніроўкі казкі “Каласок”, яны паказалі і тэатр лялек. І да ўсяго іншага, яны самі робяць дэкарацыі, музычнае афармленне. Галоўнае, каб было жаданне творча працаваць, а яго вельмі часта не хапае, як і ўмення арганізаваць і зацікавіць дзяцей і дарослых. “Цікава? – спытала ў прысутных Г.Д. Кулікова, рэжысёр ЦКіВЧ. – Вось і давайце вучыцца працаваць над тэатральнай дзейнасцю, развіваць гэты напрамак. І гэта не пажаданне, а нават загад, бо тэатр – самы неразвіты мастацкі рух у нашым раёне!”. У ходзе трэцяй часткі мерапрыемства прайшла вучоба работнікаў устаноў культуры. Спецыялісты метадычнага ад-дзела паведамілі, як саставіць і паказаць пастаноўкі, арганізаваць работу тэатральных калектываў, тэатраў лялек. Вельмі б хацелася, каб гэта не засталося ў межах семінара і пробныя “спектаклі” ператварыліся ў больш маштабныя пастаноўкі, якія прывабяць гледачоў, сельскіх жыхароў у залы і на сцэны клубаў. А для гэтага трэба самім работнікам культуры актыўна ўключыцца ў справу. Калі мала вопыту – звяртацца да метадыстаў, прасіць дапамогі і савета, а каб на сцэне былі артысты – пад-ключаць родных і сяброў, аднавяскоўцаў. Мару калі-небудзь наведаць прэм’еру той жа “Паўлінкі” у вясковым клубе. Ці запросіце ў госці, работнікі культуры?
В. Ляхновіч,
фота аўтара