Чым жыла Кармяншчына

1950 г. 22 чэрвеня. Сем калгасаў Кароцькаўскага сельсавета – “Парыжская Камуна”, “Чырвоны сцяг”, “Чырвоны Востраў”, “Ленінскі шлях”, “Ударнік”, “1-е мая”, і “Чырвоны добрыч” – аб’ядналіся ў адзін калгас “Парыжская Камуна”. Старшынёй праўлення на агульным сходзе аб’яднанага калгаса выбран тав. Радзеўскі І. І.


1960 г. 8 чэрвеня. Навучэнцы Бераставецкай пачатковай школы зрабілі экскурсію на цагельны завод, які размешчан у вёсцы Лесавая Буда. 18 чэрвеня. У вёсцы Лебядзёўка распачата будаўніцтва новага тыповага магазіна. Будаўнічыя работы праводзяцца пад кіраўніцтвам цесляра тав. Нямірава.


1970 г. 2 чэрвеня. Нядаўна ў г. п. Карма адбыліся спаборніцтвы санітарных дружын школ раёна. У іх прымала ўдзел і каманда школы-інтэрната, якая стала пераможцам.


18 чэрвеня. У нашым раёне зараз працуе 49 устаноў культуры. Праўленні калгасаў і дырэкцыі саўгасаў удзяляюць вялікую ўвагу іх будаўніцтву. Зараз будуюцца тры сельскія Дамы культуры, кожны з якіх разлічан на 360 месц. У саўгасе імя Чапаева (в. Баравая Буда) і ў саўгасе “Струкачоўскі” (в. Струкачоў) будуць узведзены тры дабротныя Дамы культуры. Адначасова тут будуць размяшчацца сельскія бібліятэкі.


1980 г. 26 чэрвеня. У раённым Доме культуры праходзіў агляд-конкурс калектываў мастацкай самадзейнасці Гомельскага вытворчага аб’яднання па нарыхтоўцы і пярвічнай апрацоўцы льну. У ім прыняло ўдзел пяць калектываў: Кармянскі, Рэчыцкі, Церахоўскі, Жлобінскі, Уваравіцкі. Калектыву нашага льнозавода прысуджана другое месца.


1990 г. 30 чэрвеня. Будаўнікі з Кармянскай МПМК-102 рыхтуюць для барсукоўскіх вучняў добры падарунак. Да новага навучальнага года будзе здадзен у эксплуатацыю новы двухпавярховы будынак школы.
Падрыхтавала Кармянская цэнтральная бібліятэка