Пісьменнікі-юбіляры

14 лютага спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння Міхася Стральцова, беларускага празаіка, паэта, перакладчыка.
Ён нарадзіўся ў 1937 годзе ў Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці.
Пісаць пачаў яшчэ ў школьныя годы.
У сваёй творчасці Міхась Стральцоў абраў кірунак Максіма Багдановіча – стварыў узоры лірыкі – філасофскай прозы і паэзіі.
З пад яго пяра выйшлі кнігі «Сена на асфальце», «Загадка Багдановіча», «Адзін лапаць, адзін чунь», «На ўспамін аб радасці», «Падарожжа за горад», «Выбранае».
Міхась Стральцоў вядомы як перакладчык на беларускую мову твораў рускіх, украінскіх, італьянскіх паэтаў.
16 лютага спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Рыгора Мурашкі, беларускага пісьменніка, крытыка.
Ён нарадзіўся ў Слуцкім раёне Мінскай вобласці ў 1902 годзе.
Першае апавяданне апублікаваў у 1924 годзе ў газеце «Савецкая Беларусь». Аўтар зборнікаў апавяданняў «Стрэл начны ў лесе», «Прыгранічны манастыр», аповесці «У іхнім доме», раманаў «Сын», «Салаўі святога Палікара». Вядучая тэма творчасці – жыццё беларускай вёскі 30-х гадоў.
26 лютага спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Карпава, пісьменніка.
Нарадзіўся ён у горадзе Хвалынску Саратаўскай вобласці ў сям’і земскага ўрача. У час голаду на Паволжы пераехаў разам з маці на Гомельшчыну. Літаратурную дзейнасць Уладзімір Карпаў пачаў як крытык.
Першым значным празаічным творам пісьменніка з’яўляецца аповесць «Без нейтральнай паласы», якая напісана на аснове перажытага ў гады вайны.
Пазней выйшлі з друку раманы «За годам год», «Вясеннія ліўні», «Нямігі крывавыя берагі», «Сотая маладосць». Творы прысвечаны барацьбе беларускіх партызан і падпольшчыкаў Мінска супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пасляваеннаму жыццю рабочых і інтэлігенцыі. Апошняя кніга пісьменніка – зборнік апавяданняў і дакументальных навел пра мінскае падполле.
Аб чым бы ні пісаў Уладзімір Карпаў, галоўны герой яго прозы – Мінск. Сваю ўлюблёнасць у горад пранёс пісьменнік праз усе гады свайго актыўнага творчага жыцця. Яго імем названа вуліца ў Мінску.


Цэнтральная бібліятэка