Чым жыла Кармяншчына

24 верасня 1953 года. 4 кастрычніка пройдзе раённая сельскагаспадарчая выстаўка. На ёй будуць наглядна паказаны дасягненні калгасаў і МТС у вырошчванні высокіх ураджаяў, ў павышэнні прадуктыўнасці жывёлагадоўлі.

8 верасня 1973 года. Цікава і змястоўна прайшла ў раённым Доме культуры сустрэча з артыстамі вядучых студый краіны. У сустрэчы прынялі ўдзел артысты “Масфільма”, “Беларусьфільма” і іншых кінастудый. Вядомыя артысты расказалі аб тым, як праходзілі здымкі кінафільмаў, паказалі сцэны, дзе яны прымалі ўдзел.

25 верасня 1973 года. Нядаўна да выпускнікоў Кармянскай сярэдняй школы №1 прыйшоў у госці былы яе выхаванец, афіцэр Савецкай Арміі – Міхаіл Яфрэмавіч Далгіх. Ён гаварыў аб сваёй вучобе, жыццёвым шляху, аб мясцінах, дзе яму даводзіцца жыць і працаваць.

27 верасня 1973 года. У нядзелю навучэнцы старэйшых класаў Кармянскай сярэдняй школы №1 дапамагалі хлебаробам калгаса “Перамога” на ўборцы бульбы. Дзесяцікласнікі капалі клубні ў вёсцы Вынашаўка. Школьнікі накапалі 10,5 тоны клубняў.

1 верасня 1983 года. Дырэктар Руднянскай васьмігадовай школы расказвае. Першы школьны урок – урок міру. У музеі баявой славы настаўнікі раскажуць дзецям праўду аб жыцці, іх бацьках і дзядах. Менавіта так школьнікі зразумеюць і сэрцам адчуюць якім коштам аплачана іх сённяшняе шчаслівае дзяцінства. А ветэраны Вялікай Айчыннай А.Д. Федарэнка і М.М. Палякоў раскажуць аб цяжкіх дарогах вайны.

15 верасня 1983 года. Група спартсменаў горада Гомеля правяла агітпрабег па месцах баявой славы нашага народа, прысвечанага 40-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Удзельнікаў агітпрабегу цёпла сустрэлі жыхары г.п. Карма, прыпаднеслі ім кветкі. Кіраўнік групы заслужаны трэнер БССР М.П. Талстапятаў выступіў перад педкалектывам і выхаванцамі дзіцячай спартыўнай школы.

Падрыхтавала Кармянская цэнтральная бібліятэка

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"