Фальклорная феерыя каля кафэ «Сонейка»

Менавіта пад такой назвай прайшоў канцэрт у летнім кафэ «Сонейка». Тут сабраліся аматары жывой народнай музыкі. І нездарма. Ўсіх гасцей чакала сапраўднае фальклорнае свята.
Вядучая, Ала Храмянкова, арыгінальна прадстаўляла ўдзельнікаў канцэрта, падкрэс-ліваючы ўнікальнасць кожнага калектыву. Артысты прыбылі з розных куткоў нашага раёна.
Права адкрыць праграму было прадастаўлена фальк-лорна-вакальнаму калектыву Кармянскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва “Галасы сэрцаў”, якія даўно набылі прыхільнасць і папулярнасць гледачоў. Характэрна, што ў іх выкананні прагучалі песні не толькі ў музычным суправаджэнні, але і а капэла.

БезымянныйНа сцэне іх змяніў народны вакальны калектыў “Жывыя крыніцы” Ворнаўского сельскага Дома культуры. Адметнай асаблівасцю іх выступлення стала наяўнасць не толькі жаночага, але і мужчынскага вакалу, а таксама прысутнасць у рэпертуары сучасных кампазіцый. А майстар-клас па народных бытавых танцах ад інструментальнага ансамбля “Кармянскія Прымакі” і артыстаў Кармянскага цэнтра культуры і вольнага часу прымусіў усіх прысутных ператварыцца з гледачоў у непасрэдных удзельнікаў музычнага свята. І, што цікава, у тых, хто адважыўся паспрабаваць свае сілы, атрымлівалася проста выдатна. Быць можа, таму, што гэтыя рухі і мелодыі ў крыві ў кожнага беларуса. Народны фальклорны калектыў “Землякі” Баравабудскага сельскага Дома культуры парадаваў выступленнем на роднай мове, чароўнае, іскрыстае і звонкае гучанне якога нікога не пакінула абыякавым. Завяршыўся канцэрт выступленнем фальклорнага ансамбля “Вытокі” Барсукоўскага сельскага дома народных абрадоў і традыцый. Іх песні, прысвечаныя родным людзям, свайму краю, яго прыродзе і прыгажосці, краналі жывыя струны настальгіі ў душах і сэрцах слухачоў.
Творчыя калектывы раёна падарылі кармянцам цудоўнае свята сапраўднай народнай музыкі, блізкай кожнаму, эмацыйнай і разнапланавай. І няхай з нагоды халоднага надвор’я гледачоў было не так шмат, як хацелася б, але тыя, хто ўсё ж пабываў на гэтым канцэрце, запомняць яго надоўга.
Алеся Шуцікава 
Фота аўтара

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"