Да 500-годдзя Францыска Скарыны

У нядзелю, 6 жніўня, спаўняецца 500 год з таго часу, як палачанін Францыск Скарына (каля 1490-1551 гг.) падараваў беларусам і ўсходнім славянам друкаваную кнігу.
Але ці ўсведамляем мы ў поўнай меры велічыню постаці нашага першадрукара, заснавальніка усходнеславянскага кнігадрукавання, асветніка-гуманіста, доктара медыцыны, арыгінальнага мысліцеля, пісьменніка-публіцыста, перакладчыка-паліглота, выдаўца? Са школы мы ведаем пра гэтага чалавека. Але застаюцца і таямніцы. Праўда, апошнім часам адкрываецца шмат новага, раней невядомага.
скоринаБудучы кнігадрукар – яскравы прад-стаўнік свайго часу – эпохі Адраджэння. Яго бацька Лука Скарына быў заможным купцом і вёў вялікія гандлёвыя аперацыі з Вільняй і Рыгай. Назапашаныя купцом сродкі дазволілі атрымаць сыну выдатную адукацыю ў еўрапейскіх універсітэтах. Ф. Скарына двойчы стаў доктарам навук. Спачатку атрымаў у Кракаве ступень бакалаўра – першую вучоную ступень у сярэдневяковых еўрапейскіх універсітэтах. Затым у 1512 г. паспяхова здаў экстэрнам (без навучання) экзамен на званне доктара медыцыны ў Падуанскім універсітэце. Яго партрэт, створаны ў сярэдзіне XX ст., знаходзіцца ў мемарыяльнай зале сярод 40 партрэтаў знакамітых еўрапейскіх вучоных, што выйшлі са сцен Падуанскага універсітэта. Ф. Скарына меў таксама ступень доктара вольных навук, якія вывучаліся ў заходнееўрапейскіх універ-сітэтах.
У Празе на працягу 1517-1519 гг. ён выдаў 23 кнігі Старога Запавету. Пасля пераезду ў Вільню арганізаваў першую ў ВКЛ друкарню, у якой убачылі свет “Малая падарожная кніжыца” (1522 г.) і “Апостал” (1522 г.). Яго асабісты літаратурны талент праявіўся найперш у прадмовах і пасляслоўях да гэтых выданняў.
Ф. Скарына пераклаў Біблію. На думку сучасных даследчыкаў, на старабеларускую мову. І хаця там сустракаюцца царкоўнаславянскія словы, але мова была набліжаная да старабеларускай (“рускай”):
«Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по возъдуху, ведають гнезда своя; рибы, плывающие по морю и в реках чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, – тако же и люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають». Можна з упэўненасцю сказаць, што Скарына стаў першым пісьменнікам, які стала пісаў на старабеларускай мове.
Актуальнае пытанне, ці быў Скарына ўсходнеславянскім першадрукаром? Для нас відавочнае паставіў пад сумненне расійскі даследчык Яўген Неміроўскі. Ён аддае першынство немцу Швайпальту Фіёлю.
Скарына не быў пачынальнікам славянскага кнігадрукавання як такога. Славянскае кнігадрукаванне заклаў немец Швайпальт Фіёль у польскім горадзе Кракаў. Першая кніга Фіёля на царкоўнаславянскай мове выйшла ў 1491 годзе і называлася «Актоіх». Да 1493 году Фіёль выдаў яшчэ тры кніжкі. Вядома, што працы Швайпальта Фіёля перашкаджала каталіцкая герархія Кракава.
У 1494-1995 гадах дзве царкоўна-славянскія кніжкі выйшлі ў чарнагорскім горадзе Цэтыне, а ў 1508, 1510 і 1512 гадах тры – у румынскім горадзе Тыргавіштэ.
Скарына, такім чынам, стаў чацвёртым выдаўцом славянскіх кніг, але першым сярод усходніх славян, які выдаваў друкаваныя тэксты на нацыянальнай мове. Таму для нас Скарына, безумоўна, першы выдавец сярод усходніх славян.
Узнікаюць розныя меркаванні і вакол пытання, ці быў Ф. Скарына гуманістам? Эпоха Рэнесансу пачалася ў Італіі каля 1300 году. Гэтая культура паводле свайго характару і зместу была хрысціянскай. Але не толькі. Асаблівасцю Адраджэння стаў гуманізм або ўвага і павага да чалавека, яго асобы і прыродных правоў. Цэнтр мастацкай увагі паступова перамяшчаецца з Бога на чалавека.
Францішка Скарыну вывучаюць ужо больш за 200 год, і спрэчкі вакол яго поглядаў і спадчыны не сціхаюць. І вось нядаўна нечакана чэшскі гісторык Пэтр Войт заявіў, што Скарына не перакладаў Біблію з класічных моў Святога Пісання – яўрэйскай, арамейскай і грэцкай, не перакладаў іншых антычных аўтараў і г.д., а значыць – і не быў гуманістам.
Вось што на гэта адказвае беларускі філосаф, прафесар Сямён Падокшын:
“Для Скарыны як мысліцеля ха-рактэрная спроба гуманістычнай інтэрпрэтацыі Святога Пісання. У прадмовах ён імкнуўся з дапамогай біблейскіх тэкстаў апраўдаць і абгрунтаваць гуманістычныя ідэі Рэнесансу аб рэлігійнай і маральнай аўтаноміі чалавека, яго годнасці, якая вызначаецца не столькі паходжаннем альбо сацыяльным становішчам, колькі інтэлектуальна-маральнымі дабрачыннасцямі і асабістымі заслугамі”.
У часы Скарыны простыя вернікі Біблію не чыталі, бо добра не ведалі ні царкоўнаславянскай, ні лацінскай моў. А нярэдка гэтых моў не ведалі і святары. Гуманістычны подзвіг Скарыны заключаецца ў тым, што ён першым у нашым народзе зразумеў патрэбу шырокай народнай асветы і пераклаў Біблію на зразумелую мову, прычым не толькі для царкоўных патрэбаў, але і для свецкіх людзей. Пра гэта ён напісаў так: “Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению”.
У сваіх 50 прадмовах і 62 пасляслоўях Скарына выявіў глыбокія гістарычныя веды, прыгожыя і цвёрдыя маральныя прынцыпы. А гэта значыць, што Скарыну з поўным правам можна называць беларускім гуманістам эпохі Адраджэння.
(Працяг тэмы ў наступных нумарах)
Падрыхтаваў В. ВАРГАНАЎ,
настаўнік гісторыі Ворнаўскай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"