Наш каляндар. Жнівень

6080Месяц жнівень у народным календары вызначаецца шматлікімі святамі сельскагаспадарчай тэматыкі. І не дзіва, бо гэта той самы месяц, які «год корміць».
Так у жніўні (радзей з канца ліпеня) спраўляюцца зажынкі і дажынкі – комплексныя абрады, прымеркаваныя да пачатку і заканчэнню ўборкі палёў. Дажыначны сноп – сімвал свята – будзе стаяць на покуце да наступнага года.
2 жніўня (20 ліпеня па грыгарыянскім календары) адзначаўся Ілля (Галляш). Апякун земляробства, які ўспрымаецца як канец лета: “Прыйшоў Пятрок – сарваў лісток, прыйшоў Ілля – сарваў два”, “Ілля нарабіў гнілля”, “На Іллю да абеда лета, а пасля абеда восень”.
14 жніўня (1.08) Макавей (Макава, Макаўе, Першы Спас, Спас Мядовік, Медзяны Спас). Свята маку і мёду. На яго праводзілі абрады з макам, ужывалі ў ежу, рабілі варэнікі з мёдам. Асвячалі ваду, зёлкі, садовыя кветкі, моркву, сланечнік. Елі пірагі з макам і моркваю. Ведалі: на Макавея трэба ўволю наесціся маку. Варажылі: “Макавею, Макавею, я на цябе канапелькі сею. Скажы мне, Макавею, дзе мая пара, каб я з ім у гэтую ноч канапельку брала”. Пчалаводы правяралі пчол, “макалі ў мёд нажы”. Існавалі прыкметы: “Як на Юр’я дождж – будзе рыбы многа, а на Макава – будзе многа грыбоў”. Мядовы Спас – найперш свята пчаляроў. Лічылася, што калi пчаляр у гэты дзень не асвецiць крыху мёду ў царкве, то суседскiя пчолы «выцягнуць» у яго ўвесь мёд. Казалі таксама, што той, хто нарадзiўся ў гэты дзень, будзе добрым пчаляром.
Поле і агарод ужо ладна-такі кармілі сялянскую сям’ю, і другая палова жніўня, нягледзячы на двухтыднёвы пост, які пачынаўся з гэтага дня, празвана была “спасаўкай-ласаўкай”. Раней бытаваў звычай напярэдадні першага Спаса варыць столькі яек, колькі ў двары мужчын. Разбіўшы яйкі, прыглядаліся: у каго паўнейшае – таму наканавана засяваць жыта, каб атрымаўся поўны ўраджай. Звычай аб’яднаў два сімвалы: яйка (зараджэнне новага жыцця) і паўнату (увасабленне дабрабыту, багацця). Шчасліўцу, у якога абодва сімвалы сышліся, нібы даравалася дабратворнасць, і ён мусіў перанесці яе на агульную ніву ў час сяўбы. Першы Спас зваўся ў народзе таксама Макавей, Макаўе. Кожнай гаспадыні трэба было прыгатаваць хоць бы адну страву, якую можна мачаць, – бліны, сачні з «пражанінай» ці з селядцовай жыжкай; пчаляры здабывалі мёд, каб мачаць у яго агуркі і хлеб. На Макавея падкопвалі маладую бульбу і па ёй меркавалі пра ўвесь будучы ўраджай; паспявае мак, шпакі і гракі збіраюцца ў агароды.
136552854_basketfruitplumappleplumfloralcompositionpearУ жніўні, але пераважна на Спасаўку, павінна прайсці так званая “Рабінавая ноч” ці “Вераб’іная ноч”. На працягу яе грымоты сатрасаюць неба, грозна бліскаюць маланкі, лье праліўны дождж, дзьме вецер. Згодна з народнымі павер’ямі, у гэту ноч з пекла на свет выходзяць усе злыя сілы, якія нібы спраўляюць сваё галоўнае гадавое свята і страшаць хрышчоных людзей. Паводле іншых меркаванняў, у гэту ноч усе сілы прыроды ядналіся, каб знішчыць “нячыстую сілу”, што пасля Купалля распладзілася за лета і шкодзіла людзям. Забіты ці пакалечаны перуном у “Рабінавую ноч” лічыўся чараўніком. На Палессі гаварылі, што ад такой моцнай буры рабчыкі разляталіся па ўсім лесе і да самага такавання жылі па аднаму. Пераконвалі, што неспакойная ноч патрэбна для выспявання ягад на рабіне. Калі ж ягады не спелі — чакалі благога заканчэння лета і халоднай восені.
15 жніўня (2.08) Прачыстая-каталіцкая (Першая Прачыстая, Першы святок, Зельная). У каталіцкім календары – Унебаўзяцце (Успенне) Божай Маці (уведзена ў VІІ стагоддзі). Існуе шмат прыказак і прыкмет на гэты дзень: “Прыйшла Прачыста – стала поле чыста”, “Зельная Божая Маці ўсяго можа нам даці”, “Да святка араць – лішнюю капу нажаць”, “Прачыстая прынясе хлеба чыстага”, “Першы Святок і першы світок”. Свецяць зёлкі, кветкі, садавіну, збожжа, што лічацца гаючымі і аберагаючымі.
19 жніўня (6.08) Яблычны Спас (Спас, Другі Спас, Вялікі Спас, Сярэдні Спас). Свята садавіны. Асвячаюць у царкве яблыкі, пасля чаго іх дазвалялася есці (яны лічыліся грэшнымі пладамі). Згодна Бібліі, змей-спакушальнік праз яблык зрабіў грэшнай Еву. Таму першыя плады неабходна было асвяціць. Асвячалі таксама мёд, каласкі новага ўраджаю. Прыказка нагадвала: “Спас – усяму час”. Пачыналі сеяць азіміну. Наогул лічыцца, што ўжо скончылася лета: “Першы і Другі Спас – бяры рукавіцы ў запас”.
23 жнiўня Дзень Лаўрына. У гэты дзень глядзелi на ваду ў рэках i азёрах: калi вада цiхая, не хвалюецца, то восень абяцае быць цiхай, лагоднай. Збожжа з поля звезена, а ў селянiна шмат iншых клопатаў, i адзiн з iх – як змалоць збожжа новага ўраджаю на муку: “На Лаўрына спяшайся да млына”.
25 жнiўня Фоцiй. Казалi, што пачынаецца так званы чарвiвы тыдзень, i пасеянае ў гэты час збожжа дае чарвiвую муку. Прыводзiлi ў парадак свiрны, клецi, гарышчы.
27 жнiўня Дзень Мiхея-цiхавея. У народзе казалi: калi на Мiхея вятры моцныя, то чакай непагадзi ў вераснi. Калi ж дзень выдаўся гарачым, то зiма будзе марозная. У гэты дзень паляцелi ў вырай жураўлi – то ў сярэдзiне кастрычнiка чакаецца мароз, а не – зiма прыйдзе пазней.
28 жніўня (15.08) Прачыстая-праваслаўная (Успенне, Багародзіца, Першая Прачыстая, Вялікая Прачыстая, Гаспажа, Зялёная, Зельная). Свята ўраджаю і падрыхтоўкі да сяўбы. Асвячалі “бараду” – апошні снапок, зернем якога пасля Прачыстай пачыналі засеўкі, а таксама зёлкі і гародніну.
Вядомы прыказкі: “Прыйшла Прачыстая – стала поле чыстае”, “Прачыста – сяўба чыста, а касьба не чыста”. Менш распаўсюджаны наступныя: “Гаспажа – хлеба дзяжа”, “Надышло Успенне – цягні бульбу за карэнне”.
Хрысціянская царква адзначае Дзень смерці – Успенне Прасвятой Уладаркі нашай Багародзіцы і Прыснадзевы Марыі, душу якой без пакут прыняў у царства нябеснае Гасподзь Ісус.
29 жніўня (16.08) Трэці Спас (Малы Спас, Хлебны Спас, Арэхавы Спас). Адно са свят хлеба. Шмат дзе спраўлялі дажынкі – свята канца жніва. Канец жніва і змена надвор’я адлюстраваны ў прыказках: “Трэці Спас хлеба прыпас”, “Па Трэцім Спасе трымай рукавіцы ў запасе”.

Падрыхтаваў В. Варганаў, настаўнік гісторыі Ворнаўскай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"