Чым жыла Кармяншчына

2 сакавіка 1958 года – адбыўся агульны сход калгаснікаў сельгасарцелей імя Варашылава і імя Лепяшынскага, на якім хлебаробы аднагалосна рашылі аб’яднацца ў адзін калгас імя Лепяшынскага. На сходзе прысутнічаў першы сакратар РК КПБ таварыш Каваленка А.Я., які расказаў калгаснікам аб вялікім значэнні аб’яднання.
19 сакавіка 1958 года – па ініцыятыве райкома камсамола ў памяшканні раённага Дома культуры адбыўся злёт маладых кукурузаводаў раёна.
23 сакавіка 1958 года – паляпшаецца матэрыяльны дабрабыт і культура калгаснікаў сельгасарцелі “Кастрычнік”. У мінулым годзе лямпачкі Ільіча загарэліся ў дамах хлебаробаў, а ў гэтым – загаварыла радыё ў вёсцы Лебядзёўка. Хутка будуць радыёфікаваны і астатнія населеныя пункты сельгасарцелі.
5 сакавіка 1968 года – у райцэнтры ўрачыста праводзілі зіму. На святочна ўпрыгожаным стадыёне сабраліся людзі розных узростаў, каб паглядзець на выступленне самадзейных артыстаў, пакатацца на тройках, павесяліцца. Асабліва вялікае ўражанне зрабіў на прысутных герой казкі Ямеля, які прыехаў на свята на печы.
16 сакавіка 1978 года – калектыў навучэнцаў і выкладчыкаў Кармянскай музычнай школы выступіў з канцэртам перад працоўнымі горада Чачэрска. У ім прынялі ўдзел больш за 70 чалавек. Вялікім поспехам карысталіся ў гледачоў выступленні духавога аркестра, ансамбля баяністаў, вакальных ансамбляў.
5 сакавіка 1988 года – калектыў трыкатажнага атэлье паспяхова выканаў вытворчае заданне двух месяцаў. Зараз работнікі рыхтуюцца да вясенне-летняга сезону. Вязальшчыцы Валянціна Фёдараўна Жлоба, Людміла Мікалаеўна Кузьмянкова і Ніна Пятроўна Мядзведзева распрацавалі новыя мадэлі жаночых сукенак і мужчынскіх джэмпераў.
18 сакавіка 1998 года – у Стараградскім СДК прайшло цікавае і даволі папулярнае мерапрыемства-конкурс “Міс Стараград”. У ім прынялі ўдзел вучаніцы старэйшых класаў Задубскай СШ. Тытулам “Міс Стараград” узнагароджана Ірына Міхальчанка.
Кармянская цэнтральная
бібліятэка

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"