Чароўная ночка купальская

У разгар лета ў Беларусі адзначаюць Купалле – адно з найстарадаўнейшых народных свят, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі.

Яно насычана прыгожымі язычніцкімі звычаямі. Сутнасць засталася некранутай да нашых дзён. Увасабленнем былі ачышчальныя вогнішчы. Сёння згодна з календаром свята адзначаюць у ноч з 6 на 7 ліпеня.
З Купаллем звязана шмат дзіўных легенд і паданняў. У народзе верылі, што ў гэту ноч рэкі свецяцца асаблівым нерэальным святлом, а ў іх водах купаюцца душы памерлых у абліччы русалак. Па зямлі ходзяць ведзьмы, чарадзеі і духі, якія імкнуцца нашкодзіць чалавеку, расліны і жывёлы размаўляюць, а сонца на золку «гуляе».
Убачыць гэтыя цуды, зразумець мову звяроў і птушак можна з дапамогай кветкі папараці,  якая зацвітае, згодна з павер’ямі, усяго на імгненне раз у год. Яна давала незвычайную здольнасць бачыць будучыню і знаходзіць усе схаваныя скарбы свету, але раздабыць яе мог толькі вельмі смелы чалавек. Пошук «папараць-кветкі» – адзін з самых таямнічых рытуалаў купальскай ночы. А яшчэ дзяўчаты апускаюць у ваду рэчкі, або возера вяночкі і глядзяць куды які паплыве, з той старонкі і суджаны будзе. Наогул у гэтае свята могуць здарыцца розныя цуды. А якія? Гэта ўжо ад нас саміх залежыць. Напрыклад, іх можна ўбачыць у аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. Тут штогод праходзіць поўнамаштабнае свята, якое зачаруе любога. З’ездзіце, падзівіцеся самі. Са святам!

Віктар Ільюшчанка  Фота Таццяны Яроменка

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"