Ад добрых спраў да добрых навін

Кажуць, што панядзелак – дзень цяжкі. Але толькі не для нас – прыгожай
паловы рэдакцыі газеты “Зара над Сожам”! Гэта лета мы вырашылі завяршыць своеасабліва: 23 жніўня жаночая палова нашага невялікага калектыву стала часткай грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, стварыўшы ў сябе яе пярвічную агранізацыю. Лідэрам “пярвічкі” стала Алена Лешчанок – галоўны рэдактар газеты. Яна расказвае:
– Да такога рашэння мы з калегамі прыйшлі нечакана. Пастаянна знаходзячыся ў цэнтры падзей раёна, апісваючы добрыя справы, якія здараюцца навокал, мы захацелі стаць датычнымі да іх, але не стыхійна, а шляхам уваходжання ў самую добрую, на наш погляд, і блізкую нам па духу арганізацыю. Мне радасна, што дзяўчаты падтрымалі маю прапанову. Упэўнена, што агульных сіл хопіць не толькі на асноўную работу, але і на грамадскую дзейнасць. Тым больш, што у гэтым годзе ў нашай газеце з’явіўся своеасаблівы дэвіз: “Ад добрых спраў да добрых навін”. Асабліва сімвалічна гэта зараз – у Год народнага адзінства. У нас ёсць пэўны план нашай будучай работы, аб яго здзяйсненні мы абавязкова будзем расказваць на старонках раённай газеты.
Павіншаваць аднадумніц прыйшла старшыня раённага аб’яднання “БСЖ” Вольга Захарэнка. Вольга Анатольеўна ўпэўнена ў тым, што наша імкненне стане выдатным прыкладам для іншых арганізацый і пажадала нам творчых поспехаў, выказала надзею на цеснае і плённае супрацоўніцтва. І мы ўпэўнены, што ў нас усё абавязкова атрымаецца!

Таццяна Кулакова

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"